Дзіцячы санаторый “Баравічок” Дзятлаўскага раёна ў панядзелак, 15 студзеня, наведалі цікавыя госці: пісьменнік, гісторык і краязнавец са Слоніма – Сяргей Чыгрын, журналіст і бард з Менску – Зьміцер Бартосік і грамадскі актывіст з Дзятлава – Валерый Петрыкевіч.
У санаторыі “Баравічок” вучацца і папраўдяюць сваё здароўе школьнікі з розных куткоў Беларусі, але найбольш – з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны і Менску. Падобная сустрэча з творчымі людзьмі Беларусі ў іх адбылася ўпершыню.
Сяргей Чыгрын знаёміў школьнікаў з рознымі выданнямі беларускіх кніг: ад мініяцюрнай да самай вялікай, і з тымі, якія выдаваліся ў Вільні ў 1920-х —1930-х гадах. Госць таксама адказаў на пытанні школьнікаў і правёў літаратурную віктарыну:“Як мы ведаем беларускіх пісьменнікаў?”. Пераможцы атрымалі значкі і паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” на памяць пра сустрэчу.
Валерый Петрыкевіч распавёў тым, хто жыве ў “Баравічку”, пра літаратурную Дзятлаўшчыну, у прыватнасці нагадаў пра Ігната Дварчаніна, Вячаслава Адамчыка, Віктара Шымука. А Зьміцер Бартосік зачараваў усіх бардаўскімі песнямі, якія падтрымліваліся гучнымі воплескамі і добрым настроем прысутных.
Адміністрацыя “Баравічка” шчыра падзякавала гасцям і папрасіла беларускіх літаратараў часцей наведваць іх установу.
А потым творчыя людзі завіталі ў Наваельненскую сярэднюю школу. Сярод старшакласнікаў ішла размова пра сучасны стан беларускай літаратуры і культуры. Госці адказалі на шматлікія пытанні вучняў і настаўнікаў. А самыя актыўныя ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы, атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.