У сярэдзіне лютага ў Берліне адбылася цырымонія ўзнагароджання кінапрэміі «Чырвоны верас». Дзясяткі незалежных фільмаў і кінематаграфістаў, што іх стварылі, атрымалі ўзнагароды. Адна праблема — для большасці беларусаў гэтая культурная падзея так і засталася «рэччу ў сабе», бо незалежнае кіно праз дзяржцэнзуру ўжо даўно немагчыма паглядзець у Беларусі.
Budzma вырашыла выправіць гэты хіб і сабрала тыя фільмы-пераможцы, якія легальна можна паглядзець анлайн.
«Галасы. Дзе мой край»
Рэжысёры Максім Швед і Сяргей Кавалёў (пад псеўданімам DocWave)
Перамога ў намінацыі «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»
Пра што кіно:
Трохактная дакументальная аповесць пра з’яўленне аднаго з сімвалаў пратэстаў 2020 года — музычны калектыў «Вольны хор». Аўтары назіраюць за трансфармацыяй музыкаў праз лёс маладой сям’і Сердзюковых, якія меней чым за два гады пражываюць моманты грамадскай эйфарыі, страх пераследу, душэўны боль ад прымусовай эміграцыі і пачатак вайны ва Украіне.
«Маладосць па-беларуску»
Рэжысёрка Ксенія Галубовіч
Перамога ў намінацыі «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»
Пра што кіно:
Уважлівы партрэт беларускай моладзі постпратэстнага часу, увасоблены ў гісторыі маладой дзяўчыны, якая прайшла праз затрыманні, але засталася жыць у Беларусі. Аповед пра адміністратыўны арышт перамяжоўваецца тусоўкамі на Кастрычніцкай і сямейным святкаваннем Калядаў. Трапны адказ скептыкам, якія лічаць, што ў краіне пасля 2020 года не засталося жыцця.
«Метадычыка»
Рэжысёр Павел Мажар
Перамога ў намінацыі «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»
Пра што кіно:
Скрупулёзнае дакументальнае эсэ, аздобленае акторскімі перформансамі і візуальнымі інсталяцыямі, мэта ў якога адна — паказаць рэпрэсіі беларускага рэжыму як ідэальную сістэму для гвалту і дэгуманізацыі. Відовішча, якое ўражвае і пераконвае ў аўтарскай пазіцыі без выкарыстання дакументальных кадраў.
Фільм бескаштоўна можна глядзець праз VPN, наладжаны на Францыю, па спасылцы.
«Мы не ведалі адзін аднаго да гэтага лета»
Рэжысёрка Вольга Абрамчык
Аўтарцы перададзена на захаванне «Спецыяльная згадка — калектыўнаму сведку»
Пра што кіно:
Галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава падчас суду над ёй адзначыла, што барацьба дзяржавы з незалежнымі СМІ бессэнсоўная, бо сёння кожны грамадзянін са смартфонам — гэта ўжо патэнцыйны журналіст. Рэчаіснасць апынулася больш складанай — СМІ з краіны ўсё ж выціснулі і заблакавалі, але праўда ў словах Золатавай усё ж засталася. І мантажны фільм Вольгі Абрамчык пра крызіс 2020 года, створаны з мазаікі дасланых простымі беларусамі відэа, толькі чарговы раз даказвае моц словаў медыйшчыцы.
«Ператрымка»
Рэжысёр Андрэй Кашперскі
Перамога ў намінацыях: «Найлепшы сцэнар» і «Найлепшы актор» (Андрэй Новік)
Пра што кіно:
Для многіх беларусаў да 2020 года было не відавочна, што рэжым Лукашэнкі ставіцца да людзей як да рэсурса, якім можна распараджацца як заўгодна: біць, саджаць у турмы, рабаваць, абвешваць шматлікімі падаткамі. Сутнасна «Ператрымка» праз сатырычную фантасмагорыю прыходзіць да той жа высновы — у сучаснай Беларусі існуе прыгоннае права, у сваёй своеасаблівай вычварэнскай форме.
«Спатканне ў Мінску»
Рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі
Перамога ў намінацыях: «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы рэжысёр», «Найлепшая праца аператара» (Юля Шатун), «Найлепшая акторка» (Вольга Кавалёва)
Пра што кіно:
Паўтарагадзіннае спатканне двух сталічных маладзёнаў, якія абмяркоўваюць каханне, аб’юз, палітыку, кіно, эміграцыю і шмат што яшчэ. Беларускі адэпт амерыканскага індзі-кіно Мікіта Лаўрэцкі сумесна са сваёй жонкай Вольгай Кавалёвай зняў цудоўны імправізацыйны фільм-падкаст, які не абавязкова нават глядзець, а можна проста слухаць без візуальнага суправаджэння. Шмат што з аўтарскай рэфлексіі прагукаецца з думкамі гледачоў, якія жылі ў краіне, дзе мірная рэвалюцыя пацярпела паразу.
«Смеццевая галава»
Рэжысёр Юрый Сямашка
Перамога ў намінацыях: «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Адкрыццё году»
Пра што кіно:
Мінімалістычная і змрочная фантасмагорыя пра небяспеку выкання няспраўджаных жаданняў. «Смеццевая галава» адначасова нагадвае сплаў стужак Дэвіда Лінча, Тэры Гіліама і Мішэля Гандры, але па сутнасці з’яўляецца вольнай экранізацыяй філасофскай драмы Гётэ «Фаўст. Трагедыя», якую аўтар наўпрост цытуе ў фільме.
«Shirey Mara»
Рэжысёрка Ната Карнеева
Перамога ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм»
Пра што кіно:
Кранальная гісторыя ўспамінаў пра каханне маладога хлопца Іосіфа да дзяўчыны Мары, якім праз лёс не наканавана быць разам. Паэтычная форма і акварэльнае аздабленне толькі дадаткова падкрэслівае драматычнасць аповеду.
«A Kid’s Flick»
Рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі
Перамога ў намінацыі «Найлепшая актрыса» (Вольга Кавалёва)
Пра што кіно:
Яшчэ адзін фільм з фільмаграфіі Мікіты Лаўрэцкага, дзе ён у ігравой форме спрабуе адрэфлексаваць феномен усебаковага гвалту з боку дзяржавы ў 2020 годзе. Можна спрачацца пра мастацкую якасць стужкі, але трэба надаць належнае аўтару — ён ведае, што выратаванне ад жахаў і злачынстваў рэжыму трэба шукаць сярод блізкіх людзей, гатовых падтрымаць цябе ў складаны час.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org