• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
27.03.2018 | Навіны "Будзьма!" Кірмаш праектаў Разам да справы!

Дзіцячы гарадок, летнік у вёсцы, гарадская гісторыя на YouTube: пра што размаўлялі на Кірмашы ідэй для Брэсцкай вобласці

23 сакавіка грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” правялі Кірмаш праектаў у Баранавічах. Ад актыўных жыхароў Брэсцкай вобласці мы атрымалі шэсць прэзентацый, якія можна аб’яднаць у тры тэмы: краязнаўства, асвета і адпачынак, інфраструктура для сям’і. Прафесійныя рэкамендацыі і зваротную сувязь удзельнікам дапамагала даваць сузаснавальніца праваабарончай установы “Human Constanta”, юрыстка Ганна Бараноўская.

 

Першы праект нарадзіўся ў Брэсце, а прадстаўляла яго баранавіцкая архітэктарка Любоў. Ідэя анлайн-мапы архітэктуры “Брэсцкі канструктывізм” з’явілася ў агенцтве рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.

30-я гады ХХ стагоддзя пакінулі ў Брэсце цікавую архітэктурную спадчыну ў стылі канструктывізму, якую сёння можна пабачыць на вуліцы Леванеўскага. Жылыя дамы там зберагліся фактычна ў першасным выглядзе.

Аўтары праекта хочуць прыцягнуць увагу да захавання спадчыны праз яе актуалізацыю: анлайн-мапу архітэктуры 30-х гадоў. Разам з картай маюць з’явіцца яшчэ налепкі і розны тэматычны “мерч”, артыкулы ў газеце “Брэсцкі кур’ер” і часопісе “Бінокль”, тэст “Які ты брэсцкі дом”, экспертная культуралагічная даведка пра каштоўнасць дамоў.

Анлайн-мапа архітэктуры “Брэсцкі канструктывізм”

More presentations from budzma

У каманды праекта ёсць тэхнічная база, праграміст, спіс дамоў, патрэбныя дызайнер, фатограф, друк налепак і постараў, аплата экспертнай даведкі і паслугаў архіву.

Экспертка Ганна Бараноўская кажа, што бачыла падобны праект у Гомелі, дзе актывісты імкнуцца захаваць драўляную архітэктуру.

– Я вам прапанавала б абавязкова дадаць англійскую і польскую мовы, што можна зрабіць з дапамогай валанцёраў. Яшчэ варта падумаць пра квэсты і гарадскія гульні. У Мінску запусцілі аўдыё ў 100-м аўтобусным маршруце, якое расказвае пра будынкі па дарозе аўтобуса, – кажа Ганна.

Яшчэ адзін “краязнаўчы” праект таксама прыйшоў з Брэста. Яго аўтар, Максім Хлябец, вядоўца курсаў “Мова Нанова”, назваў ідэю “1000-гадовая гісторыя Берасця”, аднак прыехаць на прэзентацыю не змог і даверыў яе каардынатару кампаніі “Будзьма беларусамі!” Змітру Назараву. Ідэя геніяльна простая: зрабіць гісторыю горада папулярнай праз YouTube і падкасты на SoundCloud. Такі праект таксама быў у Гомелі, дзе краязнаўцы ў забаўляльнай форме расказвалі гарадскія легенды, жарты і гісторыі. У аўтараў “1000-гадовай гісторыі Берасця” ёсць усё, акрамя рэсурсаў на рэалізацыю: аплата аператара, кіраўніка праекта, працы гісторыкаў.

1000-гадовая гісторыя Берасця

More presentations from budzma
Зміцер Назараў

Зміцер Назараў

Па-ранейшаму папулярнай сярод удзельнікаў нашых Кірмашоў праектаў застаецца тэма, якую можна акрэсліць як асвета і адпачынак. У Баранавічах былі дзве прапановы сумясціць прыемнае з карысным. Першая – ад актыўнай мясцовай жыхаркі, вядоўцы курсаў “Мова Нанова” Юліі Траццяк. Яна працуе лабарантам ва ўніверсітэце, шмат часу праводзіць з моладдзю і прыдумала зрабіць для летнік у вёсцы Русіно Баранавіцкага раёна, дзе знаходзіцца сядзіба Таварыства беларускай мовы.

