Двухмоўе ў краінах — амаль заўжды канфліктная сфера

Цяжка спрачацца з тэзамі пра тое, што мова — гэта не толькі інструмент камунікацыі і перадачы ведаў у чалавечых супольнасцях, але матыватар прадукавання, развіцця і экспансіі ідэнтычнасцяў. Відавочна, што з выкарыстаннем СМІ і культуры, падмуркам якіх з’яўляецца моўны складнік, змяняецца не толькі матывацыйны ландшафт грамадстваў, але і закладаюцца ўстаноўкі на будучыню для цэлых рэгіёнаў планеты.


Цікавая тэма спалучэння культураў, узаемадзеяння. І нават узаемнага пранікнення, якое можна назіраць у рэальным часе. Лінгвісты сцвярджаюць, што так званыя малыя мовы заўжды знаходзяцца пад пагрозай уплыву і несіметрычных стасункаў з боку «большых» моваў. Нават у выпадках, калі носьбіты гэтых моваў у мінулым былі скрайнімі антаганістамі.

Напрыклад, Ірландыя. Пасля стагоддзяў насаджвання ангельскай мовы, за некалькі дзесяцігоддзяў «раўнапраўя» ў сучасным інфармацыйным свеце ірландская не проста не здолела адваяваць пазіцыі, але трапіла яшчэ ў большы заняпад.

Так, сёння ірландскай ідэнтычнасці, якая абапіраецца не толькі на гісторыю супрацьстаяння рознабаковай ангельскай экспансіі, але і на ўнёсак у сусветную культуру і каталіцкае веравызнанне, глабальна нічога не пагражае. Але і аспрэчваць факт, што ірландцы, здаецца, канчаткова змірыліся са стратай паўночнай часткі краіны і нават не робяць значных захадаў дзеля адраджэння мовы, таксама не выпадае. Гэта ў перспектыве з-за глабалізацыйных тэндэнцыяў у свеце можа істотна змяніць калектыўную ідэнтычнасць, канчаткова выкрасліць ірландскую самасвядомасць не толькі з калектыўнага нематэрыяльнага, але і з гісторыі.

Іншы цікавы прыклад — Канада. Краіна, якую прыхільнікі двухмоўя ў Беларусі і рэгіёне прыводзяць як эталон мірнага і прадуктыўнага суіснавання некалі антаганістычных ангельскай і французскай.

Як заўжды ў такіх выпадках, апалагеты двухмоўя і раўнапраўя ў моўным пытанні не асабліва глыбока даследуюць прыклад і не звяртаюць увагі на ўласна меркаванні жыхароў краіны, крытычныя заўвагі з боку рознага кшталту даследчыкаў. Можна сказаць, што большасць аргументаў базуецца на апеляцыі да ўмоўнага дабрабыту краіны. Хаця відавочна, што ён фундуецца ў апошнюю чаргу на моўных аспектах.

І знешняе мірнае суіснаванне забяспечана здатнасцю пошуку кампрамісаў на шляху праз хвалі гвалту і крыві. Так было і ў Канадзе, і ў Ірландыі, і ў Швейцарыі з Бельгіяй.

Супрацьстаянне без стрэлаў артылерыі

Хаця прайшло 250 год, як скончылася брытанска-французская вайна за гэтыя тэрыторыі, і амаль 150 ад моманту буйнога антыбрытанскага паўстання, супрацьстаянне паміж франкамоўнымі і англамоўнымі ў краіне працягваецца. Так, не чуваць стрэлаў артылерыі, не палаюць захопленыя форты. Барацьба сёння ідзе ў палітычных салонах, на дыскусійных ток-шоу. А таксама ў гандлёвых цэнтрах, на вуліцах.

Квебек на мапе КанадыФота: https://ontheworldmap.com

Пачуць абвінавачанні ў парушэнні правоў можна з усіх бакоў ідэнтычнасных барыкадаў.

Франкафоны называюць палітыку брытанцаў у Квэбэку, а потым і іх англамоўных нашчадкаў да сярэдзіны ХХ ст., каланізацыяй. А зніжэнне ўжывання французскай мовы нашчадкамі перасяленцаў з Францыі — наступствамі асіміляцыі.

Ангельскамоўныя канадцы вінавацяць франкафонаў у дыскрымінацыі пасля 1960 г. Ад моманту, калі былі прынятыя першыя законы, што абмяжоўвалі распаўсюд ў правінцыі Квэбэк ангельскай мовы. Некаторыя палітыкі называюць дзейную сістэму ў краіне асіметрычным федэралізмам і білінгвізмам. А апошнія «моўныя рэформы», якія яшчэ больш ускладняюць ужыванне ангельскай у Квэбэку, верагоднай прычынай канчатковага расколу грамадства (у перспектыве і краіны):

«Калі мы як грамадства вырашым, што сёння можна абмяжоўваць правы англамоўных жыхароў Квебека, мы таксама адкрываем дзверы для абмежавання правоў франкамоўных канадцаў у іншых месцах краіны. Прынцып асіметрыі вядзе нас на гэты шлях пазбаўлення правоў меншасці, калі гэтая меншасць больш не мае сродкаў для абароны».

Ціхая моўная рэвалюцыя

Але яшчэ 63 гады таму сітуацыя была крыху іншая. Нельга сказаць, што кардынальна супрацьлеглая. Франкамоўных у Квэбэку было нават больш, чым зараз, але паноўную ролю ўсё ж мела ангельская.

У выніку падпарадкавання былой французскай калоніі Брытаніі, вялікая колькасць заможных франкафонаў пакінула правінцыю. Такім чынам большасць эканамічных сфераў апынуліся ў руках ангельскамоўных.

Ангельская мова паступова стала мовай элітаў Квэбэка, а шараговым грамадзянам таксама трэба было абавязкова ведаць ангельскую, каб атрымаць дастойны заробак. Толькі французскай ужо было недастаткова для атрымання прэстыжнай адукацыі.

Такім чынам, мова большасці жыхароў Квэбэка да 1960 г. мела ніжэйшы статус за ангельскую.

Напрыклад, у прэстыжным універсітэце McGill навучалася толькі 7% студэнтаў, для якіх французская была роднай (франкамоўных у Квэбэку на той момант было 82%). Студэнты, для якіх роднай мовай была ангельская, складалі 42% ва ўсіх вышэйшых навучальных установах.

Гэтыя лічбы дэманструюць у тым ліку не толькі дыспрапорцыі ў грамадстве, але і адлюстроўваюць эканамічнае становішча англамоўных у Квэбэку на пачатак 1960-х.

Не дзіўна, што пратэсты супраць расавай сегрэгацыі ў ЗША ў 1960-х рэхам адбіліся і на Канадзе. Аднак мелі свой асаблівы кірунак. Палітыкі здолелі скарыстацца незадаволенасцю франкамоўных жыхароў Квэбэка паступовай асіміляцыяй з боку англамоўнага насельніцтва, спалучыўшы яе з прафсаюзным рухам за правы працоўных і прагай грамадства да атрымання большых сацыяльных гарантыяў.

Некалькі год у Квэбэку адбываліся пратэсты, страйкі, захопы будынкаў навучальных установаў, фіналам якіх нярэдка быў гвалт з боку паліцыі і пратэстоўцаў. Асаблівым кірункам супраціву быў байкот неквэбэкскіх тавараў, кампаніяў з «англамоўным капіталам» і іншыя падобныя салідарныя дзеянні грамадства.

Гэта супрацьстаянне дазволіла новым палітычным сілам франкамоўных на пачатку 1960-х распачаць хвалю, якая працягвалася больш за 20 год і атрымала назву «спакойная рэвалюцыя» (Revolution tranquille).

Змены сапраўды адбыліся рэвалюцыйныя, калі казаць пра поўнач амерыканскага кантынента. За дзясятак год у Квэбэку была створана цэнтралізаваная дзяржаўная сістэма адукацыі і медыцыны, якія да гэтага былі амаль цалкам на ўтрыманні рэлігійных арганізацыяў. У супрацоўніцтве з прафсаюзамі былі распрацаваныя інструменты для падвышэння сацыяльных гарантыяў для грамадзянаў.

дэманстрацыя ў КвебекуФота: https://lautjournal.info

Таксама ўлады правінцыі рэалізавалі некалькі праграмаў па фактычнай нацыяналізацыі энергетычнай інфраструктуры, якая да гэтага часу належала кампаніям з англамоўных частак краіны.

Адзінай афіцыйнаю моваю ў правінцыі была абвешчана французская.

Напружанне ў грамадстве нарастае

Відавочна, што ангельская мова нават пасля запачаткавання дзейнасці так званай моўнай паліцыі нікуды не падзелася. У Квэбэку па-ранейшаму жыве каля 20% англамоўнага насельніцтва, дзейнічаюць адукацыйныя ўстановы, большасць мігрантаў з розных куткоў свету аддаюць перавагу ангельскай для вывучэння як найбольш перспектыўнай і запатрабаванай у краіне і свеце. Хаця па законе іхныя дзеці бясплатна могуць вучыцца толькі ў франкамоўнай школе.

