Беларусы і дома, і ў эміграцыі ўсё больш задумваюцца пра сваю ідэнтычнасць. Часта першым крокам на гэтым шляху становіцца зацікаўленасць фальклорам, традыцыйнай культурай. І тады паўстае пытанне: дзе браць інфармацыю? Не кожны любіць хадзіць у бібліятэку. Нягледзячы на вялікую колькасць тэматычных праектаў у сеціве, навічку бывае цяжка ў іх разабрацца, адрозніць этнаграфічныя крыніцы ад іх мастацкіх і псеўданавуковых інтэрпрэтацый. Прапануем уласны гайд.
Сайт і сацсеткі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства
Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (СЭТ) заснаваная ў 1998 г. Таварыства правяло больш за 30 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, стварыла ўласны навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Ладзіць каляндарныя святы, гурткі па традыцыйных рамёствах і спевах, выставы, лекцыі, робіць навукова-папулярныя выданні. У 2014 г. акрэдытавана ў якасці экспертнай арганізацыі пры Міжурадавым камітэце ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
На сайце арганізацыі set.ethno.by пачатковец можа атрымаць сціслую, але навукова вывераную інфармацыю пра беларускія рамёствы, каляндарныя святы, а ў раздзеле «Артыкулы» знойдзе карысныя лікбезы: асноўныя памылкі падчас нашэння традыцыйнага строю, этнаграфічны must read, майстар-класы па вырабе каляднай маскі і кепкі-васьміклінкі...
Найбольш актыўна ў сацсетках дзейнічае суполка СЭТ у кантакце. Акрамя сцяны з этнаграфічнымі навінамі, раім карыстацца матэрыяламі. Плэйлісты прапануюць песні і аповеды са звесткамі пра розныя святы і падборкі з экспедыцый СЭТ па ўсёй Беларусі. У фотаальбомах — дэталёва задакументаваныя этнаграфічныя выставы, святы, падборкі з экспедыцыйных здымкаў. У раздзеле «Відэа» — запісы навукова-папулярных лекцый, фільмаў, экспедыцыйныя матэрыялы.
Фота Абрад «Чырачка», 2023 г., в. Тонеж Лельчыцкага раёна
Этнаўсё — найбуйнейшая анлайн-бібліятэка па традыцыйнай культуры
«Этнаўсё» пачынаўся пад патранатам СЭТ і вырас у асобны праект. Ён хутчэй не для навічкоў, якія шукаюць якой-кольвек інфармацыі, а для тых, хто цікавіцца пэўнай тэмай ці рэгіёнам. Сайт дае дыстанцыйны дасяг да навуковых кніг і артыкулаў, публікацый, якія выходзілі ў прэсе, аўдыя- і відэазапісаў па тэматыцы традыцыйнай культуры. Некаторыя адзінкі ахоўваюцца аўтарскім правам, таму для карыстання ўсімі магчымасцямі сайта трэба зарэгістравацца. Дасяжны пошук па тэмах, лакацыях, персаналіях (як народных творцаў, так і аўтараў — навукоўцаў і журналістаў).
Яшчэ ў 2016 г. стваральнік праекта Яўген Барышнікаў казаў у інтэрв’ю аўтарцы гэтага артыкула: «Масіў даных, назбіраных за больш чым 150 гадоў існавання беларускай этнаграфіі як навукі, аграмадны, але маладасяжны для шырокай аўдыторыі. І гаворка нават не пра архіўныя матэрыялы, а пра апублікаваныя крыніцы: старадрукі даследаванняў этнографаў мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, што захоўваюцца ў аддзелах рэдкай кнігі бібліятэк; фальклорныя аўдыявыданні, што выходзілі малымі накладамі на пласцінках і кампакт-дысках; матэрыялы перыядычнага друку, не змешчаныя ў інтэрнэце, якія пачытаць можна толькі ў бібліятэчных падшыўках. Таму на цяперашні момант мэта — сабраць ужо апублікаванае. Да ўсяго, праз недасяжнасць першакрыніц у масавай культуры множацца інтэрпрэтацыі, якія з арыгіналам параўнаць няма магчымасці. Інтэрпрэтацыя ідзе на ўсіх узроўнях: у культурных інстытуцыях, мясцовых установах, у модных хіпстарскіх гарадскіх тусоўках. Гэтыя інтэрпрэтацыі досыць адвольныя, часам даходзяць да поўнай прафанацыі і праз недахоп інфармацыі замяняюць сабой арыгіналы».
