Славуты гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» цяпер даступны ў новай агучцы і ў фармаце падкаста, паведамляе фэйсбук-суполка «Беларускія аўдыякнігі».
Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча cтворана паводле класічных канонаў прыгодніцкай рамантыкі. Герой твора выпадкова становіцца сведкам таямнічых і злавесных падзей: прывід дзікага палявання з далёкага мінулага трымае людзей у страху. Тады герой вырашае даць бой тым, хто стаіць за фантомамі страшнага мінулага...
Беларуская мінуўшчына, у якую заглыбляе аўтар, трывожыць сэрца і наводзіць на думкі пра сёняшняе.
Кнігу агучыў купалавец Алег Гарбуз, таксама вядомы аматарам аўдыякніг па леташняй агучцы рамана «1984», які выкладзены на ютуб-канале «Купалаўцы».
Паслухаць твор можна ў фармаце падкаста на буйных платформах: https://audiobooks.by/books/dzikae-paliavanne-karalia-stakha
Раней «Дзікае паляванне караля Стаха» агучыў Андрэй Каляда — перакладчык, літаратуразнаўца і тэатразнаўца. Запіс твора ў яго выкананні ёсць на сайце «Беларуская палічка» і на YouTube.