Самаробныя поп-старз – дзіўны народ. У іх свае планы ды мапы, яны жывуць асабістымі разлікамі ды цьмянымі інтуіцыямі. Наш недапечаны шоўбіз – тут толькі нагода для прыват-дэнсу. Трэндаў няма, эксперты ў коме, дэбюты небяспечныя, лідары продажаў працуюць невядомымі героямі. Што застаецца нашым вожыкам у тумане ? Караоке-бары, канцэртны чос, уік-энды на лецішчы. Бо дзесьці там, у падрапаных дзіцячых кніжках, размаляваных крывым “Punk Not Dead”, і падрапаных касетках з касымі налепкамі Шварца, Police ды Лады Дэнс, яшчэ жыве наша малая радзіма: стыхійны попс без цэнзуры ды канвою. Стартавы паёк каралёў раёна.
Новы праект Сяргея Міхалка DREZDEN – штука насамрэч не новая. Міхалок заўсёды гандляваў сваім мінулым: дваровымі распевамі, ВІАшным плачам, савецкімі мульцяшкамі, ска-скокамі, рэпертуарам першых відэасалонаў і поўным камплектам “Библиотеки приключений”. Менавіта сюды, у наіўную памяць, ён сыходзіць адпачыць ды перазагрузіцца. Бо больш няма куды: на ўсходзе – Пуцін (з ім ужо пазмагаліся – хтосьці шчэ памятае “Пути народа”?), на поўдні – Крым з Данбасам (зноў жа адпрацаваныя), а ў Еўразвязе сваіх анархатурыстаў няма куды падзець.
Буржуі не башляюць. Пралетарскае дыска не каціць. Змагарства неяк вычарпалася, новых майданаў не бачна. Спяваючых баксёраў, канечне, прадаць яшчэ можна – але выключна як патрыятычны парад-але. Ды й тое лайтовы, з правільнымі брутаўскім сцягамі. А бясконца юзаць стары ляпісаўскі рэсурс смешна ды няёмка: скажуць, спісаўся герой, падселі батарэйкі.
Тэрмінова патрабавалася іншая гульня: папсовая, хітовая, лёгкая, зручная. Чарговы транш ад правераных пастаўшчыкоў. Каб быў свежачок, але пазнавальны. Ваш новы Міхалок.
I
DREZDEN – адначасова сентыментальнае падарожжа і спроба засвоіць новы сегмент глабальнага гіпермаркету. Больш ніякіх беларускіх ці ўкраінскіх спеваў. Пішам стайл-мемуары.
Мова сталення хлопчыка з імперыі Чабурашкі ? Натуральна, расійская.
Дрэздэн – месца нараджэння героя, сінтэтычныя 1980-я – час ператварэння малечы ў барзога ціна. А далей – ідзі і глядзі: “Кит, облитый белой грязью, пожелтевший тетрадный лист, платье с неумелой орловской вязью, cтарый постер Judas Priest…” Звычайны міхалкоўскі прыём – мікс самадастатковых радкоў – у фармаце рэтра-вандроўкі ператвараецца ў каталог пазаўчорашніх захапленняў. У спіс мёртвых сігналаў безнадзейна страчанай эпохі.
Аўтар нібыта бадзяецца па адрасах дзяцінства і пазначае крыжыкамі ўсё, што падаецца істотным – ад “красивой саксофонистки в оркестре Брайана Ферри” до “криогенного дилайта” и “призраков доспехов”. Гібсан, Нена, Стэрлінг, Фалька, Дзік, “Blade Runner”, Мамлееў, Laibach і ледзь не Ёсіп Вісарыёнавіч… Колькасць фірмовых міхалкоўскіх гіперспасылак у DREZDENе зашкальвае – і гэта адначасова плюс і мінус. Плюс – бо кожны, хто жыў тут ў васьмідзясятых і крыху пазней, ведае гэтыя коды. Мінус – бо ўсім іншым усе гэтыя вудзі вудпекеры, электраманголы ды оябуны якудзы з крафтверкамі ні пра што не скажуць.
Зрэшты, каб іх згадаць/пакаштаваць, зусім не патрэбны Міхалок. І наадварот.
Плыня запазычаных маркёраў хранічна паглынае базавую ідэю праекту. І размывае канструкцыю тэксту. Госцікаў хапае. Востра не стае гаспадара.
II
Словы гэтым разам вылучае выразная неабавязковасць – быццам большасць тэкстаў стваралася штучным інтэлектам у рэжыме random lyrics: “трансформация заседания, биссектриса пространства, коррекция подсознания, алгоритм постоянства…” Замест розуму аўтара верашчыць ашалелы слоўнік. Кангрэс бубль-гуму.
Усё прадказальна. МІхалок рушыць як на аўтапілоце. Ён танчыць, бо мусіць. Але не гарыць.
А вось гэта ўжо і пра музыку. Дакладней – пра яе безнадзейную пазнавальнасць. Кароткія мелодыі, рубленыя прыпевы, сіроцкі вакал. Практычна ўсё магло б гучаць пад юнацкую дваровую гітарку. Крыху папраўленым – у “ляпісах” (у кампаніі якіх-небудзь “Зомбі-робатаў”). “Самарканд” з “Моной Лизой Овердрайв” наўпрост адсылаюць да досведу Brutto. Заключны “Король” па агульным настроі – увогуле амаль піянерскія “Крылатые качели”.
У перагружаным чужымі сэнсамі парку DREZDENскага перыяду кропкавыя прамовы ад першай асобы працуюць як канцэптуальны фрэйм – напрыканцы і спачатку. Чакаеце стартавай шчырасці? Дарэмна. Аўтар ужо ў артыстычнай пазіцыі: “Читаю журнал в самолете, сливаются буквы и смыслы. Вот так красиво в полете сходят с ума артисты”. Фінал – сіметрычны. Прымроены, як з прагляду гільямаўскай “Бразіліі”, геройскі рэванш адвечнага цярпілы: “В руке мой меч, меня зовите Артур. Эскалибур свистит – ну, кто теперь дурак?”
Ёў, і драконы каля ног. І Шарліз Тэрон на падтанцоўках. Гэй, хто там за пультам? Адключыце яму мінусоўку.
III
Трабл Міхалка – паразумецца з постбарыкаднай эпохай. Герой прагне быць папсовым – і адчайна гэтага саромеецца. Ловіць маднявасць – і не ведае, што рабіць са сваёй сталасцю. Шукае свежы гук – і трапляе на дыскатэку 80-х. Ён хоча прадавацца (а хто не хоча?) – і адначасова закасіць пад разумніка. Быць адначасова мятлушкай і Лаа Цзы.
Ясна, што і мятлушка, і Лаа Цзы рашуча супраць.
Таму найлепшае, што мае DREZDEN, – гэта аўтапартрэт металічнай стружкай. Кіберпанкаўскі зонг “Стальной Нуреев”. У ім “робот танцует танец надежды, ему наплевать, что он без одежды” і “периметр жизни – шнур от розетки”. Збегчы не выпадае. Застаецца танчыць.
Будучыня ўжо адбылася. Адзіная перспектыва – мінулае. Прыватны поп-парадайз, дзе дагэтуль жывуць пластыкавыя рытмы, хрыпаты вакодар, Віва-цвай і татальны VHS. Там лёгка змагацца. Не больна перамагаць. Цукеркі на халяву. Тыц-тыц-тыц. І так далей.
DREZDEN – сінтэтычная коўдра з апошняй гуманітаркі сезону. Адрасаванай тым, хто даўно змяніў прапіску.
Максім Жбанкоў