У многіх беларусаў вывучэнне беларускай мовы асацыюецца адно з нуднымі ўрокамі ў школе. Але дзякуючы развіццю сучасных тэхналогій з’явілася шмат цікавых і карысных рэсурсаў, якія дапамогуць без напружання вывучаць і ўдасканальваць беларускую мову. У Дзень роднай мовы зрабілі для вас падборку такіх рэсурсаў на ютубе, у інстаграме і ў ціктоку.
YouTube
«Адукар»
«Адукар» праводзіць курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання, кансультаванне па выбары прафесіі. Дзякуючы бясплатным урокам на YouTube-канале можна вывучыць правілы і цікавосткі беларускай мовы і, адпаведна, навучыцца ёй карыстацца.
#моваздома ад «Арт-Сядзібы»
Праект #movazdoma, запушчаны «Арт-Сядзібай», — гэта кароткі агляд самых распаўсюджаных і прыкрых памылак. Праграма разлічана на тых, хто хоча гаварыць правільна. Аўтары тлумачаць правілы простымі словамі, каб іх лягчэй было запомніць.
«Зёлкі-шоу»
«Зёлкі-шоу» — забаўляльна-пазнавальнае шоу на YouTube, аўтары якога прапануюць разам вывучаць беларускую мову. Сутнасць праекта ў тым, што ў студыю прыходзяць два госці і спрабуюць растлумачыць значэнне беларускіх слоў. Ёсць і мовазнаўца, які дапамагае гасцям і тлумачыць іх памылкі. Пакуль на канале толькі чатыры ролікі, але мы з нецярпеннем чакаем новых рэлізаў.
«Карані і вытокі»
Канал «Карані і вытокі» — праект мінскага «Добрага канала». Моўныя скарбы, моўнае бязмежжа, моўныя будні, моўныя вандроўкі, моўныя батлы, беларускія прыказкі і прымаўкі, беларускі фальклор — у «Добрым перакладзе» вядоўцы вучаць гледачоў не толькі размаўляць, але і думаць па-беларуску.
«Мова нанова»
На «Белсаце» рэгулярна выходзіць праграма «Мова нанова», дзе вядоўца Віктар Шукеловіч размаўляе на моўныя тэмы з самымі рознымі людзьмі. Таксама сайт праекта «Мова нанова» прапануе бясплатныя анлайн-урокі беларускай мовы.
«Годна»
На канале Грамадскай кампаніі «Годна» выходзіць шмат карыснага кантэнту, сярод якога «Трушанка» — відэалекцыі для вывучэння беларускай мовы з Лізай Ветравай, «Шоу Гоман» — відэакурс для вывучэння беларускай мовы ў якасці мовы камунікацыі.
і «Мова Challenge» — незвычайныя ўрокі беларускай мовы для беларускіх зорак.
Гэта найперш візуальныя матэрыялы, але тут ёсць і змястоўныя старонкі на тэмы, звязаныя з вывучэннем беларускай мовы. Вось самыя цікавыя з іх.
«Пакрысе»
Старонка з тэстамі, гульнямі, тэматычнымі слоўнікамі з адпаведнікамі, карткамі-словаміз тлумачэннямі і інтэрактывамі пра беларускую мову і літаратуру. Аўтарка праекта выкладчыца Паліна Маслянкова таксама стварыла курс «Беларуская мова пакрысе» для беларусаў, якія хацелі б загаварыць па-беларуску.
«Лёгкая мова»
Старонка дае беларускія слоўцы з ілюстрацыямі, тлумачэннямі і трапнымі заўвагамі для чытачоў, што хацелі б пашырыць свой слоўнікавы запас.
pramovu — штодзённыя публікацыі пра беларускую мову. Ілюстрацыі, апытанкі і тэсты чакаюць наведвальнікаў старонкі.
«Мова паступова»
Старонка з беларускімі словамі і выслоўямі, загадкамі і хуткамоўкамі.
«Carkasau»
Старонка з моўнымі цікавосткамі ад Міхася Сарокі. Тут знойдзеце разнастайны кантэнт пра адметнасці беларускай мовы, трасянку, лацінку, правапіс, распаўсюджаныя памылкі, правілы маўлення.
Блогеры
Акрамя буйных праектаў, атрымаць веды можна і з асабістых старонак блогераў. Напрыклад, Ліза Ветрава дапаможа размаўляць па-беларуску не толькі на YouTube-канале «Годна», але і ва ўласным Instagram і Tik Tok. У сваіх сацыяльных сетках яна з гумарам падае беларускія цікавосткі, папаўняючы слоўнікавы запас гледачоў.
Чытайце яшчэ: Блогерка Ліза Ветрава: «Трэба, каб людзі разумелі: беларуская мова — гэта нармальна»
Ілья Шынкарэнка — малады ціктокер, які выкладае забаўляльны і адукацыйны кантэнт па-беларуску. Акрамя ціктоку, Ілья робіць відэа на ютуб , спявае і выкладае на курсах падрыхтоўкі да ЦЭ.
Там жа выкладае і Ліза Вер, якая таксама вядзе TikTok і канал YouTube, дзякуючы якім можна атрымліваць і ўдасканальваць свае веды па беларускай мове.
На старонцы Ільі Сіўцова ў TikTok вы зможаце значна пашырыць свой слоўнікавы запас, а заадно больш даведацца пра літаратурную і дыялектную мовы і пра кантэнт на беларускай мове.
Чытайце яшчэ: 8 інтэрактыўных сродкаў для вывучэння беларускай мовы