Першай прэм’ерай РТБД у новым сезоне стане рускамоўны спектакль «Маленькие трагедии» паводле Аляксандра Пушкіна

20 жніўня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прэм’ерным спектаклем мінулага сезона — «Ладдзя роспачы» — пачынае XXXV тэатральны сезон. Першай прэм’ерай новага сезона стануць «Маленькие трагедии» Аляксандра Пушкіна ў пастаноўцы Святланы Навуменка. Мяркуючы па назве ў афішы, спектакль плануецца паказаць на рускай мове, піша reform.news.

Skryn Скрын з сайта РТБД

Прэм’ера адбудзецца ў снежні 2026 года.

«Маленькие трагедии» — гэта жамчужына драматургіі. Таму зварот да гэтага твора для нас — не толькі пэўны досвед, але і сур’ёзны выклік. І мы жадаем узяць гэту вышыню...», — дэкларуе намеры рэжысёрка і дырэктарка тэатра Святлана Навуменка.

У творчых планах тэатра — творы Івана Шамякіна ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрыя Пахомава, а таксама іншыя беларускія аўтары. «РТБД актыўна пашырае кола рэжысёраў, вядзе перамовы і пошукі новых творчых імёнаў», — паведамляюць на сайце тэатра.

У сацсетках пры абмеркаванні гэтай навіны людзі сцвярджаюць, што тэатр «страціць сваю адметнасць у пагоні за аўдыторыяй. Нават не ведаю, хачу я гэта глядзець ці не. Наступны Купалаўскі?» і што «галоўнай фішкай РТБД былі менавіта эксперыментальныя пастаноўкі і беларуская мова».

«Расчараванне, што месцы, дзе ўсё было на беларускай мове (а такіх амаль што не засталося) упускаюць у сваю прастору рускую мову, у якой самой па сабе няма нічога благога, але я як беларускамоўная грамадзянка адчуваю, што мяне прыцясняе колькасць рускай мовы ў асяроддзі. Пакіньце хоць нешта», — пішуць у каментарах.

Нагадаем, што з 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў засталіся толькі два, дзе беларуская мова з’яўляецца адзінай. Гэта — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы у Мінску і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.

У абмеркаванні допіса пытанні тычыліся не толькі выбару мовы (бо ў рэпертуары гэтага тэатра ўжо былі спектаклі на рускай мове, напрыклад, «Палёты з анёлам» Валерыя Анiсенкi пра жыццё Марка Шагала), а самога паняцця «беларуская драматургія», зафіксаванага ў назве. «Часта думаю пра тое, чаму на сцэне тэатра беларускай драматургіі так мала беларускай драматургіі?», — піша адна з удзельніц абмеркавання.