Двубоі на роўных: нашы тайбаксёры выступілі супраць тайскіх зорак (відэа)

Каб перамагчы ў фіналах турніра Thai Fight, Андрэй Кулебін і Віталь Гуркоў павінны былі рабіць накаўты. Але ці магчыма гэта, калі твае супернікі ― першыя нумары з Тайланда, дзе муай-тай ― гэта нацыянальная рэлігія.

Андрэй Кулебін не прапусціў сур’ёзных удараў. Але ў другім раўндзе яго тактыка “другім нумарам” не прынесла жаданага плёну. У некалькіх момантах таец Сінгмані здолеў яго перайграць. Першы і трэці раўнды былі роўнымі. Перамогу судзейскім рашэннем у такой сітуацыі аддалі тайцу. Але выглядаў беларус вельмі годна.

Да турніра Thai Fight Віталь Гуркоў не праводзіў баёў па прафесійных правілах муай-тай (без абарончай амуніцыі) блізу двух гадоў. І вось трэці бой цягам 1,5 месяца. Супернік ― легенда, самы папулярны тай-баец планеты Буакаў Пор Прамук (правёў блізу 200 прафесійных баёў, цягам трох апошніх гадоў не прайграваў увогуле). У першым раўндзе Гуркоў не змог захапіць кантроль і саступіў Буакаву ў клінчы. Здавалася ― бой хутка скончыцца. Але Віталь не зламаўся і бескампрамісна супрацьстаяў. У трэцім раўндзе таец перастаў кантраляваць сітуацыю і праводзіць скруткі ў клінчы. Гуркоў на характары пачаў пераломваць ход двубою. Яшчэ б адзін-два раўнды, і…

Аднак прагучаў гонг. Перамогу аддалі Буакаву.

Нягледзячы на вынік, будзем шчырымі, нашы далі тайскім суперзоркам такія баі, за якія, далібог, не сорамна. На вачах ва ўсяго свету Кулебін і Гуркоў гучна пра сябе заявілі і, відавочна, паднялі свае рэйтынгі. Пасля такіх выступленняў можна канстатаваць: хутка нашы стануць удзельнікамі самых значных баёў у сусветным муай-тай.

“Будзьма беларусамі” працягне паведамляць пра навіны ў спартовым жыцці Віталя Гуркова і Андрэя Кулебіна.