Хутка выйдзе ў свет першы вялікі нонфікшн пра беларускае дзіцячае кіно «Дзіцячы сеанс» — на платформе ulej.by вы можаце спрычыніцца да выхаду кнігі.
Дзевяноста гадоў у Беларусі здымаюць дзіцячае кіно. Дзеці, якія глядзелі тое кіно, выраслі і пачалі будаваць сваю рэальнасць. Але штосьці пайшло не так. Як савецкая дзіцячая культура тлумачыла дзецям грамадства, расказвае аўтар кнігі, кандыдат мастацтвазнаўства.
Чаму вучаць у школе?
Школа ў фільмах заўсёды разумелася як мадэль грамадства ў мініяцюры. За савецкі школьны міф у кіно адказвалі цэнтральныя кінастудыі, бо дзяцінства імкнуліся зрабіць універсальным, адным на ўвесь Савецкі Саюз. Лакальным кінастудыям накшталт «Беларусьфільма» калі і ўдавалася дадаць да гэтага міфа штосьці сваё, то рэдка і па зацверджаных канонах. Таму ў беларускіх фільмах школы вельмі доўга не было — хіба што ўмоўна, хаця амаль да сярэдзіны шасцідзясятых падразумявалася, што школа — адзінае правільнае месца для дзіцяці. Па-за межы школы дазвалялася выходзіць у кіно толькі хуліганам і двоечнікам — карацей, маргіналам. То бок калі хочаш быць у грамадстве, будзь правільным, паслухмяным, старанным, намагайся заслужыць увагу кіраўнікоў — ці ідзі адсюль.
Чытайце таксама: Піянеры не паміраюць, не кахаюць, не багацеюць
Школьны свет дзяліўся на ўрок і перапынак і абмяжоўваўся, вядома ж, класам. У ім абавязкова былі такія персанажы: выдатніца (заўсёды дзяўчынка, хлопцам дазвалялася не блішчаць), стараста (таксама дзяўчынка), піянерважаты (звычайна хлопец са старэйшага класа, па-бацькоўску клапатлівы, але той яшчэ дыктатар), настаўніца і дырэктар, звычайна мужчына, а часцяком яго рабілі яшчэ і былым вайскоўцам. Метафару арміі прывязалі да школы ў канцы пяцідзясятых: школу з арміяй збліжалі, вядома ж, дысцыпліна і парадак.
Да канца пяцідзясятых гэты парадак быў непарушным: настаўнікі добрыя, дзеці паслухмяныя і робяць усё, каб дамагчыся іх увагі, парушэнне парадку — сорам, за які трэба павініцца і выправіць віну добрым ўчынкам. Усё па-дзіцячы правільна і зразумела. Быць інакш не магло.
Але калі надышла адліга, вобраз школы зрабіўся, бадай, адзінай прасторай, дзе можна было бязбоязна крытыкаваць грамадскі лад. Для гэтага імкліва змянілі ракурс і звярнулі ўвагу на героя-маргінала, які раней быў другарадным: на таго самага сярэднячка ці хулігана. Раней адзіным спосабам герою-маргіналу існаваць у школе было прызвычаіцца да калектыву і марыць, каб ён прыняў. Цяпер з калектывам спрачаліся, ён далёка не заўсёды меў рацыю, яму нават супрацьстаялі, як у класічнай стужцы «Дажывём да панядзелка» ці ў мілым беларускім фільме «Мы з Вулканам» — пра хлопчыка і яго нікому не патрэбнага сабаку.
Кадр з фільма «Мы з Вулканам» – Архіў аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
У школьным класе з гэтае пары зводзіліся рахункі асабістага з публічным і агульным. Крытыкуючы школьны парадак, аўтары фільмаў эзопавай мовай пачалі выказвацца пра савецкае грамадства, пра ханжаскую мараль і сацыяльную справядлівасць. Пахіснуўся вобраз настаўніка — з’явіліся дрэнныя настаўнікі, абыякавыя, жорсткія ці проста дурныя.
У 1978 годзе на «Беларусьфільме» знялі наш варыянт «Дажывём да панядзелка» — фільм «Расклад на паслязаўтра», дзе, расказаўшы пра ідэальную школу для вундэркіндаў з ідэальнымі настаўнікамі, якія намагаюцца выгадаваць геніяў, добра пасмяяліся з савецкай школьнай сістэмы.
Адзіны, хто заставаўся непахісным у школьнай сістэме ў любы час і любых сюжэтах, — той самы дырэктар. Дрэнных дырэктараў у школьным кіно не існавала. За ім было апошняе слова ў смяротных спрэчках паміж вучнямі і настаўнікамі. Ён увасабляў справядлівасць.
