Сёння дзень памяці Якуба Коласа

Адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы пайшоў з жыцця ва ўзросце 74 гадоў 13 жніўня 1956 года.


kolasnalim.jpg

За сваё жыццё Канстанцін Міцкевіч, а менавіта так насамрэч звалі класіка, паспеў неверагодна многа. Ён паказаў сябе і як добрага паэта, і як празаіка, і як публіцыста, і як мовазнаўцу, і як педагога. 

На сённяшні момант поўны акадэмічны збор твораў Якуба Коласа налічвае 20 тамоў і багаты на самую разнастайную тэматыку. Тут і проза, і паэзія, і публіцыстыка, і крытыка, і нават дзённікі. Кожны неабыякавы да беларускага слова знойдзе пры жаданні нешта для сябе ў творчай спадчыне пісьменніка. 

Максім Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» так прыгадвае дзень смерці Коласа: 

«А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Тут ён апошні раз сядзеў, апошні раз еў свой сціплы полудзень, прыехаўшы з ляска, апошні раз падняў вочы на сына, што звярнуўся з запытаннем і, не пачуўшы адказу, кінуўся ратаваць, званіць, клікаць на дапамогу. 

Было пасля поўначы. У доме дыхала нясцерпная цішыня. Ва ўсіх пакоях гарэла сліпуча яркае святло. Я глядзеў на непарушны і вельмі спакойны твар, як быццам суцешаны нечаканым і поўным адпачынкам, бясхмарнаю адсутнасцю турбот. І ўжо нічога больш не ўбачылі несухія вочы. Пахілілася галава ў стаяўшага поплеч таварыша, бязгучна заплакалі прыехаўшыя з намі жанкі. 

Не зварухнуўшыся стаялі ў садзе яго маладыя дубы — першая і нязменная варта родных лясоў каля прыдрамаўшага Чалавека». 

Самыя вядомыя з твораў Якуба Коласа: паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» і «Казкі жыцця», раман у вершах «На шляхах Волі» і «Водгулле».

13 жніўня, у дзень смерці Якуба Коласа, музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да ўрачыстага ўскладання кветак да помніка класіку на Вайсковых могілках.

Аддаць даніну пашаны дзядьку Якубу прыйдуць беларускія паэты і пісьменнікі, члены сям’і — унукі і праўнукі Коласа, і прыхільнікі творчасці паэта.

Будуць чытанні вершаў ды ўспаміны.

Дата: 13 жніўня

Час: 13.00

Месца: Вайсковыя могілкі, вул. Казлова, 11, Мінск 

У дзень памяці нашага знакамітага песняра раім пачытаць пра яго некалькі цікавых артыкулаў:

Марыў пра адзіноту, любіў гуляць у гульню "Хто разагне мой палец?", пасля 60-ці ствараў любоўную лірыку – цікавосткі пра Якуба Коласа

За што Якуб Колас трапіў за краты?

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Каляндар Якуба Коласа. Як беларускі класік уяўляў дні тыдня