• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
19.07.2017 | Cult Fiction

Дэвід Боўі і ўсе спарахнелыя чувакі

Мне чатырнаццаць. Савецкае мінскае лета 1972-га – таму школка не турбуе. І можна дачакацца сыходу бацькоў, каб урубіць на ўсю нашую двухпакаёўку грувасткі маг “Камета”. І папаўзе праз галоўкі магнітная стужка з нарэзкай пшэбояў польскага радыё – бо скуль яшчэ мінскаму смаркачу было атрымаць дазняк рок-н-ролу? З радыёхваляў Programu Trzeciego сцягвалася ўсё запар, часам па кавалках, каб потым разбірацца: вось гэта “паплы”, а тут – “Юрая Хіп”, а гэта ўвогуле “Манга Джэры”. Дыскрэтная меламанія рабіла з цябе аматара выпадковага плэйліста і ананімных міксаў. Лавілі наўскід кідкі гітарны хук і шурпаты вакал. Каб часам толькі цяпер, са спазненнем, даведацца, што гэта было. Што тады, спякотным летам, зачапіла назаўжды. 28 ліпеня 1972 года гурт Mott The Hoople выдаў свой найлепшы cінгл, гімн нястомных абібокаў “All The Young Dudes”.

Будоўля імперыяў нараджае герояў, заняпад – чувакоў.

Глабальная страта арыентацыі ў часе й прасторы падмяняе тапаграфію харэаграфіяй. Замест эпасу трапляеш у вулічны тэатр. Найлепшымі медыямі робяцца свойскія размоўкі ні аб чым. Вышыня абцасаў і адценне кашулі – нагодай для задуменнай дыскусіі. Малюнак руху ды колер фрызуры кажуць больш за ўсіх ідэолагаў ды правадыроў. Як там у “Мотаў”: “Навошта ТБ, калі ёсць Т.Rex?”. Паміж багаццем і кар’ерай чувакі абіраюць гітарны ўгар ды чорны півас. Ну і яшчэ чырвоны ліпстык.

Чувакі шпацыруюць насуперак разлінаванай прасторы грамадскага парадку. Нібыта нікчэмныя. Нібыта пустыя. Насамрэч – здольныя вылічыць і пазначыць пустэчу наваколля. Дзе адзіная сапраўдная рэч – яны самі. А адзіны бясспрэчны факт – працягласць улюбёнага трэку. 3:32.

Але ты не лічыш час. Бо чувакам гадзіннік не пагроза. У іх заўсёды пятніца. Несупынна хэпі-аўр. І вечны рыплэй у галаве. Працяглы шаманскі распеў: “All the young du-u-des, Сarry the ne-e-ews, Boogaloo dudes…”

Калі сканаем, рок-н-рол застанецца самотным. Як амерыканскія багі. Як Дэвід Боўі.

Тым невыносна сонечным летам ён пісаў свой эпахальны альбом пра іншапланетнага попсцера Зігі Стардаста і ягоны бэнд Павукоў з Марса. Матэрыялу было зашмат, пасля канчатковага мантажу засталіся рэшткі. Так “All The Young Dudes” трапіў у спіс шчодрых прапановаў для сугучных Дэвіду “Мотаў”.

Боўі падараваў ім не проста зонг. Ён знянацку стварыў люстэрка чарговай страчанай генерацыі. Больш за тое: разнавокі Зігі давёў усім нам, што нястрачаных генерацыяў не існуе.

“Брат прыпёрся дахаты са сваімі Бітламі і Стоўнз…” Ужо тады, у 1972-м, героі паміралі хутка. Іконы папярэдняй генерацыі драг-шаленцаў ды поп-авантурыстаў датэрмінова сыходзілі ў каляровыя налепкі, канцэртны чос, special editions, старпёрскія ўспаміны ды бясконцае Радыё Настальжы. Чувакі – апошні супольны праект фантомнай рэвалюцыі. Далакопы агульных ілюзій. Раз’яднаныя Штаты Рамантычнай Свядомасці.
У кожнай легенды – свае далакопы. Сваё паслямоўе. Свае чувакі без сэнсу й мэты.

