З цэнтра Мінска дакладна на поўнач вядзе вуліца пад назовам Даўгінаўскі тракт, якая за кальцавой дарогай плаўна пераходзіць у шашу Р58. У сваю чаргу гэтая шаша зьяўляецца мадэрнізаваным і значна шырэйшым гістарычным Даўгінаўскім трактам. Гэтая новая шаша ўвабрала ў сябе 50 км старой дарогі, піша Анатоль Варава для planetabelarus.by. А разам з кіламетрамі да яе перайшлі славутасьці і, натуральна, успаміны пра чатыры стагоддзі гісторыі тракта...
Да Даўгінаўскага тракту прытулілася вадасховішча Вяча
Паперня
Тут у пачатку ХІХ стагоддзя на рацэ Вяча быў пабудаваны папяровы млын, іначай кажучы — «паперня», на якой паўсаматужным чынам рабілі паперу, ад чаго і паселішча атрымала такую назву. Пасьля паперню замяніў тартак, які працаваў ад таго ж вадзянога кола, якое круцілі воды ракі Вячы. Тройчы ў год праводзіліся ў Паперні шумныя фэсты, а ля сьхілу ў абалону ракі стаяла каменная карчма — адна са шматлікіх на Даўгінаўскім тракце.
Вадасховішча Вяча
У 1970 гадах на Вячы, уверсе ад Паперні, было створана аднайменнае вадасховішча плошчай амаль у 170 га. Дасягаючы вадаёма, рака робіць пятлю і ўтварае жывапісную абалону. Рачная даліна, лугі, лесапарк маюць шмат прыгожых краявідаў. Аматары прыроды і рыбакі высока ацэньваюць гэтыя вабныя ландшафты і ахвотна прыязджаюць сюды ў кожную пару года.
А на паўночна-усходнім беразе вадасховішча, прыкрытая векавым хваёвым борам, захавалася частка парку былога фальварка Казіміраўка, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя набыў адстаўны генерал-лейтэнант, апякун Віленскага і Менскага вучэбных акругаў, а пазьней дырэктар Менскага рэальнага вучылішча Іван Самойла.
Уладзімер Самойла (1878–1941)
Яго сын, Уладзімер Самойла, рыхтаваў Янку Купалу, тады яшчэ Яна Луцэвіча, для паступленьня ў рэальнае вучылішча. І хоць «нічога з гэтага не выйшла», як узгадваў пазьней паэт, аднак дружба паміж Уладзімерам Самойлам і Янкам Купалам адыграла ў лёсе апошняга немалаважную ролю. У траўні 1905 года пры самым блізкім удзеле Самойлы ў газэце «Северо-Западный край» быў надрукаваны купалаўскі «Мужык» — твор, які па-сутнасьці стаў першым словам будучага народнага песьняра ў сучаснай беларускай літаратуры.
Шэфства Самойлы над маладым паэтам прадоўжылася і пазьней, калі ў 1905 годзе ён пераслаў вершы Купалы ў Пецярбург Браніславу Эпімах-Шыпілу — вядомаму дзеячу беларускай культруры, аднаму з арганізатараў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Праз два гады ў гэтым выдавецтве выйдзе першая кніга Купалы «Жалейка» Высокую адзнаку гэтай кнігі Уладзімер Самойла даў у сваёй рэцэнзіі на старонках газэты «Наша Ніва», дзе назваў вершы Купалы «люстэркам, у якім сьвеціцца душа беларуса».
Ландшафтны заказнік «Купалаўскі»
Але вось засталася ззаду Казіміраўка на Вячы, і шаша выводзіць нас да вёскі Лускава — яна знаходзіцца ля скрыжаваньня двух старых шляхоў — Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў. Рухаючыся па Даўгінаўскаму, хутка апынемся на тэрыторыі ландшафтнага заказьніка «Купалаўскі», створанага ў 2000 годзе.
Ландшафтны заказнік «Купалаўскі»
Ён названы гэтак зусім не выпадкова, бо ўтрымлівае ў сябе тыя мясьціны, дзе «вандравала» ад хутара да хутара сям’я беззямельнага арандатара-«палавіньніка» Дамініка Луцэвіча са старэйшым сынам і першым памочнікам бацьку — Янам. Пазбаўлены магчымасьці атрымаць сістэмную адукацыю, Купала потым напіша ў аўтабіяграфічных нататках: «Нястача прымусіла мяне ўзяцца за іншую навуку, а менавіта чытаць сумную кнігу памешчыцкай ральлі і пісаць смутную аповесьць свайго гора сахою ды касой».
