У дзень нараджэння вядомага беларускага навукоўца, мовазнаўцы, пісьменніка, грамадскага і палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча прыгадваем найбольш цікавыя моманты з насычанага жыцця стваральніка першай беларускай граматыкі.
Прадстаўнік «залатой моладзі»
Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Мацюлішкі, якая знаходзіцца нелёка ад Вільні, на тэрыторыі цяперашняй Літоўскай Рэспублікі. Першапачатковую адукацыю атрымліваў у адукаванай суседкі, якая жыла ў мястэчку непадалёк. Бацькі думалі пакінуць малога Броніка на гаспадарцы, але разважлівы дзед настойваў на атрыманні адукацыі.
Бацькі Браніслава Тарашкевіча
Тарашкевіч рана пачаў цікавіцца мовазнаўствам і пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці. Вось як ён пісаў пра свае юнацкія гады ў аўтабіяграфіі:
«В отцовском доме и в деревне все говорили исключительно на белорусском языке, „попросту“. Еще пасучи стадо, я не раз задумывался: что за язык, которым никто не пишет и паны на нем не говорят. И мне не раз становилось больно, что этим языком, которым говорит народ, и самим этим народом все пренебрегают. Еще в 1904 году мои соседи-родственники, рабочие из Петербурга, привезли и подарили мне тетрадь с революционными песнями и стихами на русском и польском языках. Но были там и белорусские стихи Мацея Бурачка („Белорусская дудка“). Я их сразу выучил наизусть и нередко декламировал по деревням, вызывая необычайный восторг у крестьян „простым“ языком, близостью темы и образов к народной жизни». У 1906 годзе здатны да ведаў Браніслаў Тарашкевіч паступае адразу ў трэці клас Другой Віленскай гімназіі. Тут ён яшчэ больш пачынае адчуваць сябе беларусам і далучаецца да культурніцкага жыцця: спачатку проста чытае, а праз два гады, у 1908-м, знаёміцца з аўтарамі і выдаўцамі «Нашай Нівы»: Іванам і Антонам Луцкевічамі, Аляксандрам Уласавым, Вацлавам Ластоўскім. Ці варта казаць, што ён быў частым госцем у рэдакцыі «першай газеты з рысункамі»?
У 1911 годзе Браніслаў Тарашкевіч выпраўляецца ў Санкт-Пецярбург, дзе паступае на гісторыка-філалагічны факультэт. Зноў жа, як і ў выпадку з гімназіяй, ён не толькі вучыцца, але і далучаецца да нацыянальнага і культурніцкага жыцця беларусаў у тагачаснай сталіцы Расійскай імперыі. На той момант выхадцаў з нашага краю там было болей чым дастаткова.
Стваральнік граматыкі
Падчас вучобы ў расійскай сталіцы Тарашкевіч ставіць сабе звышамбітную мэту — стварыць першую беларускую граматыку, але справа гэтая цягнулася вельмі павольна. Вось як апісвае працэс яе стварэння літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч:
«Увогуле спачатку, калі нашаніўцы толькі даведаліся, што акадэмік Шахматаў шукае сабе аспіранта па беларускай мове, то вельмі хацелі паслаць у Пецярбург Максіма Багдановіча. Аднак хворага Максіма Адамавіча не выпусціў з дому бацька, і ў выніку ў 1911 годзе ва ўніверсітэт адправіўся іншы Адамавіч, абцёрты ў польска-беларускіх палітычных гуртках віленчук Браніслаў Тарашкевіч, па мянушцы Тарас. Ужо ў верасні 1913-га Янка Купала пісаў яму: „Што чуваць у вас з беларускай граматыкай? Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у „назидание“ маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце“. Але ўсе дэдлайны, канечне, былі завалены, і першая наша граматыка выйшла толькі ў 1918-м. А чаму — ясна чаму. БНР упершыню адкрыла шырокую сетку беларускіх школ, і падручнік быў патрэбны кроў з носу. Не было ўжо куды далей цягнуць».
Рэдакцыя «Нашай Нівы», 1910-я гады
Пры стварэнні граматыкі Браніслаў Тарашкевіч найперш браў за ўзор граматыкі рускай, польскай і чэшскай моваў. Але разам з тым ён хацеў максімальна падкрэсліць нацыянальную самабытнасць беларускай мовы, таму яе пісьмовы варыянт быў так не падобны да моваў суседзяў.
Выдадзеная ў Вільні «Беларуская граматыка для школ» вытрымала шэсць перавыданняў і першыя некалькі гадоў свайго існавання не зведала ніякай крытыкі з боку калегаў і апанентаў, што сведчыць пра высакаякасна зробленую працу. Менавіта па ёй доўгі час беларускія дзеткі вывучалі родную мову.
