Кніга “Круглы год” змяшчае хоку Максіма Танка, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Сцяпана, Уладзіміра Сіўчыкава і Адама Глобуса. Яна з’явілася як канцэпт-арт маладой мастачкі і дызайнеркі Кацярыны Красавік і існуе ў адзіным экзэмпляры.
Старонкі сшытыя ўручную так званым японскім пераплётам і сабраныя ў кнігу кішэннага фармату, што налічвае 49 старонак. Асацыятыўыя ілюстрацыі натхнёныя японскімі акварэлямі, іх лёгкасцю, якая, паводле задумы мастачкі, мусіць хаваць моцны сэнсавы пасыл.
“- Калі натхняешся японскімі акварэлямі, вядома ж, чытаеш і хоку, да якіх вельмі часта гэтыя акварэлі і створаныя, – тлумачыць Кацярына Красавік. – Але мяне вельмі захапляе беларуская культура, і я не магла не пачаць шукаць лакальны матэрыял падобнага фармату. І знайшла кнігу выдавецтва “Літаратура” 1996 году, наклад якой быў усяго 40 экзэмпляраў. Вось так атрымаўся мой невялічкі арт-бук, які яшчэ, магчыма, будзе трансфармавацца і паляпшацца.”
budzma.by