У райцэнтры Ветка – два школьных полюсы: гімназія ля стараверскіх могілак, а гэта значыць, амаль на ўскраіне і САШ №1 – у цэнтры. Гімназія быццам бы і больш сучасная і статусам павышэй, але ў школе № 1 вучацца дзеці большасці мясцовага кіраўніцтва, да таго ж і само кіраўніцтва школы стабільнае ды заслужанае – пра што сведчыць іканастас грамат на адпаведнай сцяне ў кабінэце дырэктаркі.
Першай, мы – бард Андрэй Мельнікаў і паэтка Ларыса Раманава – наведалі гімназію 11 лютага. Чарговы ўрок беларускай літаратуры ў старэйшых класах. Утульная аўдыторыя, у якой мы ж і выступалі ў пазамінулым годзе. Але перад іншымі дзецьмі. Улічваючы паўторнасць сітуацыі, можна сказаць, што нашыя з Ларысай пад эгідай “Будзьмы” выступы ў Веткаўскай гімназіі сталі добрай традыцыяй і прыносяць станоўчы плён.
Ларыса, паралельна з вершаваннем, праводзіць шчэ і беларускі этнаграфічны лікбез, я, адпаведна, паралельна з песнямі раздаю прызавых “сланоў”. Варта адзначыць, ёсць за што.
Сустрэча разам з урокам прыхопвае і ладную частку перапынку, таму на заключнае фота разам нас застаецца з гулькін нос. Але, нічога! Спадзяемся, наведаем яшчэ. Традыцыйна.
САШ №1. 12 лютага. Тут нам з Ларысай для выступу дастаецца цэлая актавая заля. Утульнасць дасягаецца магчымасцю падставіць тэатральную дэкарацыю – сялянскую хатку. Дэкарыруем, карацей…
Ля паўсотні старшакласся абодвух палоў разам з кіраўніцтвам у гледачох-слухачох. Адказваючы на пытанні, прэтэндэнты на прызы, падобна “гугляць”. Але, хай сабе! Тым больш, што “выгугліць” насамрэч можна ня ўсё)). Ну і здымаюць нашыя выступы на смартфоны – а гэта пра пэўную цікаўнасць кажа. Можа і станем праз тыя відэа зоркамі ютубу?!
Асабістае ўражанне ад сустрэчаў – атрымалася ўзаемнапазітыўна. Псіхолагі кажуць: калі абставіны пазітыўныя – размовы ідуць пра каханне, калі абвастраюцца – размаўляюць пра палітыку. У нас з Ларысаю атрымалася пра каханне.
Андрэй Мельнікаў