Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, звярнулася да рэктара БДУ Андрэя Караля, піша «Позірк».
Ліцэй БДУ. Фота: wikipedia.org
«Ва ўсіх сэнсах надзвычайным» назвала прапанову прысвоіць ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.
Паводле яе слоў, гэтая ініцыятыва сведчыць пра намер уладаў «узмацняць неататалітарную ідэалогію ў адукацыі і падпарадкоўваць усе адукацыйныя інстытуты інтарэсам сек’юрызацыі».
«Вельмі паказальна, што імя заснавальніка ВЧК прапануецца прысвоіць менавіта ліцэю БДУ. Да 2020 года ліцэй заставаўся самай перадавой навучальнай установай краіны — у тым ліку таму, што быў самым свабодным ад кантролю розных дзяржінстанцый», — адзначыла Шчытцова.
«Шматгадовая атмасфера інтэлектуальнай свабоды, крэатыўнасці і ўзаемнай павагі паміж ліцэістамі, выкладчыкамі і адміністрацыяй», падкрэсліла яна, зрабіла гэтую навучальную ўстанову «сапраўды ўнікальнай».
«Каб пакласці канец гэтай традыцыі, у ліцэі пасля 2020-га паслядоўна звальнялі педагогаў, некалькі разоў мянялі кіраўнікоў, пакуль, нарэшце, не знайшлі «жалезнае рашэнне» — прызначыць дырэктара з чэкісцкім бэкграўндам», — сказала дарадца Ціханоўскай.
Такім чынам, на яе думку, рэжым шле цынічна-катэгарычны мэсэдж: «Тое, што раней асацыявалася са свабодай, цяпер будзе асацыявацца з заснавальнікам ВЧК». «А значыць, і з інстытуцыяй, якая паклала пачатак доўгай традыцыі арганізаванага дзяржаўнага тэрору ў СССР — ад ВЧК праз НКУС да КДБ, — удакладніла Шчытцова. — Адпаведна, гэта адначасова і мэсэдж падтрымкі цяперашнім органам бяспекі, у кабінетах якіх дагэтуль вісіць партрэт Фелікса Эдмундавіча».
«У тактычным плане ініцыятыва [дырэктара ліцэя Таццяны] Мамчыц, здаецца, мае цалкам пэўную практычную мэту — праверку на «жалезнасць» цяперашняга рэктара БДУ [Андрэя Караля]», — лічыць дарадца Ціханоўскай, бо яму трэба будзе разгледзець прапанову, у найлепшых традыцыях КДБ аформленую ў выглядзе «калектыўнага звароту».
«Мяркую, гэта сур’ёзны маральны выклік для доктара педагагічных навук, чалавека, які вывучаў і прасоўваў дыялагічны метад у навучанні і які 14 жніўня 2020 года паабяцаў не адлічваць студэнтаў і не звальняць выкладчыкаў за ўдзел у пратэсных акцыях. З тых часоў Кароль праходзіць складаныя этапы прарэжымнай загартоўкі. Што ж, менавіта так гартуецца «чэкісцкая сталь», а надзвычайнае становішча заўсёды патрабуе надзвычайных мер», — сказала Шчытцова.
«Пасля таго, як вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?» — задала «паважанаму спадару рэктару» «чыста тэарэтычнае пытанне» дарадца дэмлідаркі.
14 сакавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дырэктар Ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэя з прапановай прысвоіць навучальнай установе імя «выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі» Фелікса Дзяржынскага.
Мамчыц заняла пасаду дырэктара адной з самых прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў Беларусі ў верасні 2023 года. Паводле звестак незалежных СМІ, раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі, які рыхтуе кадры для КДБ.
У Ліцэі БДУ дзеці вучацца ў 10 і 11 класах, пры паступленні ва ўстанову з года ў год вельмі высокі конкурс.
У ліцэі навучаюцца па профілях. Маюцца гуманітарны («Беларуская філалогія»), філалагічны («Руская філалогія»), гісторыка-грамадазнаўчы, грамадазнаўчы, эканамічны, геаграфічны, біялагічны, хімічны, матэматычны, інфарматыка-матэматычны, інфарматыка-фізічны, фізічны профілі.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у гэтай навучальнай установе павінен быў пачаць вучыцца ў 2020 годзе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Лукашэнка пасля заканчэння 9 класаў Астрашыцкай сярэдняй школы. СМІ паведамлялі, што ён паспяхова здаў экзамены і быў залічаны на біялагічны профіль, аднак да заняткаў не прыступіў. Пазней стала вядома, што ён вучыўся ў закрытай прыватнай школе, а затым з’ехаў у Кітай атрымліваць вышэйшую адукацыю.
Фелікс Дзяржынскі (1877-1926) — ураджэнец Беларусі (Дзяржынава, Мінская вобласць). Заснавальнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі, якая пасля ператваралася ў АДПУ, НКУС, КДБ.
Да кастрычніка 1917 года Дзяржынскага неаднаразова арыштоўвалі, агулам ён правёў 11 гадоў у турмах і на катарзе, дзе захварэў на сухоты.
Апублікаваныя лісты Дзяржынскага, у якіх ён тлумачыць сваю жорсткасць у дачыненні да ворагаў рэвалюцыі, за што атрымаў мянушку «Жалезны Фелікс».
Дзяржынскі прызнаваўся ў лістах жонцы, што «для многіх няма імя страшней», чым ён, называў сябе «салдатам рэвалюцыі».
У Беларусі ёсць горад Дзяржынск, які з’яўляецца раённым цэнтрам (Мінская вобласць). У Мінску яго імем названы праспект, помнік Дзяржынскаму ў сталіцы знаходзіцца ў скверы насупраць будынка КДБ.
У Дзяржынаве працуе музей-сядзіба яго сям’і.