– За чатыры гады праекта “Мова Нанова” я ўбачыла, што нашы студэнты аднабакова ўяўляюць традыцыйную культуру Беларусі, а ў нас, між іншым, была шляхта, – абгрунтавала сваю прапанову Юлія.

Відавочна, ідэя патрабуе шліфоўкі, бо змястоўнае напаўненне летніка пакуль што выглядае вельмі страката: лекцыі ад эколага, краязнаўцы, бізнесоўцы, спевака, пісьменніка, навукоўца, а з залы параілі яшчэ і трэнінг па ароматэрапіі.

Краязнаўчы летнік для студэнтаў

More presentations from budzma

– Лёгкая жывая ідэя, якой, безумоўна, неабходны тэматызм. Трэба вельмі добра разумець, што вы хочаце: папрацаваць на каштоўнасным узроўні альбо наладзіць групавую работу. Калі гэта проста адпачынак, тады варта спяваць і танцаваць толькі што-небудзь народнае, – каментуе экспертка Ганна Бараноўская.

Яшчэ адзін праект быў вельмі падобны па канцэпцыі і называўся “Тэрыторыя роднай мовы”. Яго аўтары – сям’я Аляксей і Алена Вісілінкі – адштурхнуліся ад праблемы роднай мовы і прапанавалі сабраць кола аднадумцаў – фанатаў беларушчыны у сваёй вёсцы Мікулічы, што за 5 кіламетраў ад Свіслачы.

– Намётавы гарадок, ровары, назіранне за прыродай, пахадзіць па траве басанож, – апісвае канцэпцыю Аляксей.

– Я ведаю сем’і, якія з радасцю прыязджалі б саджаць цыбулю. Гэта былі б добрыя рэлакс-туры, – кажа вядомая ў Баранавічах актыўная гараджанка Яўгенія Крымская.

Тэрыторыя роднай мовы!

More presentations from budzma

Ганна Бараноўская таксама кажа пра перспектыўнасць ідэі, але ёсць адно “але”:

– Цалкам рэальная ідэя, толькі ў ХХІ стагоддзі мае быць маркетынгавы складнік: “Ноч на сенавале”, “Клубніцы без пестыцыдаў” – штосьці такое, па чым вас будуць ведаць і што будзе вылучаць вас сярод іншых, – раіць экспертка.

Відавочна, аднаго складніка “родная мова” для праекта малавата. У зале чуваць яшчэ адзін трапны каментар на карысць ідэі Аляксея і Алены:

– Мы з мужам і дзіцем збіраемся паехаць на роварах абследаваць маршруты вакол Баранавічаў, а пасля хацелі б, каб трасамі маглі карыстацца іншыя падарожнікі на роварах, – расказала архітэктарка Любоў.

Ганна Бараноўская

Ганна Бараноўская

Тэма бацькоў і дзяцей – вечная, і ў актыўных беларусаў ёсць тысяча ідэй, што рабіць, каб выхаваць дзяцей годнымі і творчымі асобамі.

Кіраўніца мастацкай студыі з Пінска Ірына марыць стварыць у родным горадзе “Цэнтр эстэтычнага развіцця”.

– У нас шмат ініцыятываў, якія неабходна сабраць разам. Ёсць арт-студыя, дзе дзеці, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, займаюцца творчасцю. Часам мы выходзім на двор на ёгу. Я хацела б арганізаваць гэта ўсё, даць назву і зразумець, як можна працаваць на камерцыйнай аснове, – кажа Ірына.

Цэнтр эстэтычнага развіцця

More presentations from budzma

Выступ Ірыны трапіў у яблычак, бо юрыстка Ганна Бараноўская з ходу дала цалкам прафесійную кансультацыю пра магчымыя формы дзейнасці і плюсы-мінусы кожнай з іх.

Прэзентацыя вядомай жыхаркі Яўгеніі Крымскай была самай яскравай і без жартаў драматычнай. Яўгенія пераехала ў Баранавічы з Мінска ў 2014 годзе. Бацькі сказалі: “Ты будзеш сумаваць і праз два тыдні рванеш дамоў”, – аднак яна не толькі не “рванула”, але і паставіла на вушы паўгорада (зразумела, у добрым сэнсе).

