Дэвід Сарноў: Беларускі медыйшчык у ЗША

Ці глядзелі вы тэлесерыял «Каломба»? А ці ведаеце, што яго зняла амерыканская кампанія NBC? А што заснавальнік NBC — беларус з Пухавіцкага раёна?


Марконі і «Тытанік»

Дэвід Сарноў — бізнесовец і адзін з заснавальнікаў сістэмы радыё- і тэлевяшчання ЗША — нарадзіўся ў вёсцы Узляны (Мінская вобласць). У пачатку ХХ стагоддзя ён з бацькамі эміграваў у ЗША, дзе першы час падпрацоўваў прадаўцом газет, рассыльным тэлеграфнай кампаніі, а пазней трапіў на працу ў кампанію «Marconi Wireless Telegraph Company of America», якую стварыў вынаходнік радыё і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Гульельма Марконі (з якім, дарэчы, ён пазней завёў блізкае знаёмства).

Менавіта падчас працы ў кампаніі Марконі здымак Сарнова ўпершыню з’явіўся амаль ва ўсіх СМІ ЗША. Гэта адбылося ў сувязі з крушэннем «Тытаніка». У ноч сутыкнення «Тытаніка» з айсбергам Сарноў як сувязіст першым выпадкова атрымаў сігнал пра гэтае здарэнне і цягам наступных трох дзён інфармаваў увесь свет пра трагічнае развіццё падзей. Пазнейшы закон Кангрэса ЗША пра неабходнасць абсталяваць судны радыёапаратурай і рост колькасці радыёкарыстальнікаў сярод грамадзян краіны падштурхнулі імклівае развіццё сферы, у якой працаваў Дэвід Сарноў.

Сарноў і тытанік.jpg

Дэвід Сарноў за працай

NBC

У 1919 годзе General Electric — кампанія, якую заснаваў Томас Эдысан — выкупае акцыі American Marconi і стварае Radio Corporation of America (RCA). У RCA Сарноў пачынае з пасады камерцыйнага кіраўніка, становіцца генеральным менеджарам, а ўрэшце і прэзідэнтам кампаніі. Пазней пад ягоным кіраўніцтвам ствараецца і National Broadcasting Company (NBC), у якой ён заняў пасаду старшыні праўлення.

Акрамя таго, што Сарноў зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё радыё і тэлебачання ў ЗША (і лічыцца фактычна бацькам амерыканскай тэлевізійнай сістэмы), варта адзначыць, што ён таксама абгрунтаваў неабходнасць стварэння радыё «Голас Амерыкі», з мэтай вядзення ідэалагічнай барацьбы супраць таталітарных рэжымаў.

Сям'я Сарновых.jpg

Сям’я Сарновых

Дзесяць прэзідэнтаў ЗША

У даволі маладым узросце Дэвід Сарноў здолеў дасягнуць вялікага ўзроўню кампетэнтнасці і аўтарытэтнасці, дзякуючы чаму яшчэ ў 30 гадоў ён стаў дарадцам прэзідэнта ЗША Вудра Вільсана. Беларус з Узлянаў займаў гэтую пасаду і за наступнымі дзевяццю прэзідэнтамі, у тым ліку Гербертам Гуверам, Франклінам Рузвельтам, Гары Трумэнам і Дуайтам Эзенхаўэрам.

У 1941 годзе, пасля нападу Японіі на Пёрл-Харбар, Сарноў паведаміў прэзідэнту Рузвельту пра гатоўнасць супрацоўнікаў і абсталявання да вайны. Падчас Другой сусветнай ён атрымаў званне брыгаднага генерала войскаў сувязі і трапіў у Еўропу, дзе арганізоўваў сістэму радыёкамунікацыі, займаўся радыёзабеспячэннем высадкі амерыканскіх войскаў, радыёпрапаганды на акупаваных тэрыторыях, а таксама забяспечыў сувязь Белага дома з кіраўнікамі саюзнікаў.

Цікава таксама адзначыць, што значна пазней — у другой палове ХХ стагоддзя — менавіта Сарноў прапанаваў ідэю правядзення перамоваў дзяржаўных лідараў праз перадачу сігналу на спадарожнік.

preview_DS_1962_color.jpg

Ракфелер

Дэвід Сарноў атрымаў амерыканскі ордэн Легіёна пашаны, медаль «За заслугі», стаў чальцом Нацыянальнага інстытута сацыяльных навук Брытанскага каралеўскага таварыства, ганаровым доктарам Калумбійскага і Нью-ёркскага ўніверсітэтаў. Па выхадзе на пенсію ягоным пераемнікам стаў старэйшы сын Роберт Сарноў, які ў 1965 годзе заняў пасаду прэзідэнта кампаніі RCA (а дагэтуль знаходзіўся на пасадзе віцэ-прэзідэнта NBC).

На пахаванні Дэвіда Сарнова, які памёр ва ўзросце 80-ці гадоў, прысутнічаў губернатар штата Нью-Ёрк Нэльсан Ракфелер, які сказаў пра Сарнова: «Ягоны геній заключаўся ў здольнасці глядзець на тое ж, на што глядзяць іншыя, але бачыць больш».

Кірыл Стаселька, budzma.by



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!