Выйшаў другі том «Энэіды» ў перакладзе Баршчэўскага

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшаў другі том эпічнай паэмы Вергілія «Энэіда» ў перакладзе з лацінскай мовы Лявона Баршчэўскага. Кніга ўжо даступная для пакупкі як у Беларусі, так і за яе межамі, піша bellit.info.

«Eneida»

Заключныя шэсць кніг паэмы «Энэіда», змешчаныя ў гэтым томе, з’яўляюцца ўзорам гераічнага эпасу: на першы план тут выходзяць сцэны крывавай вайны паміж правадыром лацінцаў-рутулаў Турнам і траянцам боскага паходжання Энэем, які са сваімі людзьмі прыбыў на італійскія землі, каб знайсці сабе новую радзіму.

Кніга змяшчае багаты спіс крыніц, даступных анлайн, якія дапамогуць чытачу заглыбіцца ў гэты класічны твор.

Купіць навінку ўжо можна ў «Акадэмічнай кнізе» ў Менску, а таксама ў краме ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41—42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая). Магчыма кур’ерская дастаўка па горадзе, кошт дастаўкі 8 рублёў.

А з перасылкай па ўсім свеце кнігу можна прыдбаць праз сайт Kniger.by.

Першы том (кнігі I–VI) старажытнарымскага эпасу пабачыў свет у лютым 2025 году. Агулам, за апошні час выйшаў шэраг старажытных эпасаў у перакладах паліглота Лявона Баршчэўскага — старажытнагрэцкая паэма Гамера «Іліяда», месапатамскі «Эпас пра Гільгамеша» і эпас народа мая-кічэ «Попаль Вух».