Вядомы беларускі фатограф-дакументаліст Аляксандр Васюковіч здолеў вынесці з СІЗА на Валадарскага копіі малюнкаў мастака Алеся Пушкіна, якія той намаляваў на сцяне ў камеры. Пра гэта Васюковіч расказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».
Копія малюнку, які пакінуў на турэмнай сцяне Алесь Пушкін. Фота: Аляксандр Васюковіч
«Гэта была першая камера, у якую я трапіў на Валадарцы, у так званым шанхаі. У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з «Litesound» сядзеў, і Алесь Пушкін таксама. Дык вось, мне паказалі малюнак — рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду», — распавядае Аляксандр Васюковіч.
Копія малюнку, які пакінуў на турэмнай сцяне Алесь Пушкін. Фота: Аляксандр Васюковіч
Таксама фатограф адзначае, што «вельмі балюча было гэта ўсё бачыць, таму што я быў да гэтага на пахаванні Алеся... І, блін, не ведаю, мне падалося, што ўсё, што я мог зрабіць, — гэта вынесці адтуль тую штуку. Для гісторыі».
Аляксандр Васюковіч быў затрыманы ў кастрычніку 2023 года пасля чарговага вяртання з Украіны (з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне выязджаў туды на здымкі тры разы). Бралі кадэбэшнікі — ператрус, канфіскацыя тэхнікі, допыт, Акрэсціна. Потым — Валадарка (СІЗА № 1 у Менску), дзе прасядзеў амаль тры месяцы. За некалькі тыдняў да суда (18–19 студзеня) трапіў у карцар, дзе яго трымалі 13 дзён запар. Быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі («хатняя хімія») за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, якія ён асвятляў. Асцерагаючыся далейшага пераследу, Васюковіч выехаў з Беларусі, цяпер ён у бяспецы.
Чытайце яшчэ: «Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сведчанне, ахвяру і службу». Беларускія творцы ў памяць беларускага мастака Алеся Пушкіна