Паэт і кнігавыдаўца Дзмітры Строцаў распавядае пра паўстанне новага беларускага выдавецтва ў Берліне. «Еўрапейскія выдаўцы разумеюць і адгукаюцца на беларускую сітуацыю, выдаўцы ў розных краінах прапаноўваюць свае пляцоўкі для выдання беларускіх кніг як на мове арыгіналу, так і ў перакладах».
Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку
Днямі Дзмітры Строцаў паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook прыемную навіну пра тры новыя кнігі беларускай паэзіі ад Ганны Севярынец, Насты Кудасавай і Крысціны Бандурынай.
У інтэрв’ю Budzma.org Дзмітры Строцаў зазначае, што можна казаць пра з’яўленне на прасторы беларускай літаратуры новага беларускага выдавецтва.
— Існуе выдавецтва Hochroth ужо шмат гадоў, яно заснаванае ў Германіі, структура выдавецтва такая, што першапачаткова задумвалася паўстанне філіяў як на тэрыторыі Германіі, так і за яе межамі. У розныя часы ўзніклі філіі выдавецтва ў Парыжы, Вене, Рызе, Будапешце, некалькі — у самой Германіі. Так склалася, што ў 2020 годзе ў берлінскім Hochroth выйшла мая кніга на нямецкай мове «Пыль танцующая», у мінулым годзе мне прапанавалі выдаць яшчэ дзве кнігі — такі двухтомнічак на рускай і нямецкай пад назвай «Улей», вось зараз выйшаў першы том на рускай, цягам двух месяцаў мусіць выйсці нямецкая версія. Паколькі мы з нямецкімі калегамі сябруем, стасуемся, я расказаў аб праблеме з кнігавыданнем у Беларусі зараз, і мне ўласна запрапанавалі адкрыць філію Hochroth-Minsk. Вось такое развіццё падзей было.
То-бок магу сказаць, што вось гэтыя тры кнігі беларускіх паэтак выйшлі менавіта ў новым выдавецтве Hochroth-Minsk.
— Як лічыце, беларускае кнігавыданне за мяжой — гэта жыццяздольная справа?
— Тут, як я разумею, развіццё адбываецца адразу ў некалькіх кірунках. Па-першае, некалькі моцных беларускіх выдаўцоў зараз стараюцца адкрыць выдавецтвы альбо, скажам так, працягнуць выдавецкую дзейнасць за межамі Беларусі. Па-другое, і гэта абсалютна зразумела, гэта спагадлівасць еўрапейскіх выдаўцаў да беларускай сітуацыі. Выдаўцы ў розных краінах прапаноўваюць свае пляцоўкі для выдання беларускіх кніг як на мове арыгіналу, так і ў перакладах. У мяне ёсць зараз некалькі прапаноў і рыхтуюцца некалькі кніг у Польшчы, у Чэхіі, ужо выйшлі кнігі ў Францыі, у Нарвегіі. То-бок, я думаю, гэта жывы працэс, які атрымае добрае, моцнае развіццё. Мая задача — зрабіць тое, што ў маіх сілах і маёй кампетэнцыі. Паколькі я займаюся кнігавыданнем з сярэдзіны 1990-х, то вельмі хачу, каб у маіх сяброў, беларускіх паэтак і паэтаў, выходзілі новыя кнігі.
— Найбліжэйшыя планы — прэзентацыя кніг і, так разумею, самога выдавецтва на Стральцоўскім фэсце ў Вільні?
— Насамрэч, канечне, кнігі рыхтаваліся не да Стральцоўскага фэсту — гэта такое шчаслівае супадзенне. Адкрыю такі выдавецкі сакрэт ці акалічнасць: справа ў тым, што я практычна падрыхтаваў чатыры кнігі. Да тых трох кніг, што я анансаваў, трэба дадаць кнігу паэткі Ганны Комар — але тут адбылася затрымка з яе выхадам ужо на этапе друку. У кнізе Ганны Комар ёсць вялікія палосныя ілюстрацыі — узніклі тэхнічныя пытанні, таму выхад кнігі адкладзены да сакавіка. На жаль, яна не трапляе на фэст у Вільні, але я яе разглядаю як частку вось гэтай першай серыі Hochroth-Minsk.
— Што яшчэ чакае чытачоў ад новага выдавецтва?
— Я спадзяюся, што гэты праект выдавецтва Hochroth зацікавіць і другіх аўтараў. З кімсьці я ўжо размаўляў, да кагосьці хачу звярнуцца.
Тэхналагічна вытворчасць наладжана так, што можна дастаткова інтэнсіўна рыхтаваць і выпускаць зборнікі. Я б хацеў, каб у гэтым годзе выйшла па меншай меры дзесяць зборнікаў.
Ёсць думка — але гэта трэба размаўляць яшчэ з патэнцыйнымі ўдзельнікамі — адклікнуцца на ўкраінскія падзеі. Можа быць, выдаць зборнік перакладаў — у першую чаргу на беларускую мову — украінскіх аўтараў. Што датычыць перакладаў на іншыя мовы, то вось гэты выхад у свет беларускіх кніг у нямецкай прасторы ўжо прыцягвае ўвагу немцаў. І я думаю, што гэта нейкім чынам актывізуе пераклад беларускіх аўтараў на іншыя еўрапейскія мовы.
Сам факт таго, што беларускія кнігі выходзяць у адной з еўрапейскіх краін — гэта добры сігнал.
Канечне, нам падаецца, што той творчы патэнцыял, які мы, беларусы, бачым у сабе, так жа бачыцца і адкрыты ўсім. Але гэта не так. А вось калі выходзіць зборнік, у якім сабраныя тэксты пэўным чынам, з пэўнай канцэпцыяй, кампазіцыяй — гэта іншая якасць прапановы, чым калі нейкі перакладчык ці еўрапейскі літаратурны крытык бачыць вершы ў раздроб, у сацсетках і г. д. Кніга — гэта кніга, яна ўжо заклікае да больш сур’ёзнага водгуку, выклікае іншае рэха.
На сёння ў новага выдавецтва ўжо ёсць замовы больш чым на паўсотні асобнікаў з першай серыі.
Чытайце яшчэ: 10-12 лютага ў Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова
Рыгор Сапежынскі, budzma.org