Dzieciuki далі ў Эўропе 14 канцэртаў за 14 дзён (відэа)

Гарадзенскі гурт вярнуўся з туру па Эўропе, у межах якога даў 14 канцэртаў у пяці краінах.
Тур у падтрымку дэбютніку «Гарадзенскі гармідар» музыкі пачалі 22 лютага з канцэрту ў Менску. 1 сакавіка Dzieciuki гралі ў Кракаве, потым былі Брно, Вена, Прага, Бэрлін, Лодзь ды іншыя гарады. Гурт канцэртаваў па пяці краінах – Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славакіі і Аўстрыі. Скончыўся тур канцэртам 15 сакавіка ў Варшаве.

Па вяртаньні на Радзіму вакаліст гурта Алесь Дзянісаў падзяліўся ўражаньнямі ад паездкі з Tuzin.fm: «Тур прайшоў вельмі ўдала. Акром заплянаваных здарыліся і раптоўныя канцэрты. Напрыклад, злабалі ў акустыцы ў бары пры адным бэрлінскім сквоце, на якім жылі. Наш выступ у Катовіцах ў самы апошні момант перанесьлі ў Чэнстахово, але збольшага ўсё прайшло, як і меркавалася. Мы пабачылі шмат прыгожых гарадоў, пазнаёміліся з сотнямі людзей, лабалі на сцэне з мясцовымі камандамі. Усё гэта бясцэнны вопыт, і канечне, непараўнальныя эмоцыі».

Сярод канцэртаў музыка вылучае апошні з туру – варшаўскі, але астатнія былі нічым ня горш. І інтарэс публікі быў адчувальны. У Пэзіноке, прыгарадзе Братыславы, Dzieciuki наогул не чакалі нікога пабачыць, але і там ім зладзілі цёплы прыём.

«Пасьля паездкі ў нас ва ўсіх два пачуцьці – эйфарыя і дэпрэсія. Самае вялікае адрозьненьні тых краінаў, дзе мы пабывалі ад Беларусі ў атмасфэры і адносінах між людзьмі. Там няма страху, ёсьць узаемная павага і ветлівасьць. Пра гэта не распавядзеш. Гэта трэба адчуваць», – кажа Алесь Дзянісаў. Альбом «Гарадзенскі гармідар» гурта Dzieciuki можна паслухаць і спампаваць на Tuzin.fm.

Першы канцэрт туру ў кракаўскім клюбе Piękny Pies 1 сакавіка. Выступ гурта Dzieciuki падтрымала мясцовая фольк-панк фармацыя Hańba!

 

Tuzin.fm

Чытайце таксама:

Dzieciuki прэзентавалі “Гарадзенскі гармідар”

Тэгі: