Дзяржаўнае радыё «Віцебск»: «Песьні па-беларуску мы не ставім»

Музычны рэдактар радыёстанцыі Дар’я Пацехіна адкрыта заявіла, што песьні на беларускай мове не ратуюцца ў іх этэры.

Тое, што большасьць беларускіх радыёстанцый лічаць кампазыцыі жорсткім нефарматам толькі за тое, што яны праспяваныя на беларускай мове, пацьвердзілася чарговы раз. Лідэр гурта HandmadE Яўген Валошын сутыкнуўся з адмовай, калі прапанаваў да ратацыі на радыё «Віцебск» сваю новую песьню «Нямое кіно». Музычны рэдактар радыёстанцыі Дар’я Пацехіна атрымаўшы аўдыёфайл адразу папярэдзіла ў карэктнай форме, што творы на беларускай мове яны не ратуюць. «Не хачу, каб гэта выглядала на скаргу, бо дзяўчына з радыё з увагаю паставілася да майго звароту, паслухала, адказала. Проста такая сытуацыя склалася канкрэтна ў Віцебску, я думаю. Даюць свае вынікі помнікі прарасейскім дзеячам. Ды яшчэ можа недагляд мясцовага адзьдзелу культуры, які курыруе гэтае радыё», – пракамэнтаваў для Tuzin.fm гэты выпадак лідэр HandMade.

Песьні гэтага гурта ратуюцца на іншых беларускіх дзяржаўных радыёстанцыях, у прыватнасьці на радыё «Гродна»,  «Мінская хваля», радыё «Сталіца». Гурт таксама пастаянна запрашае на здымкі тэлеканал АНТ.

tuzin.fm