“Білі марыў усю ноч развітацца з жыццём…” Так. А Вэндзі крадзе шмаццё з Marks & Spencer. Супер. А Джымі прагне кахання і таму апрануты як каралева. Акей. А Фрэдзі… Не, пра яго лепш не ведаць. Радок чапляе радок. Дзівакі, вычварэнцы, самотнікі. Начныя дэндзі ў пошуках эмацыянальнага прытулку – бязмежнага, натуральна. Бо чувакоў не цікавяць межы.

Яны паўсюль транзітам. Адсюль і ў сметнік.

У той час надыходзячага калапсу, з Programem Trzecim у вушах і савецкім заняпадам навокал, мы сябе адчувалі прысутнымі адсутнымі. Жыццё адбывалася міма сцягоў ды лозунгаў. Але без уцямнага вектара руху. Замежжа было далёка, дзяржбяспека блізка – побач з нашай школкай. У гэбэшным клубе Дзяржынскага мы танчылі на выпускным. Чувак – гэта не выбар. Чувак – гэта прысуд і лёс. Час страчвае цябе. І застаюцца польскія радыёхвалі.

Альбо фэйсбук. Ці “Басовішча”. Сняданак у Берліне. Квіткі ў Бергама. Келіх чырвонага ў галерэі “Ў”.

Час у чарговы раз тармазіць і кульгае. Зноў падаецца, што заўтра не будзе заўтра. Новы крызіс жанру спараджае новых чувакоў. Яноты разбіраюць смецце і скачуць па бігбордах. Часам яны падаюцца адзінымі адэкватамі ў гэтым шапіто. Часам яны падаюцца лепшымі за нас. Вышэй хвасты, dudes!

Таму істотныя старыя “Моты”. І мёртвы Боўі. І ўсе спарахнелыя абібокі, незалежна ад месца прапіскі. Яны пазначылі схемы супраціву. Прыўкраснай летуценнасці насуперак ідыятычнаму кантэксту.

Лавіць вайбы. Трымаць фасон. Піжоніць па поўнай. Паліць жыццё, як цыгарэту.

Ведаць, што ўсё не назаўжды. І не шкадаваць.

 

 

Максім Жбанкоў

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна

Дачок Яраслава Мудрага ў краінах, дзе яны былі каралевамі, шануюць. Ім прысвячаюць творы. Аднак ні Анастасія, ні Ганна...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень

На мінулым тыдні пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, віцебскаму арт-менеджару і музыку Уладзіміру Булаўскаму прызначылі...

valiancina_shauchenka
Каляндар

Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца....

valiancina_shauchenka
Кіно

«Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні». Рэжысёр Яўген Лыткін — пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы

Яўген Лыткін — беларус, які зняў трылер «Забароненая група», што здымаўся яшчэ да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна
    Грамадства
    Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень
    Каляндар
    Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Кіно
    «Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні». Рэжысёр Яўген Лыткін — пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы
    Музыка
    Выйшаў новы альбом гурта Botanic Project «Музыка сфер»
    Грамадства Гісторыя
    Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    Адукацыя
    Больш чым проста мова. Захаванне беларускіх школ на Падляшшы можа стаць досведам для рэформы адукацыі ў Беларусі
    Грамадства
    No Fate! Перарабіць мінулае, каб змяніць будучыню?
    Гісторыя Кіно
    Беларуская батлейка: сціплае абаянне векавога мастацтва
    Культура
    Культура беларускай дудкі атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Мастацтва
    Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ
    Грамадства Літаратура
    Сабіна Брыло пра магчымасць паэзіі ў часы катастрофаў. Новы выпуск падкаста «Адкуль бяруцца кнігі»
    Грамадства
    Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    Гісторыя Асоба
    Генрык Дмахоўскі: скульптар двух кантынэнтаў, тройчы паўстанец
    Грамадства Музыка
    Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand

Афіша

  • 30.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Беларускае мастацтва ды культура ў часы несвабоды»: дыскусія ў Празе

  • 30.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 30.05 — 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 30.05 — 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 30.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 30.05Выстава Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча «ДЫЯЛОГІ» ў Вільні
  • 30.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 30.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Тэст: Пазнай гістарычны будынак па фотаздымку
    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Стэфан Баторый. Уладар, які асадзіў Івана Грознага
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип