«Калядная Крама», у якой прадаваліся ёлачныя цацкі з выявай беларускай паэткі Ларысы Геніюш ды іншых выбітных беларускіх творцаў, не будзе працаваць 16 і 17 лістапада, заўважыла выданне «Люстэрка».
Аб’ява ў сацсетках «Каляднай Крамы». Лістапад 2025 года, Мінск. Скрыншот са сторыз у Instagram
У размешчаных аб’явах паведамляецца, што «Калядная Крама» часова не працуе.
«16 і 17 лістапада «Калядная Крама» зачынены па тэхнічных прычынах», — пазначана ў сторыз крамы ў Instagram.
Іншых тлумачэнняў прыпынення працы не прыводзіцца.
14 лістапада з крытыкай на «Калядную Краму» абрынуліся прапагандысты. Іх абурылі выстаўленыя на продаж ёлачныя шары з партрэтам беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Першай на гэта звярнула ўвагу прапагандыстка Ксенія Лебедзева, якая напісала абураны пост. Яго падхапілі іншыя адыёзныя супрацоўнікі дзяржСМІ. Прапагандыстка Вольга Бондарава з гэтай нагоды нават склала данос у міліцыю, назваўшы Геніюш «нацысцкай злачынцай».
Праз пару гадзін пасля скандалу ўпрыгожанні знялі з продажу.
Нагадаем, у ліпені прапагандысты сарвалі ў Мінску вечарыну памяці Ларысы Геніюш, якая павінна была прайсці 8 ліпеня.
Ларыса Геніюш уваходзіла ў Раду БНР, у 1943 годзе была прызначаная генэральным сакратаром ураду БНР. У СССР Ларыса Геніюш была асуджаная на 25 гадоў зняволення. Была вызвалена ў 1956 годзе, пасля чаго разам з мужам жыла ў Зэльве.
Геніюш не была рэабілітаваная ні напрыканцы 1980-х, ні ў незалежнай Беларусі. Некалькі гадоў таму прапагандысты пачалі новы крыжовы паход супраць памяці паэткі. Каля царквы ў Зэльве прыбралі помнік, пастаўлены з блаславення мітрапаліта Філарэта.