«Ах, як там добра!»
Акрамя навукі, Браніслаў Тарашкевіч займаецца палітычнай дзейнасцю, хаця доўгі час прыярытэт будзе менавіта на баку навуковай працы. Трэба адразу сказаць, што цягам усяго жыцця ён будзе зацятым прыхільнікам левых ідэяў, што ў выніку яго і пагубіць. Зрэшты, а ці былі тады ў беларусаў свае правыя партыі і рухі?
У 1917 годзе Тарашкевіч далучаецца да Беларускай сацыялістычнай грамады, а неўзабаве робіцца адным з яе лідараў. Абвяшчэнне БНР у сакавіку 1918 года ён сустракае ў Мінску, але актыўнага ўдзелу ў дзейнасці не прымае. Паралельна з гэтым ён супрацоўнічае з Беларускім нацыянальным камісарыятам у Петраградзе. Праўда, ягоны раман з бальшавікамі ўсё ж неяк не складаецца, і ён выязджае летам 1920 года спачатку ў Варшаву, а потым і ў Вільню.
Рыжскі мір, які ўвесну 1921 года падзяліў беларускія землі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, хавае спадзеў на тое, што беларуская справа можа быць паспяховай. Праўда, Тарашкевіч не адчайваецца.
Годам раней, у кастрычніку 1920 года, на яго роднай Віленшчыне з’яўляецца дзіўнае дзяржаўнае ўтварэнне — так званая Сярэдняя Літва. З’явілася яна адразу ж пасля Сувалкаўскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Літвой, паводле якой Віленскі край адыходзіў апошняй. Незадаволеныя жаўнеры польскага войска пад камандай генерала Люцыяна Жалігоўскага выйшлі з падпарадкавання і ўчынілі «бунт», выгнаўшы літоўцаў з Вільні. Але гэта толькі прыгожая афіцыйная версія, бо галоўным архітэктарам стварэння яшчэ адной «непрызнанай рэспублікі» быў насамрэч сам Юзаф Пілсудскі, які не збіраўся нікому аддаваць сваю малую радзіму, але быў звязаны абавязацельствамі перад заходнімі саюзнікамі.
Браніслаў Тарашкевіч, як і многія іншыя беларускія актывісты, вырашыў скарыстаць сітуацыю на сваю карысць. Па прапанове ўрада Сярэдняй Літвы ён займае пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. Пры яго спрыянні адкрываюцца беларускія школы, якіх па ўсім краі ўвесну 1921 года было адкрыта 186. А летам таго ж года пачынаецца стварэнне Таварыства беларускай школы, якое будзе ліквідаванае палякамі толькі ў 1936 годзе.
Сярэдняя Літва праіснавала некалькі гадоў і потым была далучана да Польшчы шляхам выбараў у Часовы Сойм, якія адбыліся 8 студзеня 1922 года. Беларускае і літоўскае насельніцтва краю па закліку сваіх лідараў збольшага праігнаравала гэты плебісцыт, у выніку чаго была абрана большасць дэпутатаў, якія выступалі за ўваходжанне ў склад Польшчы. Пры чым тут Тарашкевіч? А ўсё проста — ён актыўна заклікаў беларусаў не хадзіць галасаваць.
Пасля далучэння Віленшчыны да Другой Рэчы Паспалітай, як тады называлі Польшчу, Тарашкевіч не спыняе сваёй палітычнай дзейнасці. Наадварот. Ён актыўна піша, публікуецца, выступае з пракламацыямі, абіраецца дэпутатам у польскі сейм. У 1925–1927 гадах Тарашкевіч адзін з арганізатараў i старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады — левай партыі, якая налічвае сто тысяч сяброў.
Вось як пісаў пра Грамаду і яе лідара ўзору 1926 года ў сваёй знакамітай аповесці «У кіпцюрох ГПУ» драматург Францішак Аляхновіч:
«У Вiльнi шырыла свае ўплывы „Грамада“, захоплiваючы ўсiх; там, у БССР, яшчэ трывала распачатая Ленiным „перадышка“, новая эканамiчная палiтыка i давала магчымасьць свабадней уздыхнуць. На рынках зьявiлiся прадукты вёскi, у крамах было даволi спажывецкiх тавараў.
Праводжаная энэргiчна, паводле загаду зьверху, беларусiзацыя ня надта падабалася старым расейскiм чыноўнiкам, якiя апанавалi ўсе савецкiя ўстановы ў Менску, але цешылася беларуская iнтэлiгенцыя з таго i гэтага боку гранiчнае мяжы. У беларускай сацыялiстычнай савецкай рэспублiцы беларусы бачылi свой П’емонт, якi злучыць парэзаныя рыскiм трактатам беларускiя землi.