Разам з ростам колькасці англамоўных у правінцыі і сталым інфармацыйна-культурным ціскам паступова змываецца міжмоўны мур. Што цікава і цалкам вытлумачальна, 97% франкамоўных ведаюць ангельскую на даволі высокім узроўні. І толькі каля 50% англамоўных жыхароў Квэбэка вывучаюць французскую, на пабытовым узроўні валодаюць гэтай мовай крыху больш.

Цікава, што, у залежнасці ад даследаванняў, колькасць жыхароў Квэбэка, якія вызначаюць сваю ідэнтычнасць як канадскую, вагаецца ў раёне 60%, 25% лічаць сябе французамі, 15% квэбэкцамі.

Можна сказаць, што фінальным крокам зменаў у ХХ ст. магло б стаць абвяшчэнне незалежнасці Квэбэка. Але ў 1995 г. на рэферэндуме аб далейшым лёсе правінцыі супраць аўтанамізацыі прагаласавала крыху больш за палову жыхароў.

Падзеі канца стагоддзя, напэўна, сталі істотным сігналам і для франкамоўных, і для англамоўных, а таксама для федэральных уладаў.

дэманстрацыя ў Квебеку 4Фота: https://i.insider.com

Магчыма, што палітыкі ўбачылі небяспеку працягу далейшых незалежніцкіх тэндэнцыяў у правінцыі. Таму на асіметрычныя (як лічаць некаторыя даследчыкі — дыскрымінацыйныя) крокі з боку ўрада правінцыі ў дачыненні да статусу ангельскай мовы з федэральнага цэнтра глядзяць не вельмі крытычна.

дэманстрацыя ў Квебеку 3Фота: https://smartcdn.gprod.postmedia.digital/montrealgazette

Тым часам напружанне ў грамадстве нарастае, улады Квэбэка намагаюцца з апошніх сілаў стрымаць ангельскамоўныя ўплывы, ініцыюючы новыя і новыя абмежаванні.

У 2023 годзе ў агламерацыі Манрэаля (дзе жыве 5 млн чалавек, амаль палова насельніцтва правінцыі) пракацілася хваля пратэстаў супраць новых моўных ініцыятываў. Яны яшчэ афіцыйна не прайшлі ўсе працэдуры ўзгаднення, але выклікаюць шмат пытанняў у праваабаронцаў і некаторых палітыкаў. А асобныя загалоўкі ў прэсе гучаць так, нібыта падзеі адбываюцца зусім не ў Канадзе, а ў якой-небудзь сатрапіі азіяцкага кшталту: «Англамоўныя квэбэкцы страцяць працу і магчымасць артымліваць паслугі на роднай мове з-за новага закона», «Англамоўнай супольнасці правінцыі Квэбэк неабходна прававая абарона. Не з-за парушэння моўных правоў, а з-за пагрозы жыццяздольнасці нашай грамады».

І на Захадзе выкарыстоўваюць дыскрымінацыйныя меры

Прыклад моўнай сітуацыі ў канадскай правінцыі Квэбэк паказвае, што пры пагрозе лакальным моўным асаблівасцям з боку паноўных у рэгіёне культур нават у заходніх дэмакратыях эліты гатовыя ісці на дыскрымінацыйныя захады.

Канфліктныя і супярэчлівыя моўныя тэмы год за годам таксама прыводзяць да палітычных, а часам і фізічных супрацьстаянняў нават у такіх, здавалася б, заможных краінах, як Бельгія ці Швейцарыя.

Але тым не менш палітыкі ідуць на не заўжды папулярныя крокі, не зважаючы на крытыку з боку праваабаронцаў, іміджавыя страты. Напэўна, яны разумеюць, што інакш мову чакае лёс беларускай альбо ірландскай.

Для квэбэкцаў яскравым з’яўляецца прыклад французскай у Луізіане, якую паглынула ангельская на поўдні ЗША.

Моўнае супрацьстаянне — заўжды канфліктная сфера, гэта ў меншай ступені асяродак для культурніцкіх ініцыятываў, прыхільнікаў рынкавай канкурэнцыі паміж мовамі. Бо як сведчыць гісторыя, калі за мову няма каму змагацца (у палітычным і фізічным сэнсах) — яна заўжды саступае больш настойлівым, экспансіянсцкім праектам з накіраванасцю на дамінаванне.

А. Г., budzma.org