«Дзякуй вам, што прыйшлі. Прывітанне, Дзяды». У Варшаве прайшла сяброўская сустрэча «Восеньскія Дзяды»

01.11.2021 Культура

Восеньскія Дзяды, Дзень задушны — свята сямейнае, нават інтымнае. Гэта знак повязі часоў і пакаленняў, сімвал еднасці прадзедаў і ўнукаў, паказчык трывалай пераемнасці лёсу Роду. Таму невыпадкова сяброўска-суседская вечарына ля Centrun Lokalne Żoliborz праходзіла ў цёплым сямейным фармаце.


IMG_8722.jpg

Тут кожны меў магчымасць як пабачыць сяброў, завесці новыя знаёмствы, так і пабыць сам-насам са сваімі думкамі. У гэты вечар, натуральна, думкамі пра тых, каго ўжо няма на гэтым свеце. Якімі яны былі? Чаму нас навучылі? За што мы ім можам падзякаваць?

Беларуская і польская культуры надзвычай блізкія. Банальная ісціна. Нашыя народы тысячагоддзямі жывуць побач, доўгі час — нават у адной дзяржаве, таму лагічна, што ў нас многа агульных святаў, звычаяў. Не толькі рэлігійных, каталіцкіх, але і народных. І Дзяды — адно з іх. Так, некаторыя элементы святкавання адрозніваюцца ад рэгіёна да рэгіёна (нават больш — ад вёскі да вёскі), але асноўная ідэя свята, думка пра выказванне пашаны да продкаў, безумоўна, нас яднае.

IMG_8774.jpg

Так, і беларусы, і палякі верылі, што на Дзяды душы памерлых сваякоў могуць прыйсці ў свет жывых, нават пагрукацца ў шыбу, завітаць у родную хату, каб пабачыць блізкіх і пачаставацца святочнымі стравамі. Таму і прынята пасля вячэры пакідаць ежу на стале, ставіць талерку і чарку для продкаў, карміць птушак і жывёл, бо ў іх целы могуць усяліцца душы продкаў. У вечар на Дзяды прынята ўспамінаць сваякоў, якія пайшлі з жыцця.

IMG_8712.jpg

Незалежна ад таго, у якім узросце памёр чалавек, па ім спраўляліся памінкі на трэці, дзявяты, саракавы дзень пасля смерці і на год, — тлумачыць кандыдат філалагічных навук, фалькларыстка Алена Ляшкевіч. Праз год пасля смерці індывідуальны цыкл памінальных дзён завяршаўся, і ўсе памерлыя лічыліся «дзядамі». Нават дзеці, якія паміралі зусім маленькімі, пераходзілі ў шэраг абаронцаў роду. Пэўным сімвалам, рытуальнам дзеяннем, характэрным для гэтага свята, можна назваць сямейную вячэру. Яна ў беларусаў праходзіла досыць у строгай, стрыманай абстаноўцы. Стараліся не размаўляць гучна, абмяркоўвалі не штодзённыя пытанні, клопаты, а гаварылі на больш узнёслыя тэмы, не смяяліся. Пра дзядоў згадвалі з пашанай. Пасля вячэры першым выходзіў з-за стала самы стары чалавек у сямʼі: існавала прыкмета, хто ў гэты дзень першы ўстане з-за стола, той памрэ першым. А самі стравы са стала на ноч не прыбіралі — каб душы дзядоў уночы маглі прыйсці і пачаставацца. Сама па сабе вячэра магла быць вельмі ціхай, стрыманай, але пасля, як распавядаюць даследчыкі, маглі пачынацца танцы. Адмысловых «дзядоўскіх» песень у Беларусі, на жаль, не захавалася.

А як праходзіць святочная вячэра ў Польшчы?