Дык няма дзiва, што на Вiленшчыне шырылiся рэвалюцыйныя настроi, а вочы ўсiх зварачалiся на ўсход, дзе...
...ах, як добра!..
А „Сялянска-Работнiцкая Грамада“ дапамагала гэтым настроям пашырацца яшчэ болей.
Толькi маленечкая група беларусаў, якая гуртавалася ў „Беларускай Часовай Радзе“, процiставiлася „Грамадзе“ й вяла палiтыку г. зв. „палёнафiльскую“.
Лiдарам „Грамады“ быў атуманены бальшавiкамi iдэйны беларус Бранiслаў Тарашкевiч, на чале „Рады“ стаяў кар’ерысты i „тёмная лiчность“ др. Арсен Паўлюкевiч».
«Ах, як там добра!» — не выпадковая ў гэтым тэксце фраза, бо менавіта з яе пачынаецца згаданая вышэй аповесць Аляхновіча.
У 1927 годзе польскія ўлады разграмілі «Грамаду», а самога Тарашкевіча адправілі за краты на 12 гадоў зняволення, якія потым паменшаць да 8. А ў траўні 1930 года Браніслаў Тарашкевіч будзе датэрмінова выпушчаны з вязніцы і зноў возьмецца за палітыку.
Праз год, у лютым 1931 года, Тарашкевіч будзе арыштаваны паўторна і ў лістападзе 1932 асуджаны на 8 гадоў турмы. Адбываць прысуджанае пакаранне Тарашкевіч будзе ў асноўным у Гарадзенскай турме, дзе перакладзе на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
Яго прасавецкая арыентацыя адыграла ў ягоным жыцці ракавую ролю.
Браніслаў Тарашкевіч з сям'ёй
«Бронюсь, куды ты ідзеш?»
Францішак Аляхновіч, наслухаўшыся прасавецкай прапаганды, выедзе ў савецкі Менск яшчэ ўвосень 1926 года і будзе арыштаваны ГПУ на пяты дзень атрымання савецкага грамадзянства — 1 студзеня 1927 года. Дзеячы беларускай культуры будуць спрабаваць адстаяць вядомага драматурга, Якуб Колас нават будзе збіраць подпісы ў ягоную абарону. Але па выніку Аляхновіча ўсё адно асудзяць на 10 гадоў лагераў у Салаўках. З якіх ён адсядзіць амаль 7. І Тарашкевіч адыграе ў яго жыцці не апошнюю ролю.
5 верасня 1933 года непадалёк ад чыгуначнай станцыі Коласава адбудзецца абмен палітвязнямі паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Беларуса будуць мяняць на беларуса. Вось як сам Аляхновіч апісаў гэты эпізод у аповесці:
«Я ўжо вырозьняваў твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень „капiталiстычнага гаспадарства“ меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты... Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце...
Тарашкевiч iшоў, гледзячы на мяне зь ня выразнай усьмешкай на твары.
Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi...
Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi. Звычайныя вастрожныя камплiмэнты: „Добра выглядаеш“. — „Ты таксама“. — „Дзякуй, але сумляваюся“...
Пасьля — колькi горкiх словаў за манлiвыя мiражы, але тут спынiў нашую гутарку старшыня польскае рэпатрыяцыйнае камiсii:
— Panowie mieli mówić o sprawach prywathych, a panowie mówia о polityce...
A савецкi гэнэрал, пачуўшы нашую гутарку „на политические темы“, ня ведаў, што рабiць, быў „захвачен врасплох“.
Урэшце — апошняе халоднае пацiсканьне рук.
— Бывай здароў!..»
Паводле адной з легендаў, Францішак Аляхновіч кінуў Браніславу Тарашкевічу рытарычнае — «Бронюсь, куды ты ідзеш?».
Станцыя Коласава, 1938 г
Пасля абмену Тарашкевіч апынуўся ў Маскве, дзе працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце. У пачатку траўня 1937 года ён будзе арыштаваны як «крупнейший белорусский нацдем». А праз год, 29 лістапада 1938 года, яго расстраляюць у мінскай турме.
Адбіткі пальцаў Тарашкевіча ў паліцэйскай картатэцы
У 1957 годзе Тарашкевіч будзе рэабілітаваны за адсутнасцю складу злачынства. Але павольнае вяртанне ягонай асобы з нябыту пачнецца толькі ў другой палове 1960-х.
Сёння яго імем названыя вуліцы ў Мінску, Маладзечне і Радашкавічах.
Л. Г., budzma.org