Выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Баркоўскі пракаментаваў сітуацыю з пагрозай прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Генеральная пракуратура Беларусі пагражае статусам «экстрэмісцкай арганізацыі» Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, які з 2004 года працуе ў Вільні і пазіцыянуецца як «універсітэт у выгнанні». Прычына — нібыта «прасоўванне ідэі еўрапейскасці» і выкарыстанне ўніверсітэта «спецслужбамі сумежных краін» для шкоды інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах.
«Такі крок цалкам укладваецца ў агульную логіку сістэмных рэпрэсій супраць незалежнай адукацыі, асабліва вышэйшай і постдыпломнай. У студзені 2024 года «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі Вольны беларускі ўніверсітэт, а ў ліпені — «Беларускую акадэмію» пры Школе менеджарскіх кадраў у Коніне. Гэта быў першы прэцэдэнт абвінавачання ў экстрэмізме заходняй акадэмічнай установы.
Нюанс справы ЕГУ ў тым, што яму пагражаюць статусам «экстрэмісцкай арганізацыі», а не «фарміравання», што, паводле спецслужбаў, не прадугледжвае пераследу асоб, якія раней мелі стасункі з установай. Гэты «клопат» лёгка растлумачыць: нават цяпер у ЕГУ навучаюцца дзеці беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, а за 30 гадоў праз яго прайшлі сотні сваякоў наменклатуры.
Нягледзячы на дэклараваную нелюбоў да Еўропы, адукацыю сваім блізкім беларускія чыноўнікі і прапагандысты аддаюць перавагу ладзіць менавіта па-еўрапейску — дэманструючы відавочныя падвойныя стандарты.
Аднак гэта не гарантуе абароны ад пераследу: заканадаўства ў Беларусі выкарыстоўваецца выбарачна, і любыя кантакты з ЕГУ могуць быць патэнцыйна небяспечнымі.
Факт, што «ўлады» баяцца незалежнай адукацыі і мыслення, сведчыць пра страту адукацыйнай самастойнасці краіны.
Сёння Беларусь усё больш залежыць ад расійскай адукацыйнай мадэлі і перастае быць нацыянальнай, тым больш — еўрапейскай. Рост выключных кантактаў з універсітэтамі Расіі і Кітая — гэта курс на ізаляцыю і арыентацыю на перыферыйныя каланіяльныя ўзоры», — адзначыў Павел Баркоўскі.