Ездзілі летам да бабулі ў вёску? Конкурс «Вікі любіць вёскі» збірае любыя здымкі 23 тысяч мястэчак, вёсак і хутароў Беларусі

Беларусь стала пляцоўкай для тэставага запуску новага міжнароднага фотаконкурсу, які ставіць за мэту сабраць якасныя выявы тысяч і тысяч сельскіх населеных пунктаў, якія застаюцца без ілюстрацый у Вікіпедыі, піша «Наша Ніва».

Staraja žančyna Жанчына спявае традыцыйныя абрадавыя песні падчас дажынак у вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна. Фота: Аляксей Сталяроў / Wikimedia Commons

Праект пад назвай «Вікі любіць вёскі 2026» (Wiki Loves Villages 2026) праходзіць з 15 па 31 жніўня.

Аўтары ініцыятывы звярнулі ўвагу на відавочную дыспрапорцыю: калі гарады і мястэчкі звычайна маюць дастатковую колькасць выяў у сховішчах, то артыкулы пра невялікія паселішчы часта не маюць ніводнага фотаздымка.

У якасці пілотных краін для выпраўлення сітуацыі сёлета абраныя Беларусь і Казахстан.

Што і як фатаграфаваць

Арганізатары адзначаюць, што найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца агульныя панарамы паселішчаў, для якіх ідэальна падыходзіць здымка з квадракоптараў. Праўда, у беларускіх рэаліях такія здымкі праблематычныя.

Але ў Вікіпедыі будуць радыя і звычайным відам цэнтральных вуліц, плошчаў, зробленым з зямлі, а таксама больш спецыфічным кадрам. Дапускаецца публікацыя фотаздымкаў сельскай гаспадаркі, тэхнікі, транспартнай інфраструктуры, грамадскіх і рэлігійных будынкаў, традыцыйнай і сучаснай забудовы.

Sieĺskahaspadarčaja technika
Сельскагаспадарчая тэхніка на трасе Гальшаны — Трабы, каля моста над ракой Клявой. Фота: Tess Mattew / Wikimedia Commons

Таксама аб’ектам здымкі могуць стаць мясцовыя жыхары пры наяўнасці іх папярэдняй згоды, публічныя мерапрыемствы, кірмашы і спартыўныя спаборніцтвы.

Пры гэтым фатографам нагадваюць пра неабходнасць выконваць правілы свабоды панарамы, каб пазбегнуць парушэння аўтарскіх правоў пры здымцы пэўных архітэктурных або мастацкіх аб’ектаў. Згодна з амерыканскім заканадаўствам, якім кіруецца Фонд Вікімедыя, зарэгістраваны ў ЗША, тэрмін аховы аўтарскіх правоў складае 70+1 год з моманту смерці аўтара.

Праз адсутнасць свабоды панарамы ў Беларусі, фотаздымкі якіх-небудзь помнікаў Леніну і савецкіх дамоў культуры могуць быць выдаленыя праз парушэнне аўтарскіх правоў, а вось традыцыйнае дойлідства можна загружаць без апаскі.

Chata Хата з прыгожым ганкам у Клімавічах. Фота: Ігар Ткачоў / Wikimedia Commons

Як гэта зрабіць

Улічваючы, што ў Беларусі налічваецца каля 23 тысяч сельскіх населеных пунктаў, арганізатары стварылі спецыяльную інтэрактыўную карту для строгага сартавання кантэнту. Удзельнікам неабходна выбраць на ёй адпаведную вобласць і раён, пасля чаго знайсці патрэбную вёску ў спісе і націснуць індывідуальную кнопку загрузкі для канкрэтнага паселішча.

Карыстальнікаў папярэджваюць, што выкарыстанне стандартнага майстра загрузкі Вікісховішча прывядзе да таго, што выявы не трапяць у конкурсны залік без дадатковых тэхнічных маніпуляцый, а файлы могуць памылкова праілюстраваць іншыя артыкулы.

Вынікам праекта павінна стаць істотнае пашырэнне свабоднай базы візуальных дадзеных пра рэгіёны, што дазволіць дапоўніць тысячы існых энцыклапедычных артыкулаў актуальнымі ілюстрацыямі і надзейна захаваць памяць пра беларускую вёску.