Дзяніс Гур’еў, генеральны дырэктар групы кампаніяў Webcom media, адказвае на пытанне, што значыць для беларускага бізнесу і рэкламнай прасторы, існаванне Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Аднак», а таксама згадвае пра адметнасці і праблемы прасоўвання беларускіх сайтаў.
«Прасоўванне бізнесу ў інтэрнэце – нашая праца.
Байнэт, як мы нядаўна пераканаліся на “Тыдні байнэту”, ужо амаль дагнаў па ўзроўні развіцця “старэйшага брата” – рунэт. Беларускі бізнес шырока прадстаўлены ў інтэрнэце, актыўна ўзаемадзейнічае са спажыўцом і вырашае даволі складаныя маркетынгавыя задачы.
Але ўсё гэта адбываецца… на рускай мове.
Яндэкс абвясціў аб падтрымцы пошуку па-беларуску даўно – у 2009 годзе. У Мінску паспяхова працуе офіс Яндэкса. Другі пошукавы гігант – Google – лёгка (і цалкам нядрэнна) перакладае на беларускую мову і таксама ўмее шукаць па-беларуску. Аднак калі ўводзіць пошукавыя запыты на беларускай мове, вы знойдзеце зусім няшмат матэрыялаў.
І гэта якраз тая прычына, з якой мы з вялікай цікавасцю ставімся да ўсіх мерапрыемстваў на беларускай мове.
Каб у інтэрнэце можна было знайсці беларускія рэсурсы, яны там павінныя быць – і іх павінна быць шмат. Пытанне пошуку па кантэнце пачынаецца з наяўнасці самога кантэнту. А беларускі кантэнт, на жаль, вельмі невялікі па аб’ёме. І вырашаецца гэтая праблема толькі адным, марудным і даволі стратным, спосабам. Беларускую масу кантэнту трэба нарошчваць. Пастаянна, планамерна, якасна.
Тады і SEO “пачне размаўляць па-беларуску”.
Мы таксама робім свой унёсак у “беларусіфікацыю байнэту”. У нашай кампаніі ёсць беларуская версія сайта, якая папаўняецца навінамі адначасова з RU-версіяй. Адзін з нашых цяперашніх праектаў – беларуская версія сайта буйнога беларускага банка. Этап перакладу на родную мову пройдзены, сайт будзе прасоўвацца па беларускіх запытах.
І фестываль AD.NAK! для нас – гэта яшчэ адна крыніца каштоўнага, сакавітага, цікавага беларускага кантэнту. Менавіта таму мы тут, менавіта таму бяром актыўны, а не намінальны ўдзел. Кожны беларускамоўны праект робіць байнэт больш аўтэнтычным, больш моцным і яскравым. Патрыятызм – не пустое слова, за ім павінная стаяць справа.»
Крыху пра Фестываль:
Асноўная канцэпцыя Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! — «Годны шлях рэкламіста». У цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю — асоба самога стваральніка. Шосты AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!