Кадр з фільма «Расклад на паслязаўтра» – Архіў аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Нічога з таго часу не змянілася ні ў кіно, ні ў нашых галовах. Адзіна што ў сучасных беларускіх дзіцячых фільмах школу паказваюць толькі здзекліва і яна ўвогуле не звязаная з вучобай. І настаўнікі, і вучні ў іх — карыкатурныя персанажы, зласлівыя ў дачыненні адно да аднаго. Яны ўжо не высвятляюць, чыя праўда, з іх можна хіба пакпіць. Дырэктара, паколькі кпіць з яго дагэтуль нельга, няма ўвогуле. Не верыце — гляньце, напрыклад, фільм «Неверагоднае перамяшчэнне» 2014 года.
Абломак імперыі
Героі фільма «Канцэрт Бетховена» 1936 года едуць з беларускага горада ў Маскву на Усесаюзны конкурс выканаўцаў. Усе дарогі ў фільмах трыццатых гадоў вядуць у цэнтр. Ніколі наадварот. Гэтую сістэму каардынат сацрэалізм і вынайшаў: ёсць цэнтр і перыферыя. Цэнтр — вядома, Масква, і яна заўсёды выдзеленая і пазнавальная, сто разоў названая, а перыферыя — усё астатняе, часта безыменнае. Максімум адзначаецца, што дзеянне адбываецца «ў беларускім горадзе». Назвы ў горада звычайна няма.
Чытайце таксама: Як бальшавікі вынайшлі дзяцінства, а пасля перадумалі
Савецкая дзіцячая культура была заснаваная на тым, што дзяцінства — універсальнае, адзінае на ўсіх. Таму з самага пачатку трыццатых лакальныя і нацыянальныя адрозненні заціраліся. Пакаленні савецкіх дзяцей раслі на кіно без дакладных маркераў сваёй нацыянальнасці, хіба толькі дзеля дэкору.
Выдзяляць Беларусь і беларускае ў нашых фільмах пачалі бліжэй да сярэдзіны сямідзясятых. Спачатку ў 1973 годзе знялі «Вялікі трамплін» пра нядаўна запушчаны гарналыжны комплекс у Раўбічах, пасля — «Неадкрытыя астравы» па матывах «Палескіх рабінзонаў», не проста пра падарожжа, а пра падарожжа на Палессе.
Кадр з фільма «Неадкрытыя астравы» – kino-teatr.ru
Калі ў беларуска-чэшскай стужцы «Пушчык едзе ў Прагу» 1965 года піянеры пачынаюць прыгоды з савецкага піянерскага цэнтра — «Артэка», аналага Масквы ў дзіцячым свеце, то ў фільме «Тры вясёлыя змены» 1978-га яны бавяць канікулы у беларускім лагеры «Зубраня», які ціха падмяніў «Артэк» на беларускай карце савецкага дзяцінства. Такімі невялічкімі крокамі беларускае дзіцячае жыццё аддзялялі ад агульнага савецкага.
Кадр з фільма «Тры вясёлыя змены» – zen.yandex.com
Хаця беларусы спрычыніліся і да галоўнага метасюжэта пра савецкае дзяцінства — да «Дзяніскавых прыгод». Не дамаўляючыся, не ставячы звышзадач, савецкія кінематаграфісты стварылі цэлы ўніверсум Дзяніскі Караблёва. У экранізацыях, пастаўленых на розных кінастудыях, у розны час, з рознымі тыпажамі, Дзяніска жыў у розных гарадах, меў розных бацькоў і сяброў і нават розныя нацыянальнасці.
Кадр з фільма «Па сакрэце ўсяму свету» – nastroykino.ru
У беларускіх экранізацыях «Па сакрэце ўсяму свету» і асабліва «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва» ён стаў беларусам і жыў у пазнавальным, падрабязным Мінску. Гэта азначала, што ўніверсальны дзіцячы свет, застаючыся ўніверсальным, атрымаў негалосны дазвол быць розным і адасабляцца. Але што з тым дазволам рабіць, не зразумелі, здаецца, да гэтай пары і толькі ў сярэдзіне 2000-х нарэшце пачалі рабіць фільмы з больш-менш дакладнай беларускай геаграфіяй. «Цэнтр» у іх усё яшчэ па звычцы абазначаны, месца Масквы заняў Мінск, але дзе б ні жыло дзіця, яно заўсёды дзесьці «на перыферыі». Можа, гэта першы крок да іншай сістэмы каардынат.
budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!