БГ і “Аквариум” далі вялікі шыкоўны канцэрт у Летнім амфітэатры ў Віцебску ў межах фестывалю “Ob-la-ki Ob-la-ka-2011”, сыграўшы ўлюбёныя песні з даўніх часоў і зусім новыя творы. Да слёз расчуліліся не толькі гледачы, але і сам Грабеншчыкоў, які быў настолькі замілаваны рэакцыяй залы, што не сыходзіў са сцэны цягам трох гадзінаў.
“Пляскаць зарана, дайце паспяваць”, — так стрымана адрэагаваў Барыс Грабеншчыкоў у адказ на апладысменты прыхільнікаў, журналістаў і арганізатараў віцебскага “Бітлз-фэсту”, як толькі сышоў з піцерскага цягніка на беларускую зямлю. Сустрэлі музыкаў падкрэслена ўрачыста і павезлі па вуліцах на старой савецкай “Волзе”.
У час крызісу маштабную задуму тры дні запар аддаваць даніну павагі Ленану, Макартні, Харысану і Стару давялося згарнуць. З усёй вялікай фестывальнай праграмы “Ob-la-ki Ob-la-ka” пакінулі толькі канцэрт гурта «Аквариум» у Летнім амфітэатры. Тым самым, дзе праходзіць “Славянскі базар”. “А я нічога не чуў пра такі фестываль”, — ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз заўважыў Барыс Барысавіч, калі яго спыталі пра галоўную візітоўку сучаснага Віцебска, але камплімент беларускаму гораду зрабіў: “Тут нешта засталося ад Малевіча і Шагала. У мінулы прыезд я натхніўся на некалькі вершаў”. Наконт бягучай сітуацыі ў Беларусі ён тактоўна зазначыў: “Збоку ўсё ў вас выглядае добра, але я не жыву тут, каб развіваць сваю думку далей”.
БГ паклікалі ў якасці хэдлайнера “аблакоў”, бо ён разам з вядомым бітламанам Колем Васіным першым у Савецкім Саюзе пачаў праводзіць “Бітлз-фэсты”. Яшчэ ў 1970-х яны дамаўляліся з заштатным дамамі культуры на ўскрайку невялікіх гарадоў і там гралі песні ліверпульскай чацвёркі. “Beatles — гэта той партал, які даў мне магчымасць яшчэ у 1965 годзе выйсці з-за межаў СССР у прастору неабмежаваных магчымасцяў”, — прызнаўся спявак. Пры гэтым БГ не спявае песні “бітлоў” — на яго думку, узор дасканаласці чапаць не варта. Іншыя ўзоры дасканалай музыкі ён назваць адмовіўся, тым больш на рускай сцэне. БГ дагэтуль вылучае толькі Віктара Цоя. “Віценька Цой — гэта планка, мяжа, больш нікога няма. А тое, што для рускіх выканаўцаў важны тэкст, дык гэта таму, што граць не умеюць”, — здзівіў ён сваім адказам віцебскіх прыхільнікаў “рускага року”.
Канцэрт гурта «Аквариум» пачаўся а дзясятай вечара. Да гэтага часу трыбуны амфітэатра былі запоўненыя недзе на чвэрць (ля 1500 чалавек). Куды менш, чым на канцэртах зорак расійскага шансону, але даволі шмат як для камернага рок-канцэрта. БГ не надта карцела граць у такой пампезнай зале. “Нас пэўна паблыталі з Led Zeppelin”, — заявіў ён і прызнаўся, што для канцэрта нашмат больш пасаваў бы віцебскі бітлз-клуб “Чердачок”, але туды змаглі б змясціцца чалавек 100, так што на патрабаванне музыкі арганізатарам давялося рабіць велізарную сцэну максімальна ўтульнай — расставіць дэкаратыўныя расліны і жывыя кветкі, прынесці крэслы для музыкаў, зрабіць дадатковы заднік.
На вялікае шчасце прыхільнікаў, БГ пачаў са старой добрай “Сидя на красивом холме” і пасля кожнай песні намагаўся падабраць на знак гарачай падтрымкі новы эпітэт віцебскім гледачам: “мілыя”, “дарагія”, “любімыя”…
https://www.youtube.com/watch?v=2RSeHQ_1gxU
У пэўны момант на просьбу музыкаў гледачам дазволілі падняцца з крэслаў і заняць месцы ля сцэны. БГ чаргаваў свае вядомыя хіты з 1980-х з новымі песнямі. З зусім свежых былі “Марш священных коров” і “Красная река” (гэты трэк 20 чэрвеня павінныя афіцыйна выкласці на сайт kroogi.com). З зусім любімых — “10 стрел”, “Поезд в огне” і “Второе стеклянное чудо”, падчас выканання якога некаторыя плакалі.
https://www.youtube.com/watch?v=6gsHSAOtK24&feature=related
Гледачы трымалі БГ на сцэне нашмат больш за планаваны час. “Аквариум” граў ажно да гадзіны ночы. Але і таго было мала.
Мікалай Дубавіцкі, Аляксандар Веледзімовіч