Бадай, гэтыя словы актуальныя і сёння. Толькі да патэнцыйнай аўдыторыі дадалося шмат людзей, якія фізічна не могуць трапіць у беларускія бібліятэкі.
Фота з выставы «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі», 2022 г.
Бібліятэка Kamunikat
На «Этнаўсё» можна знайсці апісанні некаторых кніжак, у якіх няма электронных версій. Тады можна пашукаць на сайце kamunikat.org. Гэта беларуская інтэрнэт-бібліятэка (працуе без рэгістрацыі), дзе кнігі не толькі па традыцыйнай культуры. Асабліва рэкамендуем серыю «Беларуская народная творчасць» (тут). Гэта «Біблія беларускай фалькларыстыкі», зборнікі, прысвечаныя асобным жанрам фальклору. Серыю выдае з 1970 г. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.
Праект Tradycyja
Аматары візуальнага кантэнту на сайце tradycyja.com знойдуць фота- і відэарэпартажы з традыцыйных каляндарных святаў, якія дасюль бытуюць у беларускіх вёсках.
Фота «Валачобнікі» — абрад на Вялікдзень, в. Запруддзе, Глыбоцкі раён. Фота Альфрэда Мікуса, tradycyja.com
Таксама відэа элементаў вясельнага абраду, якія можна выкарыстаць на сучаснай цырымоніі, каб дадаць да яе нацыянальную нотку. На сайце змешчана відэаэнцыклапедыя рэгіянальных традыцыйных строяў, запісы майстар-класаў і лекцый (пакуль пераважна пра Каляды і выцінанку). Можна паглядзець фільмы пра палешукоў: ткаллю Улляну Віннік, святара Васіля Ляско, даследчыка і перакладчыка Бібліі на палескую гаворку Фёдара Клімчука.
Старыя фотаздымкі
Краязнаўцаў, якія знаходзяць і публікуюць старыя здымкі, хапае. Але кожны агляд суб’ектыўны, таму мы рэкамендуем старонку Сяргея Лескеця, фатографа і аўтара кнігі «Шэпт».
Фота: Радаўніца на могілках вёскі Чарэя, Чашніцкі раён. 1 траўня 1979 года. Фатограф: Мікалай Сурын. Фота са старонкі Сяргея Лескеця ў Фэйсбуку
Традыцыйны строй
У суполцы Stroj можна пабачыць старыя здымкі, фота музейных экспанатаў і прадметаў з прыватных калекцый, пачытаць цікавыя дыскусіі пра аднаўленне народнага адзення.
Танцы
Беларускім традыцыйным танцам прысвечана некалькі каналаў на Youtube. Паглядзець можна тут, тут, тут, тут і тут. Пераважна — відэа з сучасных моладзевых вечарын і конкурсаў. На жаль, запісаў старэйшых танцораў няшмат. Тым каштоўнейшы канал «Танцы ад Зінаіды Губаравай-Крупскай» з Вілейскага раёна.
Суб’ектыўна пра ўсё
Рэкамендуем старонку Michalina Okuń, якая амаль штовыходныя вандруе па Беларусі, посціць шмат здымкаў драўлянай архітэктуры, часта запісвае на відэа ўспаміны жыхароў вёсак і мястэчак. Можна даведацца, як людзі даўней жылі, святкавалі, гаравалі і змагаліся. Да таго ж вандроўніца даязджае на абрады, святы, імпрэзы ці проста паглядзець цікавыя мясціны, куды не кожны журналіст збярэцца.
І нясціпла рэкамедуем Ютуб-канал Алены Ляшкевіч, аўтаркі тэксту. Там публікуюцца экспедыцыйныя матэрыялы даследчыцы і запісы выступленняў традыцыйных выканаўцаў з усёй Беларусі і Падляшша. Створаныя плэй-лісты па тэматычным і геаграфічным прынцыпах: розныя каляндарныя святы, вяселле, асобныя раёны. Ёсць таксама запісы сучасных пераймальнікаў традыцыйных песень і танцаў. Можна паглядзець навуковыя і навукова-папулярныя выступленні аўтаркі (пераважна пра Масленіцу і Каляды).
Алена Ляшкевіч, budzma.org