Ці святкавалі продкі беларусаў Новы год? Што за святы — Шчодрык і Сільвестр? Чаму царква не дазваляла ставіць ялінкі? Чаму ў нашай традыцыі дорыць падарункі Святы Мікалай? Ці праўда, што правобразам Дзеда Мароза быў злы дух, а самога персанажа прыдумалі за часамі Сталіна, а Новы год — цалкам савецкае свята? Напярэдадні новага года budzma.org разбіраецца з пытаннямі, пра якія вы маглі нават не задумвацца раней.
Не Новы год, а Шчодрык?
Галоўным зімовым доўгачаканым святам для нашых продкаў заўсёды былі Каляды, якія спалучалі ў сабе як язычніцкія, так і хрысціянскія традыцыі. Падрыхтоўка да свята суправаджалася пэўнымі традыцыямі, абрадамі і вераваннямі. На Каляды заўсёды накрывалі стол пышнымі стравамі, пасля ўзыходу першай зоркі — вячэралі, а потым пачыналіся забавы: калядаванні, гаданні і гулянні.
Чытайце яшчэ: Што гатавалі нашыя продкі на калядны стол? Традыцыйныя калядныя рэцэпты ад «Будзьма!»
Новы год для нашых продкаў ніколі не быў вялікім святам, на 31 снежня, згодна з народным календаром, выпадаў Шчодрык, ці Шчодры вечар. Гэтае свята мае яшчэ дахрысціянскія карані. На Шчодрык накрывалі стол, гадалі, ці будзе год ураджайным, моладзь ладзіла забавы і хадзіла шчадраваць — тое самае, што і калядаваць.
М. Андрыёлі. «Ваджэнне казы» у панскім маёнтку. Заходняя Беларусь, XIX стагоддзе
Чаму год распачынаецца 1 студзеня і што за свята Сільвестр?
Распачынаць каляндарны год 1 студзеня на нашых землях пачалі пры каралі Стэфане Баторыі. У 1583 годзе ён сваім указам увёў у Рэчы Паспалітай грыгарыянскі каляндар. Прычынай стала прыняцце ў 1582 годзе Папам Грыгорыем XIII новай сістэмы летазлічэння.
Падставай да прыняцця новага календара стала паступовае зрушэнне па адносінах да юліянскага дня вясновага раўнадзенства, па якім і вызначалася дата Вялікадня, а таксама несупадзенне велікодных поўняў з астранамічнымі. Кіраўнік Каталіцкай Царквы лічыў, што трэба вызначыць дакладны разлік святкавання Вялікадня, каб яно выпадала на нядзельны дзень.
Помнік Святому Сільвестру ў Італіі
У каталіцтве 31 снежня — Дзень Святога Сільвестра, у праваслаўных — дзень памяці пакутнікаў Севасцьяна і яго дружыны. Рэлігія такім чынам спрабавала выціснуць дахрысціянскія традыцыі з паўсядзённага жыцця нашых продкаў. Таму з цягам часу пачалі адзначаць Сільвестра, ці Севасцьяна. Адзначалі іх малітвай у храме, а потым хатняй вячэрай. У заходніх і паўночных рэгіёнах Беларусі і сёння можна пачуць, як сталыя людзі называюць Новы год «Сільвестрам», а старыя мужчыны, што нарадзіліся 1 студзеня, маюць імя Сільвестр.
Чаму царква была супраць ялінкі?
Якія ж зімовыя святы без ялінкі і разнастайных упрыгожанняў?! Здаецца, падобная традыцыя існавала з даўніны, але ставіць у хаце і ўпрыгожваць ялінку пачалі даволі позна — ажно ў ХІХ стагоддзі! Першымі пачалі гэта рабіць дваране (маецца на ўвазе ў тым ліку шляхта былой Рэчы Паспалітай, але такога саслоўя ў Расійскай імперыі не было), пераняўшы моду з Заходняй Еўропы.
