Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурныя публікацыі трох дзяржаўных СМІ, каб вызначыць ключавыя наратывы і ідэалагічныя акцэнты.
Скрыншот са старонкі «СБ. Беларусь сегодня»
«Мы прааналізавалі сайт выдання «СБ. Беларусь сегодня», навінавы партал Белтэлерадыёкампаніі (news. by) і сайт інфармагенцтва БелТА. Аналізаваўся перыяд з 8 па 14 снежня 2025 года», — напісана ў сацсетках прадстаўніцтва.
У аналіз уключаліся ўсе публікацыі, размешчаныя ў раздзелах «Культура» на згаданых рэсурсах. Агульная колькасць прааналізаваных матэрыялаў — 79.
Матэрыялы ўмоўна падзяляліся на тры катэгорыі:
— нацыянальна арыентаваныя, якія прысвечаны беларускай культуры і напісаны без выразнага ідэалагічнага пасылу — напрыклад, навіны пра ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА неглюбскай тэкстыльнай традыцыі;
— прарасейскія, якія цалкам прысвечаны расейскім мерапрыемствам і/ці творам або маюць яўны прарасейскі наратыў;
— прапагандысцкія без расейскага адцення.
Колькасная прысутнасць культурных матэрыялаў:
— 42 публікацыі на сайце «СБ. Беларусь сегодня»
— 20 публікацый на сайце news. by
— 17 публікацый на сайце БелТА
Пры гэтым на ўсіх трох рэсурсах культура разглядаецца не як самастойная сфера, а як дадатковы канал трансляцыі дзяржаўных і прарасейскіх наратываў. Незалежная культура, лакальныя ініцыятывы і неінстытуцыянальныя формы творчасці практычна не прадстаўлены.
А цяпер разгледзім кожнае СМІ асобна.
Усяго прааналізавана 42 публікацыі. З іх:
20 (47,6%) — прарасейскія;
14 (33,3%) — прапагандысцкія;
8 (19,1%) — нацыянальна арыентаваныя.
Асноўныя назіранні:
— высокая доля матэрыялаў, прысвечаных расійскім і савецкім культурным дзеячам, памятным датам і мерапрыемствам у межах «саюзнага» кантэксту;
— сістэматычнае выкарыстанне тэматыкі Другой сусветнай вайны як ключавога элемента культурнай памяці;
— рэгулярнае падкрэсліванне ролі і «заслуг» Аляксандра Лукашэнкі ў сферы культуры. Улічваючы падпарадкаванне выдання Адміністрацыі прэзідэнта, культурны кантэнт фактычна выконвае функцыю легітымізацыі ўлады і яе ідэалагічнага курсу.
Усяго прааналізавана 20 публікацый. З іх:
10 (50%) — яўна прапагандысцкія;
8 (40%) — прарасейскія;
2 (10%) — нейтральныя.
Асноўныя назіранні:
— сайт Белтэлерадыёкампаніі агулам мае нізкую долю матэрыялаў, прысвечаных культурным падзеям;
— дамінаванне кантэнту, звязанага з уласнымі тэлевізійнымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі, у прыватнасці шоу «Х-фактар» (перадача з удзелам расейскіх і праўладных «зорак»);
— уяўленне пра культуру як пра забаўляльны і ідэалагічна бяспечны прадукт, пазбаўлены крытычнага вымярэння.
Усяго прааналізавана 17 публікацый. З іх:
7 (41,2%) — прарасейскія;
6 (35,3%) — прадзяржаўныя;
4 (23,5%) — нацыянальна арыентаваныя.
Асноўныя назіранні:
— абмежаваная колькасць культурных публікацый у параўнанні з палітычнымі матэрыяламі;
— адсутнасць незалежных культурных ініцыятыў і дамінаванне дзяржаўных устаноў і афіцыйных мерапрыемстваў у культурнай павестцы;
— культура ў падачы БелТА выступае выключна як інстытуцыяналізаваная і падкантрольная дзяржаве сфера.
Праведзены аналіз сведчыць, што дзяржаўныя СМІ сістэмна выкарыстоўваюць культурныя рубрыкі як інструменты ідэалагічнага ўздзеяння. Культура ў гэтых медыя пазбаўлена аўтаноміі, функцыянуе ў межах дзяржаўнай і «саюзнай» ідэалогіі, выкарыстоўваецца для нармалізацыі прарасейскіх і ідэалагізаваных наратываў. Такім чынам, культурны кантэнт выступае не альтэрнатывай палітычнай прапагандзе, а яе лагічным працягам у больш мяккай і менш заўважнай форме.