Янка Купала
Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч памёр у 1902 годзе, калі Яну ішоў 20-ты год. Будучы паэт прыняў на сябе ўсе клопаты аб родных, аднак неўзабаве адмовіцца ад арэнды зямлі, будзе працаваць хатнім настаўнікам, пісарам у судовага сьледчага ў Радашковічах, на памешчыцкіх броварах, а потым паедзе ў Вільню і пачне супрацоўніцтва з газэтай «Наша Ніва», ступіць на іншую дарогу жыцьця. Але сюды, у родны куток, ён будзе вяртацца зноў і зноў. Часта прыдзецца яму праязджаць па Даўгінаўскім тракце, якому ў 1926 годзе ён прысьвеціць свой верш «Па Даўгінаўскім гасьцінцы»:
Знаёмы гэты мне шлях родны —
Даўгiнаўскi вядомы шлях!
Якi нёс годных i нягодных
На векавых сваiх плячах.
Літаратурны музей «Акопы» адчынены ў 1992 годзе
Акопы
У біяграфію паэта асабліва трывала ўвайшоў фальварак Акопы, які знаходзіўся ля Даўгінаўскага тракту, непадалёк ад Лысай Гары, якая разьмяшчаецца ў пяці кіламетрах ад шашы. У Акопах Купала стварыў каля 70 лепшых сваіх твораў: драму «Раськіданае гняздо», вадэвіль «Прымакі», знакамітую «Паўлінку» ; у Акопах жа былі напісаны паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», шматлікія вершы. Пачутыя ім тут легенды, песьні, сама прырода гэтага ляснога, у пагорках, лагойскага краю па-свойму пераламляліся, адлюстроўваліся ў яго творчасьці.
У фальварку Акопы
Паэтычная калыска народнага песьняра — Акопы адзначаны сёньня на літаратурнай мапе Беларусі музеем Янкі Купалы. Дакладней кажучы, Акопы — гэта і прыродны экспанат пад адкрытым небам, і адначасова экспанат музея «Акопы», разьмешчанага паблізу былога фальварка ў вёсцы Харужынцы.
Янка Купала ў фальварку «Акопы»
Жукаўка— Карпілаўка
А між тым Даўгінаўскі тракт прывёў нас у Жукаўку, за якой на пустым месцы стаяла даўней вялікая карчма, так і названая — «Пустка». Тут праходзіла савецка-польская дзяржаўная мяжа, якая ў 1921 годзе падзяліла Беларусь на дзьве часткі і ў трох месцах перарэзала Даўгінаўскі тракт.
Царква Пятра і Паўла ў Жукаўцы
За Жукаўкай да тракту ціснулася вёска Карпілаўка, побач зь якой раней разьмяшчалася аднайменная сядзіба пісьменьніка і журналіста Антона Лявіцкага (1869 — 1922), вядомага пад загадкавым псеўданімам Ядзьвігін Ш.
Антон Лявіцкі
Купала зблізіўся з гэтым самабытным літаратарам, якога лічыў «вельмі цікавым і дасьціпным суразмоўцам».
Фрагмент сядзібы Ядвігіна Ш.
У Карпілаўку Антон Лявіцкі пераехаў са сваёю сям’ёй у 1897 годзе. На месцы ранейшай сядзібы, якую пісьменьнік абагаўляў, усталяваны мемарыяльны камень.
Да нашых дзён ацалелі толькі фрагменты старога парку з крыніцай і каржакаватым дубам ды ліпавая алея, якая калісьці абкружала вялікі сад...
27 траўня 1910 года гэты нястомны чалавек пачаў з Вільні пешы пераход, які доўжыўся чатыры месяцы. Пераадолеўшы больш за 400 км, Ядзьвігін Ш. дабраўся да роднай Карпілаўкі, наведаў дзясяткі вёсак, хутараў, мястэчкаў і перадаў свае ўражаньні ад убачанага, якія перамяжоўваюцца з успамінамі пра мінуўшчыну, у нарысах пад назовам «Лісты з дарогі», якія былі апублікаваныя ў «Нашай Ніве». У рэдакцыі гэтай газэты, што выходзіла ў Вільні ў 1906 — 1915 гадах і сабрала вакол сябе лепшыя літаратурныя сілы нацыянальнага Адраджэньня, Антон Лявіцкі пэўны час працаваў сакратаром і загадчыкам літаратурнага аддзелу.
Пасьля Карпілаўкі стары тракт ля вёскі Лукавец разьвітваецца з сучаснай шашой Р58. Адсюль да былога жвавага мястэчка, а сёньня аграгарадка Даўгінава, застаецца 40 км. І на гэтым адрэзку свайго шляху Даўгінаўскі тракт можа распавесьці вандроўніку яшчэ шмат цікавага і павучальнага, пра што ён да сёньня захоўвае трапяткія ўспаміны.