Для беларускага гурта “Re1ikt” маскоўская студыя зняла японскі кліп

Незвычайны відэаролік выпусціла маскоўская S-Studio да песні беларускага гурта Re1ikt «Брудная Дзяўчына» з акустычнага міні-альбома «Vytoki».

 

Кліп створаны ў стылі AMV (anime music video – аматарскае відэа, змантаванае з фрагментаў анімэ ці японскіх відэагульняў на свабодна абраную аўтарам кампазіцыю) з шэрагам візуальных эфектаў.

Між іншым, у конкурснай праграме на ўсерасійскім фестывалі анімэ і мангі «Animau-2011: Sweet vs Punk» ролік на «Брудную Дзяўчыну» заняў 4-е месца.

Аляксандр Дземідзенка – лідар гурта Re1ikt – зазначае: «Як кажуць адмыслоўцы, гэта наогул вельмі дзіўна, што amv з рок-песняй (ды яшчэ на беларускай мове) заняў не апошняе месца».

 

«Самі мы не анімэшнікі, але, безумоўна, ведалі пра існаванне гэтай «субкультуры». Толькі не думалі рабіць штосьці падобнае да сваіх песняў, – расказвае Аляксандр. – Але калі знаёмыя з АМВ-студыі S-studio (Масква) прапанавалі зрабіць відэа на адну з нашых песняў, мы пагадзіліся.

 

Абралі «Брудную Дзяўчыну», бо яна адна з самых эмацыйных кампазіцыяў, а да таго ж вельмі падабаецца нашым слухачам у розных краінах свету.

Атрымалася файна: вельмі чулы ролік пра маленькую дзяўчынку. Варта паглядзець і малым, і дарослым».

 

Задаволеныя вынікам і стваральнікі кліпа з маскоўскай S-Studio: «У гэты праект мяне прыцягнула сяброўка з Мінска, і я пагадзіўся не раздумваючы. Усё-ткі нячаста выпадае такі шанец – папрацаваць асабіста з гуртом. Ну а потым праект цалкам зваліўся на мяне…

Падчас працы я адкрыў для сябе беларускую мову, якую раней чуў толькі ўрыўкамі ў навінах. Гурт зрабіў для мяне выдатную яе прэзентацыю. Гэта вельмі незвычайная мова і, як я зразумеў з перакладу песні, дае шмат свабоды для творчасці, хоць звычайна самай лёгкай для складання тэкстаў лічыцца ангельская мова».

 

Праца так захапіла і паяднала музыкаў і S-Studio, што яны супольна стварылі яшчэ адзін ролік, ужо да новага альбома Re1ikt «Рэкі прабілі лёд», які выйдзе на лэйбле «Вігма» ў супрацоўніцтве з БМА хуткім часам.

 

Канцэртная прэзентацыя дыска Re1ikt адбудзецца 30 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Рublic. У гэты ж вечар на сцэну выйдуць гурты «Рокаш», Partyzone, чые кружэлкі таксама з’явіліся сёлета, і Unia.