Упрыгожванне каляднай ялінкі ў ХІХ стагоддзі
Паставіць у сваім маёнтку ялінку, упрыгожыць яе дарагімі каляровымі цацкамі, запрасіць знаёмых і адзначыць Каляды або Сільвестра, бавячы час побач з упрыгожаным дрэвам, стала вельмі папулярнай з’явай сярод заможнага асяродку. З цягам часу традыцыю перанялі і простыя людзі. Але царква гэтую традыцыю доўга не магла прыняць. Падобнае стаўленне да дрэва клір лічыў святатацтвам і навяртаннем у язычніцтва, калі людзі пакланяліся дрэвам. З цягам часу царква саступіла.
Ці верылі нашыя продкі ў Святога Мікалая?
Даўно мы звыклі, што на Каляды маленькіх беларусаў, украінцаў, палякаў і чэхаў віншуе падарункамі Святы Мікалай, але хто гэта — асабліва не задумваліся. Згодна з паданнем, калісьці адзін мужчына, якога звалі Мікалай, дазнаўся пра вельмі бедную сям’ю. Бацька трох дачок не звяртаў увагі на іх выхаванне і вёў асацыяльны лад жыцця.
Калі прыйшла пара выдаваць дачок замуж, глава сям’і, не маючы чаго даць ім у пасаг, вырашыў прадаць дачок у дом цярпімасці. Добры Мікалай не жадаў такога лёсу дзяўчынкам, расчуліўся і падкінуў тры мяшэчкі золата ў дом сясцёр праз комін. Мяшэчкі з каштоўнасцямі трапілі ў панчохі, што сушыліся на коміне. У памяць аб гэтым добрым учынку Мікалая абвесцілі святым яшчэ пры жыцці, а днём ушанавання Святога Мікалая стала 18 снежня.
Святы Мікалай адорвае дзяцей
З цягам часу падарункі пачалі дарыць у ноч на Каляды. Дарэчы, Святы Мікалай яшчэ з’яўляецца заступнікам падарожнікаў, а праваслаўны яго аналаг — гэта Святы Мікалай Цудатворца.
Праправобразам Дзеда Мароза быў злы дух?
У краінах СНД галоўным навагоднім персанажам з’яўляецца Дзед Мароз. Грамадства ўжо звыклася, што ніякага свята быць не можа без добрага барадатага сталага мужчыны ў футры і з мехам падарункаў. Але гісторыя паказвае, што гэты персанаж быў штучна створаны ў ХХ стагоддзі.
Правобразам Дзеда Мароза сталі персанажы з кнігі рускага пісьменніка Уладзіміра Адаеўскага «Мароз Іванавіч», апублікаванай у 1841 годзе, і герой з казкі «Марозка» 1860 года. Гэты вобраз яшчэ не надта падобны на знаёмага навагодняга персанажа. Каляндарная прымеркаванасць казкі — не Каляды або Новы год, а вясна. Мароз Іванавіч жыве ў ледзяной краіне, уваход у якую адкрываецца праз калодзеж. І не ён прыходзіць да дзяцей, а наадварот. Ніякіх падарункаў ён проста так не раздае, а толькі ўзнагароджвае за выкананыя даручэнні.
У іншай казцы злая мачаха прымушае свайго мужа вывезці і пакінуць у лесе яго родную дачку ад першага шлюбу. Мужык паслухмяна выконвае загад, хоць і не хоча гэтага рабіць. У зімовым лесе персанаж Марозка дапамагае дзяўчыне не замерзнуць і вярнуцца дамоў са шчодрымі падарункамі.
Марозка ратуе дзяўчыну ад холада
Правобразам персанажаў Адаеўскага і казкі «Марозка» быў зусім не бяскрыўдны і добры стары чалавек, а сапраўдны злы дух — Мароз! Згодна з павер’ямі, ён замарожваў падарожнікаў, скот, замятаў хаты, доўга не саступаў вясне, патрабаваў ахвяры — маладую дзяўчыну, што і адлюстравана ў казцы «Марозка».