Яўгенія арганізавала дзіцяча-бацькоўскія спатканні ў бібліятэцы. Не тое каб да гэтага ў горадзе не было нічога для дзяцей, але жанчына ўзялася за аўдыторыю, з якой сапраўды ніхто не працаваў, – немаўляты і мамы-таты ў дэкрэце.

Цяпер “галоўная мама Баранавіч” разам з памочнікамі працуе над рэканструкцыяй дзіцячай пляцоўкі ў старым парку. Яўгенія свядома шукала месца пад адкрытым небам для сямейных пікнікоў. У старым парку яна знайшла дзіўныя рэшткі цацачнай крэпасці. Каму належыць парк і на балансе якой арганізацыі знаходзіцца пляцоўка, актывістка высвятляла амаль год: столькі заняла камунікацыя з выканаўчымі ўладамі. Аказалася, што дзіцячы гарадок з бутавай кладкі – дыпломная работа студэнтаў-архітэктараў 80-х гадоў, толькі на пляцоўцы былі яшчэ цмокі і мядзведзі. А прымаў гэтую працу… архітэктар Барыс Тумач, бацька Любові, якая прэзентавала праект пра брэсцкі канструктывізм! Аказваецца, гэта сямейная прафесійная дынастыя. Вось так на Кірмашах праектаў гарадскія героі знаходзяць адно аднаго.

Рэканструкцыя дзіцячай пляцоўкі ў старым парку

More presentations from budzma
Яўгенія Крымская

Яўгенія Крымская

Яўгенія Крымская працягвае, што ў яе ёсць ініцыятыўная група, падтрымка СМІ, актывісты небеспаспяхова камунікуюць з уладамі (нават мэр пытае пра іх на кожным паседжанні), а яшчэ кантакты з Фондам мясцовых супольнасцяў і фінансаванне на 70%. Актывістка паказала фасадны эскіз: на вежах з’явяцца каляровыя дахі, цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Дзіцячы гарадок мае атрымаць другое жыццё ўжо ў ліпені гэтага года. Дарэчы, ініцыятыўная група перад адкрыццём правядзе прыборку і дэзінфекцыю (апошнія 20 гадоў закінутую пляцоўку гараджане выкарыстоўвалі не зусім па прамым прызначэнні).

Дзякуючы праекту Яўгеніі ў старым парку стане цікава не толькі дзецям, але і дарослым: тэрыторыю добраўпарадкуюць, з’явіцца месца для выгулу сабак. Каб завяршыць пачынанне, засталося знайсці толькі 30% фінансаў, якіх не стае.

Ганна Бараноўская раіць скантактавацца з дзіцячым фондам UNICEF, а калі актывісты вырашаць збіраць грошы праз краўдфандынг, не забыць “падагрэць” кампанію інфармацыйна.

Хрысціна Марчук

Фота: Зарына Кандрацьева


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура

Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве

Серыю паштовак «Еўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны» намаляваў мастак Міхаіл Дайлідаў. Каляровую падборку надрукавалі...

valiancina_shauchenka
Адукацыя

«Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных

Савецкія падручнікі. Больш дысцыпліны. Ідэалогія. Выхаванне працай. Ангельская мова — не трэба. «Школа — гэта храм»....

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі – грамадскі дзеяч, праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», які ўжо шмат гадоў дапамагае...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?

25 верасня 1765 года на гэты свет прыйшоў чалавек без перабольшання таленавіты і адораны ва ўсім – Міхал Клеафас Агінскі....

Апошнія навіны

    Культура
    Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве
    Адукацыя
    «Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных
    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
    Культура Беларуская мова
    Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    Літаратура
    Юля Цімафеева: «Я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі»
    Культура Літаратура
    30 верасня распачынаецца фестываль PRADMOVA. На яго прыедуць беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Грамадства
    Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент

Афіша

  • 26.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 26.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 27.09Паказ фільма «Ператрымка» ў Берліне!
  • 27.09Беларускамоўны квіз у Беластоку
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 30.09 — 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі». Лявон Вольскі наўздагон дню народнага адзінства
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    • Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип