Працягваем шэраг традыцыйных вандровак па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем наведаць Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае процьма цікавых архітэктурных і прыродных помнікаў, магілы славутых месцічаў, цікавыя гістарычныя мясціны. Сёння рушым непасрэдна ў цэнтр раёна — горад Дзятлава з прыгожым барочным касцёлам і старасвецкім шляхецкім палацам, якія захаваліся да нашых дзён, да крушняў сядзібы ў фальварку Жыбартоўшчына ды ў вёску Наваельня, дзе захавалася старая чыгуначная станцыя, узведзеная на пачатку ХХ стагоддзя, мадэрновы касцёл 1936 года пабудовы ды шмат іншых цікавостак.
Фота: planetabelarus.by
Дзятлава
Дзятлава ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у сярэдзіне XV стагоддзя як двор Здзецел. Вядома, што ў 1498 годзе паселішча было падорана ў пажыццёвае валоданне з дазволам на будаўніцтва тут горада князем Аляксандрам Ягелончыкам вялікаму гетману літоўскаму, вядомаму дзякуючы бліскучай перамозе над маскоўскім войскам пад Воршай Канстанціну Астрожскаму. Існуюць звесткі пра тое, што гетман і пабудаваў тут першы драўляны замак, які прастаяў тут дзвесце год, пакуль не быў спалены шведамі ў 1708 годзе падчас Паўночнай вайны.
Дзятлава, Рынкавы пляц, 1874
Дзятлава, Рынкавы пляц, да 1939 года
На пачатку XVII стагоддзя Дзятлава ўзгадваецца ўжо як мястэчка, якім валодае славуты магнацкі род Сапегаў. Укладальнік Статутаў Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1624 годзе ўзводзіць тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай ПанныМарыі ў стылі ранняга барока з рысамі гатычнай традыцыі, пры якім будуе шпіталь. Храм месціўся на цэнтральнай Рынкавай плошчы, якая сёння мае назву 17 верасня. У 1743 годзе ў Дзятлава адбыўся моцны пажар, падчас якога пацярпела вялікая колькасць жылых будынкаў і згаданы касцёл. Тады і было прынятае рашэнне аб ягонай перабудове ў стылі віленскага барока.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фундаваў узвядзенне мураванага храма наступны ўладальнік Дзятлава Мікалай Фаўстын Радзівіл, праектаваў храм прадстаўнік ордэна бернардзінцаў архітэктар Аляксандр Асікевіч. Ягонай руцэ належыць і праект знакамітых касцёла і кляштара ў вёсцы Баруны, што на Ашмяншчыне. У 1882 годзе па чарговым пажары ў касцёле быў зменены дах. У астатнім яго можна пабачыць сёння амаль у аўтэнтычным выглядзе. Касцёл дзейнічаў і ў час Далучэння Дзятлава да Расійскай імперыі, і за савецкім часам. Унутры храма варта звярнуць увагу на сем алтароў у стылі ракако, захаваных ажно з XVIII стагоддзя, і на арган рукі майстра Вацлава Бярнацкага 1911 года.
Фота: planetabelarus.by
Фота: argany.by
Ужо згаданы чарговы ўладальнік Дзятлава Мікалай Радзівіл, фундатар касцёла, у 1751 годзе пабудаваў непадалёк ад храма, меркавана, на месцы замка Астрожскага, прыгожы палац у стылі ракако, які таксама можна пабачыць і сёння. Увесь сядзібна-паркавы ансамбль складаўся непасрэдна з палаца, гаспадарчых пабудоваў, пазней закладзенага за наступнымі гаспадарамі мястэчка Здзецел Солтанамі пейзажнага парку з некалькімі круглымі сажалкамі ды сістэмай водных каналаў з маляўнічымі масткамі праз іх.
Фота: planetabelarus.by
Палац Радзівілаў у Дзятлава, Напалеон Орда, 1861–1877
Апошнім уладальнікам дзятлаўскага палаца быў Станіслаў Солтан, які атрымаў Дзятлава, пабраўшыся шлюбам з дачкой Станіслава Радзівіла Францішкай. Ён валодаў мястэчкам з канца XVIII стагоддзя і да паўстання 1831 года, у якім прыняў актыўны ўдзел. Пасля паразы інсургентаў маёмасць Станіслава Солтана была канфіскаваная расійскімі ўладамі, якія праз час размясцілі ў прыгожым палацы казармы. На малюнках палаца канца ХІХ стагоддзя можна пабачыць вежы, якіх не мае сучасны будынак. Меркавана, яны былі страчаны акурат па перапланіроўцы сядзібы ў казармы. Напачатку ХХ стагоддзя, за польскім часам, у будынку месцілася школа, за савецкім часам у колішнім палацы размясціўся шпіталь.
Фота: planetabelarus.by
Фрагмент франтона палаца. Фота: wikimedia.org
Варта звярнуць увагу і на местачковую забудову Дзятлава, якая захавалася з канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Яна стварае ў сучасным паселішчы атмасферу тыповага беларускага мястэчка, якім яно выглядала яшчэ менш за сто год таму.
Фота: planetabelarus.by
У кіламетры ад Дзятлава можна пабачыць крушні сядзібы Жыбартоўшчына, якая была ўзведзена на пачатку ХІХ стагоддзя і належала дзядзьку Ігната Дамейкі. Тут пэўны час жыў вядомы айчыны дзеяч, філамат, будучы Нацыянальны герой Чылі з 1809 па 1812 год, як і 4 гады па вяртанні на радзіму ўжо ў сталым узросце.
Фота: fotobel.by
Ігнат Дамейка паступіў у Віленскі ўніверсітэт, сябраваў з Адамам Міцкевічам, удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гг., пасля паразы якога быў вымушаны эміграваць у Заходнюю Еўропу, жыў у Чылі, дзе праславіўся праз сваю навуковую дзейнасць як геолаг, мінеролаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэта.
Фота: fotobel.by
Будынак сядзібы захаваўся да нашых дзён у вельмі кепскім стане. За савецкім часам тут месцілася адно з аддзяленняў Дзятлаўскай раённай лякарні, якое кваліфікавалася на лекаванні людзей, што пакутавалі на алкагольную залежнасць. Але зараз будынак доўгія гады не выкарыстоўваецца і пустуе, таму паступова ператвараецца ў крушні. Некалькі год таму сядзібу набыў прадпрымальнік, які мае шмат планаў па яе аднаўленні. Будзем спадзявацца, што ўсё ў яго атрымаецца.
Фота: wikimedia.org
Наваельня
Далей на Дзятлаўшчыне прапануем рушыць у старажытнае мястэчка Наваельня, дзе да нашага часу захаваліся мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года — помнік гісторыі і архітэктуры канца ХVIII стагоддзя, праваслаўная царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі, узведзеная напрыканцы ХІХ стагоддзя, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, і шмат іншых цікавых сведак мінуўшчыны.
Фота: planetabelarus.by
Упершыню Наваельня ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад назвай Ельня ў 1451 годзе, калі вялікі князь Казімір перадаў яе ва ўласнасць Міхалу з роду Кезгайлаў. У ХVI стагоддзі паселішча ўжо мае сучасную назву Новая Ельня і ўзгадваецца як мястэчка ў Слонімскім павеце Наваградскага ваяводства. Паводле інвентару ад 13 красавіка 1641 года, у Новай Ельні гаспадарыў Стэфан Тызенгаўз, які збудаваў тут палаца-паркавы ансамбль, які, на жаль, ды нашых дзён не захаваўся. Але захавалася адна з нешматлікіх незруйнаваных калонаў, узведзеных напрыканцы ХVIII стагоддзя ў гонар абвяшчэння Канстытуцыі 3 траўня 1793 года. Не так даўно пачалася яе рэканструкцыя, застаецца спадзявацца, што помнік будзе захаваны.
У 1884 годзе была пракладзена чыгунка Вільня — Лунінец, і неўзабаве ў 1886 годзе ў Наваельні была адчынена чыгуначная станцыя. Будынак вакзала з’яўляецца галоўнай архітэктурнай перлінай Наваельні і сёння. Ён быў пабудаваны на месцы старой станцыі ў 1923 годзе. У архітэктурным стылі будынка дамінуюць рысы неабарока, што робіць яго вельмі адметным сярод шараговай забудовы Наваельні.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адным помнікам, на які варта звярнуць увагу ў вёсцы, з’яўляецца царква Нараджэння Божай Маці, узведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Храм будаваўся паводле тыпавога праекта пасля здушэння паўстання 1863–1864 гг. з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную архітэктурную традыцыю да расійскай. У народзе такія цэрквы называюць «мураўёўкамі» ад прозвішча генерал-губернатара Мураўёва, які і даваў загад будаваць такія цэрквы. Царква, якую мы можам пабачыць сёння ў Наваельні, была ўзведзена на месцы старога драўлянага грэка-каталіцкага храма 1755 года, які згарэў у 1847 годзе.
Багародзіцкая царква, Наваельня, 1900
Фота: planetabelarus.by
Варта звярнуць увагу ў Наваельні і на цікавы будынак касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса — помнік архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя, які знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Гэты каталіцкі храм першапачаткова быў збудаваны з дрэва ў 1936 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1957 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл і часткова зруйнавалі яго дзеля прыстасавання будынка пад кінатэатр. Толькі ў 1994 годзе храм вярнуўся да вернікаў.
Касцёл Сэрца Ісуса, Наваельня, 1936
Фота: planetabelarus.by
Фота: fotobel.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org