11 лістапада Польшча адзначае Дзень незалежнасці. З гэтай нагоды Лявон Вольскі разважае пра тое, як змянілася Польшча за перыяд з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя і па цяперашні час. Пакручасты шлях, які прайшла краіна, — «заслугоўвае безумоўнае павагі. Тым болей, што ўсё гэта адбывалася на маіх вачах», — піша Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
У далёкім 1918-м годзе быў падпісаны Камп’енскі мір, і Рэч Паспалітая зноў зьявілася на картах сьвету як самастойная паўнавартасная краіна, а ня частка Расейскае імпэрыі. Гісторыя — рэч парадаксальная, і неўзабаве Польшчу чакалі гады нямецкай акупацыі і дзесяцігоддзі акупацыі савецкай.
Але цёмныя часы мінулі, і з канца 1980-х Польшча зноў сьвяткуе сваю незалежнасьць. Гэта быў пакручасты цяжкі шлях. Шматлікія паўстаньні супраць маскальскай акупацыі, да якіх пад’ядноўваліся і нашыя, на той час яны зваліся літоўскімі, землі, і пасьля гэтых паўстаньняў толькі ўзмацняўся тэрор і прыгнёт...
Здавалася, усё з кожным дзесяцігоддзем толькі пагаршаецца, і што гэтаму пагаршэньню не відаць канца. Але вось прыйшоў 1918-ы, і Польшча вярнула незалежнасьць. І ня толькі вярнула, але й адстаяла, бо чырвоная Расея не хацела адпускаць бяз бою прысабечаную калісьці частку імпэрыі. Тады гэта не атрымалася.

Пасьля Другое Сусьветнае вайны Расея ўзяла рэванш, і Польшча апынулася ў сфэры ейнага ўплыву. Камуністычная ідэалёгія, дэфіцыт, безаблічныя жылыя раёны — здавалася б, усё, як у нас. Насамрэч, ня ўсё.
Напрыклад, у Польшчы ніхто не выкладаў гісторыю, кіруючыся расейскацэнтрычным сьветапоглядам. Ніхто не вывучаў жыцьцяпісы ледзьве не сьвятых «вялікіх рускіх палкаводцаў» Суворава ды Кутузава і насамрэч «сьвятога», паводле Маскоўскае праваслаўнае царквы, Аляксандра Неўскага.
Нам жа ў беларускіх савецкіх школах надзейна задзёўбвалі ў галовы гэтыя штампы, якія мусілі рабіцца асновамі нашага сьветапогляду — Сувораў, Кутузаў, Айчынная вайна 1812-га году, 1-я імпэрыялістычная (замест 1-й сусьветнай), Ленін, Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя, калектывізацыя, лямпачка Ільліча, раскулачваньне, Паўлік Марозаў — ручаіны, рэкі, моры ідэлягізаванае, «адзіна правільнае», выверанае, часьцяком, фэйкавае інфармацыі, якую мы мусім пранесьці праз жыцьцё, ні сэкунды не сумнеючыся ў ейнае безумоўнае слушнасьці. Некаторыя дык і дагэтуль не сумняюцца.
У Польшчы былі незалежныя прафсаюзы. Усе ведаюць «Салідарнасьць», зь якой пачалося абрынаньне камуністычнага рэжыму.
У Польшчы былі літаратары — паэты, празаікі, драматургі, якія не баяліся называць рэчы сваімі імёнамі.
У Польшчы было кіно сусьветнага ўзроўню. І шмат якія рэжысэры не карысталіся паслугамі ўнутранага цэнзара.
Польшча мела магутную рок-плынь. Гэта была цэлая эпоха «польскага року», і песьні тагачасных гуртоў (шмат хто зь іх грае й цяпер) дагэтуль круцяць па радыё, і гучыць гэта пераканаўча...
Пасьля 2020-га ў Польшчу зьехала шмат беларусаў. Камусьці тут падабаецца — ёсьць магчымасьці для бізнэсу, для творчасьці, для разьвіцьця. Нехта (такія людзі ёсьць у любой краіне) ня можа самарэалізавацца, лічыць, што ў Беларусі было значна лепей, але вярнуцца туды не выпадае празь перасьлед, сядзіць і піша ў сацсетках пасты нянавісьці — як тут усё кепска, крыва, коса й няўтульна...
Мой першы канцэрт адбыўся ў Польшчы ў 1990-м. Яшчэ не загнуўся Савецкі Саюз, але па ўсім было відаць, што Польская рэспубліка паставіла ўжо на ім тлусты чыгунны каталіцкі крыж. Гэта быў час, калі абрыналася жалезная заслона — няўтульны, мітусьлівы, трывожны, але напоўнены сьвятлом надзеі. І цяпер можна параўнаць Варшаву 1990-га зь цяперашняй. Шэра-чорны постсавецкі мэгаполіс, дзе адзін раён падобны да другога, дзе мала дэмакратычных кавярняў, дзе на Празе можна сустрэцца з карыкатурнымі (але ўсё адно небясьпечнымі) гопнікамі, а на цэнтральным вакзале — з прадстаўнікамі размаітых злачынных груповак...
Цяпер гэта зусім іншы горад, дзе кожны раён мае сваё аблічча й свае цікавосткі, дзе безьліч кавярняў, рэстарацыяў і сталовак (тут іх называюць «малочны бар») на любы густ і бюджэт, дзе тая самая Прага паступова пераўтвараецца ў артыстычны раён...
Гісторыя, як я пісаў вышэй, рэч парадаксальная, і ніхто ня ведае, у які бок хісьнецца ківач ў наступнае імгненьне. Але тое, як зьмянілася Rzeczpospolita Polska за пэрыяд з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя і па цяперашні час — заслугоўвае безумоўнае павагі. Тым болей, што ўсё гэта адбывалася на маіх вачах.
Я адмыслова не параўноўваў Польшчу зь Беларусьсю, а Варшаву зь Менскам. Занадта розныя цяпер гэта краіны. Занадта розныя гарады. У Менску за апошнія трыццаць зь нечым гадоў нельга было вольна дыхнуць — татальная несвабода вісела ў паветры, як смог. Ён у розныя часы быў то гусьцейшы, то крыху разьвейваўся, але ніколі не зьнікаў. Кагосьці гэтае пытаньне беларускае свабоды ня надта хвалюе, проста так атрымалася, што на хвалі пратэстаў давялося пераехаць у Польшчу, і тут усё раздражняе — ад мовы да звычаяў — і мучае жорсткая настальгія па шырокіх менскіх праспэктах, хуткай службе дастаўкі і зручным інтэрнэт-банкінгу. Дык, можа, час пашукаць сабе новую радзіму? Сьвет вялікі — Вугоршчына, Сэрбія, Румынія, Альбанія, Уетнам, у рэшце рэшт. Навошта ж жыць там, дзе не падабаецца?
А я дык вельмі ўдзячны Польшчы за гасьціннасьць, за падтрымку ў цяжкія часы забаронаў, за ўдзячную публіку, за знаёмствы зь цікавымі людзьмі, за прыклад таго, як з панурага сацыялістычнага краю можна адбудаваць сапраўдную незалежную эўрапэйскую краіну — з выдатнымі дарогамі, класным грамадзкім транспартам, насычаным культурным жыцьцём, гандлёвымі цэнтрамі, натоўпамі турыстаў з усяго сьвету і рознымі мовамі на вуліцах гарадоў.
Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org