Беларускі гурт Relikt дасць канцэрт "Дрэва жыцця. Акустыка" ў Моладзевым тэатры эстрады ў Мінску 17 красавіка. Падчас імпрэзы ў акустычных аранжыроўках прагучаць песні з новага альбома, а таксама некаторыя старыя і ўсімі любімыя кампазіцыі.
“Гурт Relikt мае два бакі: адзін - моцны, энергічны, другі - меладычны і прыгожы. Усе бачылі моц беларускага “Дрэва жыцця” на прэзентацыі, але яшчэ не чулі, як яно прыгожа гучыць у камерным акустычным выкананні. Гэта зусім іншая праграма - для тых, хто хоча плаваць у спакойнай музычнай плыні і чуць кожны нюанс, каму патрэбнае сузіранне ўнутранага свету”, - кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
Аляксандр Дземідзенка
Апроч гітар і перкусіі, на канцэрце можна будзе пачуць глюкафон, цін вістл, традыцыйныя беларускія дудкі і шмат чаго яшчэ.
Дарэчы, яшчэ напачатку сваёй творчай дзейнасці менавіта з акустычнай праграмай гурт атрымаў гран-пры фестывалю “Jesień Bardów” у Польшчы.
“Мы рыхтуем адмысловы выступ - ён будзе падобны на спа-тэрапію душы пад гукі акустычных гітар і нягучных барабанаў, пад гукі голаса, які будзе спяваць ціха, але не задасць сэрцу тугі”, - рэзюмуе музыка.
Альбом “Дрэва жыцця” запісваўся і зводзіўся на легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.
Спецыяльным госцем мерапрыемства будзе гурт ASTROŪNA, які спяе аўтэнтычныя народныя песні, што сталі асновай альбома “Дрэва жыцця”, так, як яны гучалі, калі іх спявалі ў даўніну. ASTROŪNA выконвае архаічныя беларускія песні ў традыцыйнай манеры – акапэльна і пад пад акампанемент старажытных інструментаў.
Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.
17 красавіка Моладзевы тэатр эстрады
Пачатак канцэрту: 19:00.
Кошт квіткоў: 15р-29р
Квіткі анлайн тут
Адрас пляцоўкі: г. Мінск, вул. Маскоўская, 8а