Мы ведаем, што і ў Польшчы на дзень задушны таксама лічылася няправільным спяваць, але ёсць сведчанні, што існавалі адмысловыя песні, прызначаныя менавіта для выканання падчас гэтага свята, — распавяла даследчыца Леша Слежынская, — У нас таксама падчас вячэры збіраліся ўсёй сямʼёй і ўспаміналі продкаў. Пра іх, дарэчы, згадвалі не толькі ўзнёсла і строга. Калі сам чалавек пры жыцці быў вясёлым, любіў пажартаваць, то маглі пасмяяцца, згадаць жарты ці расказаць анекдот. А калі ўспаміналі пра продка паважнага, то таксама стараліся заводзіць пра яго гаворку падкрэслена пашанотна.

Натуральна, што ва ўмоўным сучасным гарадскім асяродку немагчыма цалкам аднавіць старажытны абрад нашых продкаў. Калі гэта само па сабе не зʼяўляецца мэтай. Але можна пераняць некаторыя яго спрадвечныя элементы, дадаўшы пры гэтым элементаў з нашага сучаснага жыцця. Падаецца, менавіта гэты сімбіёз і атрымаўся ў арганізатараў свята «Восеньскія Дзяды» — Цэнтра Беларускай Салідарнасці, фундацыі «Na Miejscu», ініцыятывы Miasto Jest Nasze і  рэжысёра імпрэзы Аланы Айвары. 

IMG_8734.jpg

Калі раскаласці па палічках і задумацца, што на тым свяце было старажытнае? Вядома, самае галоўнае — куцця. Тут яна ўвасобілася ў выглядзе рысавай кашы з разынкамі (так, для Польшчы рыс — традыцыйныя крупы, з якіх гатуюць нават калядную куццю). Былі і іншыя традыцыйныя стравы — перогі, салаткі, травяныя гарбаты і яблычны ўзвар.

IMG_8762.jpg

Што было сучаснае? Беларускія і польскія песні, якія сталіся хутчэй сімваламі аднання новай сяброўска-суседскай супольнасці, утворанай у Варшаве. Нават «Купалінка» загучала па-новаму! Спявалі польскі гурт традыцыйных спеваў «Stara Śpiewka», польска-беларускі калектыў «Jasakara» і, натуральна, усе прысутныя.

Мастакі з Беларусі і Польшчы намалявалі вялікую супольную карціну на тэму продкаў і павагі да традыцый. Піяніст Максім Дарошка і ўдзельніцы тэатральнай пастаноўкі з веерамі паказалі, што любыя сродкі мастацтва выдатна прыстасуюцца да адлюстравання спрадвечных, старажытных матываў. А выкладчыцка-крэатыўны калектыў курсаў «Мова нанова з Варшавы» падрыхтаваў выдатную лінгвістычную гульню, падчас якой стала яшчэ раз зразумела, як шмат агульных словаў у беларускай і польскай мовах.

IMG_8802.jpg

IMG_8818.jpg

Падаецца, што цэнтральным элементам свята быў вельмі сціплы, зусім някідкі прадмет — карта памяці. Кожны мог напісаць імя свайго продка, пакінуць яму прывітанне, напісаць нешта важнае для яго ці проста памаўчаць ля выявы контура нашай радзімы...

IMG_8699.jpg

На Дзяды варта паклікаць продкаў у свой дом, каб яны прыляцелі, пазнаёміліся з новымі членамі сямʼі, паглядзелі, як выдатна жывуць нашчадкі, як дбаюць пра хату і гаспадарку, які багаты сабралі ўраджай.

Але куды запрашаць дзядоў, калі ў многіх з нас сёння няма свайго дома тут, у чужой краіне? Якімі поспехамі пахваліцца? Хіба толькі тым, што мы памятаем пра іх, што дбаем пра свае карані. А запрасіць можам у месца, якое заўжды з намі, — у свае душу і сэрца.

IMG_8754.jpg

IMG_8842.jpg

Чытайце па тэме:

Як адсвяткаваць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі»


Марына Весялуха, budzma.org

Фота: Томаш Мельцаж (Tomasz Mielcarz)