У Кіраўскім раёне аднаўляецца ўнікальны палацава-паркавы ансамбль.
У ХІХ стагоддзі вёска Жылічы, маярат пана Ігнація Булгака, грымела на ўсё наваколле. Гаспадар распачаў у ёй будаўніцтва велічнага палаца. Пан так размахнуўся з будоўляй, што нават пры яго багаццях і даходах, работы расцягнуліся на доўгія два дзесяцігоддзі. Яно і нядзіўна. Плошча толькі самога палаца складала 4000 квадратных метраў. Над ім узвялі вежу з купалам, куды вяла вінтавая лесвіца. Прызначэнне гэтага архітэктурнага элемента заключалася ў тым, што, калі пан знаходзіўся ў маёнтку, дворня ўзнімала над вежай радавы сцяг. І сяляне з вёсак паблізу маглі ісці на прыём да пана з прашэннямі, скаргамі, іншымі патрэбамі.
Вакол палаца быў разбіты цудоўны парк, дзе раслі традыцыйныя для тутэйшых мясцін пароды дрэў і дэкаратыўныя насаджэнні. І займаў ён разам з гаспадарчымі прыбудовамі 18-гектарную плошчу. Усяго ж, калі браць каскад азёраў, што знаходзіліся на ўскрайку парку і ў якіх вырошчвалі рыбу да панскага стала, маёнтак займаў амаль сто гектараў.
На жаль, далейшы лёс фальварка аж да нашых часоў аказаўся незайздросным. Пасля рэвалюцыі новая ўлада вырашыла размясціць у палацы спачатку дзіцячы дом, потым школу працоўнай моладзі, затым доўгія гады тут знаходзіўся заатэхнічны тэхнікум. У перыяд фашысцкай акупацыі тут быў створаны нямецкі шпіталь. Нягледзячы на прыгажосць, у парку ворагі распачалі пахаванне тых, хто памёр у шпіталі, утварыўшы сапраўдныя могілкі. Зразумела, пасля вызвалення было зроблена перазахаванне, а палац перайшоў пад веданне Жыліцкага саўгаса-тэхнікума…
А сапраўднае адраджэнне гэтага палацава-паркавага ансамбля пачалося тры гады назад, калі распачаліся аднаўленча-рэстаўрацыйныя работы, хаця рашэнне аб іх правядзенні было прынята значна раней.
— Амаль палова з усяго аб’ёму аднаўлення і рэстаўрацыі ўжо завершана, — расказвае дырэктар Жыліцкага музея Ларыса Забелава. — Правае крыло палаца, якое складае першую яго чаргу, першага верасня мінулага года аддадзена здольным дзецям, якія займаюцца ў тутэйшай школе мастацтваў. І зараз падчас іх заняткаў, калі з вокнаў памаладзелай забудовы далятаюць гукі музыкі, міжволі ўяўляеш тыя шыкоўныя балі, што ладзіліся тут ужо ў даўнім мінулым.
— Нягледзячы на тое што для поўнага аднаўлення ўсяго комплексу яшчэ давядзецца шмат папрацаваць, — працягвае Ларыса Віктараўна, — аптымізму не губляем. Вельмі цікавая перспектыва адкрываецца з увядзеннем жыліцкага палаца і яго наваколля. Не толькі для турыстаў, якіх больш цікавіць гісторыя тутэйшых мясцін. Мяркуецца, што сюды на адпачынак, як на доўгатэрміновы, так і на выхадныя дні, змогуць прыязджаць не толькі беларусы, але і аматары даўніны з замежжа. Палац ужо ўключаны ў турысцкія маршруты. Але ўсю яго ўнікальнасць мы пакуль што можам паказваць фрагментарна. У канцы работ ён стане сапраўды непаўторным месцам пазнання гісторыі і адпачынку.
Так, непаўторнасць, умяшчальнасць і выдатныя прыродныя краявіды адводзяць яму менавіта такую ролю. У вялікіх і шматлікіх палацавых пакоях можна праводзіць урачыстае заключэнне шлюбаў. Унутраны двор нібы прызначаны для правядзення фестываляў, вяселляў, масавых гулянняў. А цяністыя паркавыя алеі — выдатнае месца для прагулак, у тым ліку і конных, бо ў фальварку можна аднавіць старыя канюшні. Азёры — для рыбнай лоўлі і катання на лодках.
Зразумела, стварэнне адпаведнай інфраструктуры для тых, хто вырашыў наведаць (і не на адзін дзень) палацава-паркавы комплекс, — справа будучага. Але тое, што рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы працягваюцца без перапынкаў, — добрая падстава меркаваць, што і гэтыя планы будуць ажыццёўлены. І “Жыліцкі Версаль”, як называлі ў свой час Булгакаў маёнтак, зажыве новым, не менш насычаным і цікавым жыццём.