Падобныя павер’і існавалі напрыканцы XIX стагоддзя ў беларускіх і ўкраінскіх вёсках. Паколькі Каляды — свята з язычніцкімі каранямі, значыць і тут былі язычніцкія абрады. Мароза маглі запрасіць пачаставацца куццёй, адчыніўшы дзверы. Лічылася, калі духу спадабаеца страва, то і лютаваць ён не стане.
Дзеда Мароза прыдумалі пры Сталіне?
Вобраз Дзеда Мароза толькі пачаў развівацца і фігураваць на зыходзе Расійскай імперыі ў заможных колах грамадства за часамі зімовых гулянняў. Пасля рэвалюцыі ў 1917 годзе бальшавікі вырашылі прыбраць народныя зімовыя гулянні, хаця Раство як святочны дзень працягвала захоўвацца. У 1929 годзе, са згортваннем палітыкі лібералізацыі, Раство стала звычайным рабочым днём.
У 1935 годзе было прынята рашэнне зладзіць для дзяцей святочныя навагоднія ёлкі ў цэнтральных гарадах Савецкай Расіі, замяніўшы ўсю рэлігійную атрыбутыку на савецкую. Зорку Віфлеема замянілі на чырвоную савецкую, традыцыйным ражанням прыйшоў на змену карнавал. Зноў з’явіўся Дзед Мароз, але дзеці яго баяліся, таму, каб зрабіць персанажа больш лагодным і заваяваць давер дзеяцей, яму прыдумалі маленькую ўнучку — Снягурачку. Стары ў чырвоным футры, падчас карнавалу супрацьстаяў злым персанажам рускіх казак, як Кашчэй або Баба Яга. Такім чынам, Дзед Мароз замацаваўся як станоўчы персанаж, а савецкія лідары распачалі традыцыю навагодніх віншаванняў.
Дзед Мароз Снегурачка часоў Савецкага саюза
Калі ж беларусы пачалі адзначаць Новы год?
З 1 студзеня 1954 года ў газеце «Праўда» пачалі з’яўляцца навагоднія звароты савецкіх старшынь. Раство працягвалі адзначаць дома за ціхім сталом, на беларусіх жа вёсках традыцыя Калядаў працягвала жыць амаль без зменаў.
Думкамі з budzma.org падзяліўся сталы мужчына 1942 года нараджэння, які нарадзіўся ў адной з паўночных беларускіх вёсак Гродзеншчыны: «У школе нам сказалі, што надыходзіць Новы год. 1 студзеня я сказаў бацьку і мачысе, што сёння Новы год, на што бацька махнуў рукой і адправіў мяне парадкавацца з гаспадаркай, дадаўшы, што ўжо былі Каляды і хопіць лайдачыць».
У піку Калядам на прадрыемствах і вучэльнях актыўна навязваўся культ Новага года. Напярэдадні свята ладзілі невялікія застоллі з тостамі і настаўленнямі ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, іх намеснікаў і ідэолагаў. Бывала, што ладзілі карнавалы. У садках і школах пачалі актыўна арганізоўваць ранішнікі. Фігураваў там часта нам вядомы Дзед Мароз, які раздаваў дзецям салодкія падарункі, што актыўна спрыяла пазітывізацыі штучнага свята ў свядомасці дзіцяці.
Карнавал савецкіх часоў
З пашырэннем тэлебачання і з’яўленнем вялікай колькасці навагодніх фільмаў і мульцікаў, культ Новага года з кожным разам усё больш умацоўваўся ў свядомасці жыхара СССР. Такім чынам, усяго за некалькі дзесяцігоддзяў Новы год стаў самым чаканым святам, якім застаецца і дасюль.
Алесь Масевіч, budzma.org