Музычны дуэт, які захапіў беларусаў рэпам на беларускім дыялекце, выдаў першы паўнафарматны альбом.
Niczos x Sw@da выпусцілі рэліз пад назвай «#ІНДАВУДЗ», які налічвае 11 трэкаў. Некаторыя з іх ужо сталі хітамі для беларускай публікі — «Хаджу Я» (праўда, музыкі стварылі новую версію), «На бяседзе», «Трава Мурава» і інш. Але некалькі новых твораў — «Прадмова», «Люстэрка» і «Одэ дом» — былі запісаны адмыслова для альбома, і разам з ужо вядомым матэрыялам утвараюць канцэптуальнае апавяданне пра сучаснага героя беларуска-польскага памежжа, падляшскага бунтара, які шануе сваю культуру — хай сабе іншыя называюць яе «вясковай» — і адначасова паўстае супраць ціску нормаў свайго асяроддзя, прагне знайсці ўласную аўтэнтыку.
Неад’емнай фішкай гурта стала падляшская гаворка — дыялект беларускай мовы, на якім гурт піша ўласныя сучасныя тэксты. Радкі традыцыйных падляшскіх песень, выкарыстаныя ў некаторых трэках, утвараюць «глебу» для напорыстай рэперскай чыткі. Абодва вакальных напрамкі ўдала спалучае Ніка Юрчук (Нічос), якая вучылася народным спевам у легендарным гурце падляшскіх беларусаў «Жэмэрва», і па-за дуэтам удзельнічае ў іншых эмбіент і фольк-праектах. За музычны драйв і падкрэслена танцавальныя біты адказвае Св@да — вядомы польскі музыка, які ўжо быў намінаваны на галоўную музычную прэмію Польшчы, і ў супрацы з Нічос стварае магутную, часам жорсткую, але нязменна меладычную аснову для спеваў Нічос.
Медыйная прэзентацыя альбома суправаджаецца рэлізам яшчэ некалькіх медыяпрадуктаў, даступных для пакупнікоў альбому на флэшках і касетах — бэкстэйджных і канцэртных відэа, архіўных запісаў і рэміксаў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы калабарацыям з рознымі творцамі, сярод якіх беларуская спявачка Анастасія Рыдлеўская, відэамастакі Алекс Скідан і Аляксандр Патканян.
Дуэт вырашыў не адзначаць рэліз канцэртнай прэзентацыяй з-за шчыльнага графіка іншых выступаў, але прымеркаваў да гэтай нагоды адкрыццё ўласнай інтэрнэт-крамы з атмасферным падляшскім мерчам, у якой неўзабаве павінна з’явіцца беларускамоўная версія.