Два метры беларускай кнігі

Аб’яднаны стэнд айчынных прыватных выдавецтваў будзе працаваць у рамках ХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша, якая пройдзе 9-13 студзеня ў выставачным цэнтры БелЭКСПА (вул. Янкі Купалы, 27).

Пра свой супольны ўдзел у кірмашы абвесцілі восем партнёраў: выдавецтвы “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Лімарыус”, выдавец Зміцер Колас, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” а таксама рэдакцыі часопісаў “ARCHE-пачатак”, “Дзеяслоў”, “pARTisan”.

Супольнікі арандавалі на кірмашы мінімальна магчымую выставачную прастору (2 квадратныя метры), але амбітна паспрабуюць сабраць з гэтага лапіка максімум культурнага ўраджаю.
Партнёры стэнда выдаюць кнігі і часопісы на беларускай мове. Акцэнт робіцца на сучасную мастацкую і гістарычную літаратуру – як арыгінальную, так і перакладную. Ідэя аб’яднаць фінансы, высілкі і імпэт дзеля прадстаўлення на кірмашы актуальнай беларускай кнігі належыць выдаўцу Марыне Шыбко, дырэктарцы выдавецтва “Лімарыус”: “Выдавецтва можа прадукаваць 20 кніг у год, але вартымі экспазіцыі на міжнародным узроўні палічыць толькі адну-дзве з іх. Гэта нармальна. І добрае рашэнне тут — аб’яднаныя стэнды”. (“Новы час”, 12 лютага 2010 году).

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” прадставіць на стэндзе серыю кніг “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якая была заснаваная ў 2004 годзе з мэтай папулярызацыі ведаў пра беларускую дыяспару. У серыі друкуюцца кнігі, прысвечаныя беларускай дыяспары (гісторыі і сучаснасці, падзеям і дзеячам, арганізацыям і друкаваным органам). З 2008 году друкуецца падсерыя «Людзі Беларусі», а з 2010 – падсерыя “Пераклады”.

Аб’яднаны стэнд прыватных выдаўцоў носіць эксперыментальны характар. Праца двухметровага латка-выставы будзе адбывацца ў рэжыме хэпенінгу з элементамі батлейкі, балагану і высокага мастацтва.
Абавязковы пункт праграмы – сустрэчы з найлепшымі аўтарамі выдавецтваў і часопісаў (глядзіце ніжэй графік камунальнай кухні стэнда).

Шукай нас па дзіўнаватых гуках і шыльдзе “Прыватныя выдаўцы”!!!
ПАШЫРАЙ МЕТРАЖ ВЕДАЎ!

Гадзіны працы выставы-кірмаша: 9 лютага (серада) 14:00 – 19:00, 10-12 лютага (чацвер-субота) выстава адкрытая для наведнікаў з 10:00 да 19:00. 13 лютага (нядзеля) з 10:00 да 15:00.
Урачыстае адкрыццё кірмаша – 9 лютага а 12-й (уваход па запрашэннях).

ГРАФІК КАМУНАЛЬНАЙ КУХНІ БЕЛЛІТУ
(магчымыя нязначныя змены, істотныя дапаўненні і прыемныя сюрпрызы)

9 лютага (серада)
Зоркі ля пліты

14:00 – 15:00 Уладзімір Арлоў прэзентуе зборнік гістарычных апавяданняў “Ля дзікага поля”.
15:00 – 16:00 Альгерд Бахарэвіч падпісвае кнігі “Халоднае сэрца”, “Праклятыя госці сталіцы”.
16:00 – 17:00 Адам Глобус прадстаўляе новую кнігу “Крутагорскія казкі” і зборнік паэзіі “Новае неба”.
17:00 – 18:00 Зміцер Вішнёў ставіць аўтографы на раманы “Замак з крапівы” “Фараон у заапарку”, “Тамбурны маскіт”.

10 лютага (чацвер)
Партызанскі падвячорак

14:00 – 16:00 рэдактар часопіса “pARTisan” Артур Клінаў прэзентуе ваенны раман “Шалом”.
16:00 – 17:00 Філосаф Валянцін Акудовіч тлумачыць галоўнае пра кнігі “Код адсутнасці”, “Архіпелаг Беларусь” .

11 лютага (пятніца)
Інтэлігенцкія пасядзелкі

14:00 – 16:00 Прэзентацыя серыі гістарычных кніг часопіса “ARCHE” Сустрэча з выдаўцом Валерам Булгакавым.
16:00 – 17:00 Арцём Кавалеўскі чытае паэзію са зборнікаў “Аддаленасць і адданасць”, “АдмыСЛОВЫя гульні”.
17:00 – 18:00 – Андрэй Хадановіч расказвае свае паэтычныя “Несіметрычныя сны”.

12 лютага (субота)
Шахматы з суседам

13:00 – 14:00 Анатоль Вярцінскі прадстаўляе зборнік паэзіі “Асобныя радкі”
14:00 – 15:00 Алесь Разанаў чытае “З Вяліміра Хлебнікава”, “З апокрыфа ў канон”, “Воплескі даланёю адною”.
15:00 – 16:00 Наталка Бабіна падпісвае раман “Рыбін горад”.

13 лютага (нядзеля)
Раніца ў нядзельку (прыватныя выдаўцы – дзеткам):

11:00 – 12:00 Зміцер Колас прадстаўляе кнігу Тувэ Янсан “Камета над далінай мумітроляў” (ілюстрацыі аўтаркі; пераклад са шведскай – Насты Лабады і Алесі Башарымавай).
12:00 – 13:00 Вера Жыбуль чытае любімыя ўрыўкі са свайго перакладу кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” (часопіс ARCHE #10-2009).
13:00 – 14:00 – беларускія эльфы і хобіты прадстаўляюць казку Дж. Р. Р. Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану” (пераклад з англійскай – Антон Францішак Брыль).