У мінскім прэс-клубе прэзентавалі нямецкамоўную версію кнігі Аляксандра Тамковіча “Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы – да сада надзеі”. На падзею, якая прайшла ў фармаце подыумнай дыскусіі, завіталі Святлана Алексіевіч, актывісты фонду “Дзеці Чарнобыля” і валанцёры з Германіі. Імпрэза падтрыманая культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».
Сярод гасцей – шмат дыпламатаў, прадстаўнікі Германіі, якія акурат вярнуліся з Лунінца, дзе наведвалі хворых дзетак, беларуская творчая эліта: Святлана Алексіевіч, аўтарка несмяротнай “Чанобыльскай малітвы”, Барыс Пятровіч, які сам паходзіць з Гомельшчыны, і інш.
Тамковіч адзначае, што ягоны зборнік не пра жыццё “пасля” Чарнобыля, а пра жыццё “з” Чарнобылем” – бо праблема актуальная, яна нікуды не знікла. Сам журналіст праехаў 5000 км па чарнобыльскай зоне, таму і праект – гэта зусім не кабінетная творчасць.
“Упэўнены, што тут няма чалавека, якога Чарнобыль не закрануў ніякім чынам, – кажа рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. – Разглядаць Чарнобыль і ўсё звязанае з атамам нельга эпізадычна – гэта глабальныя выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам. З аднаго боку –паніка і апакаліптычныя настроі. З іншага – самаўпэўненасць і недаацэнка небяспекі. Выхад – ведаць, думаць, рабіць высновы”.
“Супалі дзве катастрофы: сацыяльная і касмічная…”
Выхад Святланы Алексіевіч зала вітае авацыямі. Шмат у каго з беларусаў чарнобыльская катастрофа асацыюецца ў тым ліку з яе творчасцю.
“Тады, калі ўсё адбылося, я сутыкнулася з шакаваным чалавекам, які нічога не разумеў, – тлумачыць Алексіевіч, – дакладней, разумеў, што дзяржава падманвае, што трэба ратавацца – і ўсё. Цяпер па-іншаму, шмат інфармацыі, але шмат што трэба асэнсаваць. Трэба сёння казаць і пра Генадзя Грушавога і пра іншых… Супалі дзве катастрофы: сацыяльная (крах сацыялізму) і касмічная. Адно са злачынстваў улады – утойванне Чарнобыля. Інакш Бандажэўскі, які даследаваў тэму, не сядзеў бы ў турме… У нас усё наперадзе што да Чарнобыля”.
Імя Генадзя Грушавога, заснавальніка фонду “Дзеці Чарнобыля”, будзе гучаць на сустрэчы яшчэ не аднойчы. Для многіх беларусаў і замежнікаў ён стаў легендай: менавіта дзякуючы Грушавому тысячы беларускіх дзяцей атрымалі шанец на лекаванне і выезды на Захад. Мала хто цяпер памятае, але менавіта ён быў ініцыятарам першага Чарнобыльскага шляху, які адбыў 30 верасня 1989 года.
“Мы – маленькая ініцыятыва, але ў нас ёсць мэта!”
Тамковіч адзначае, што ён асабліва ўдзячны немцам, якія падтрымлівалі чарнобыльцаў на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Сёлета яны выступілі спонсарамі кнігі. Сапраўды, чаму немцы дапамагаюць і цяпер, калі з моманту катастрофы мінула 30 гадоў?
“Мы – маленькая ініцыятыва, арганізаваная пасля катастрофы, але ў нас ёсць мэта, – распавядае Ангела Геслер з Ротвайля. – Па-першае, каб пра Чарнобыль не забываліся. Па-другое, Чарнобыль яшчэ не скончыўся. Ён не на адным месцы, катастрофа расцярушаная па шырокай тэрыторыі, гэта праблема ўсяго свету. Па-трэцяе, мы супрацоўнічаем не толькі з Беларуссю, але і з японцамі – па Фукусіме. Хочам, каб людзі задумаліся над альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, зменшылі імавернасць чарговых катастрофаў”.
Спадарыня Геслер тлумачыць, што праблема больш глыбокая: рэч не ў безадказнасці падчас будаўніцтва і абслугоўвання ЧАЭС, а ў самім прынцыпе выкарыстання атамнай энергіі – небяспечнай і эканамічна небездакорнай.
“Саркафаг над памяццю і думкай”
Найбольш кранальнымі аказаліся выступы жанчын з “зоны”, якія працавалі разам з Грушавым, стаялі ля вытокаў ініцыятываў па дапамозе чарнобыльцам, найперш дзецям.
“Дзяржава спрабуе ўсімі сіламі схаваць памяць пра Чарнобыль, – кажа Валянціна Смольнікава, былы педыятр з Буда-Кашалёва. – Саркафаг усталяваны над памяццю і думкай пра Чарнобыль. Дзеці, якія нарадзіліся пасля катастрофы і выязджаюць за мяжу, не могуць нават распавесці пра гэтую праблему замежнікам – ім у школах аб гэтым не кажуць, тэма замоўчваецца. Гэта дзеці, народжаныя праз 20 гадоў пасля Чарнобыля. Здавалася б, прайшоў час… Але ці яны здаровыя? Не, у іх унутры уся табліца Мендзялеева!”
Марына Казакова пяць гадоў прадстаўляла фонд “Дзеці Чарнобыля” ў ААН, пачынала з валанцёрства. Жанчына тлумачыць, што ўсё пачалося з канферэнцыі па справах бежанцаў і перамешчаных асобаў, куды беларусаў парэкамендавалі ірландцы.
“Грушавы тады сказаў, – згадвае спн. Марына, – што чарнобыльцы – гэта нашы экалагічныя мігранты: яны вымушаныя ўцякаць, кідаць свае сады і магілы, экалагічная катастрофа паставіла іх у безвыходнае становішча. Падобныя праблемы ёсць і ў іншых частках свету. Напрыклад, праблема Аральскага мора ў Расіі. Калісьці чалавек адтуль падышоў да мяне пасля канферэнцыі і папрасіў пракансультаваць: “Як у вас атрымалася? Як нам стварыць фонд?”. То бок мы ўжо маглі перадаваць вопыт іншым”.
“Важу з сабой “Чарнобыльскую малітву”, каб чытаць дзецям”
Людміла Марушкевіч кіруе адной з праграмаў у фондзе, звязанай з дыябетам. Але чаму дыябет, якая сувязь? Усё проста: пасля катастрофы захворванні, звязаныя з імунітэтам, узраслі, у тым ліку дыябет. І цяпер гэтага больш – дзеці нараджаюцца з дыябетам!
“Раней мы рэестравалі 40 такіх дзяцей на год, – тлумачыць спн. Людміла, – сёлета на 12 красавіка зарэгістраваліся ўжо 38… Нядаўна сям’я з Гомеля звярнулася – адначасова захварэлі на дыябет усе дзеці. Гэта сур’ёзная праблема”.
Жанчына таксама распавядае, як нядаўна ставілі паклонны крыж на месцы яе вёскі. На крыжы пералічаныя жыхары, якія тут некалі жылі. Вёскі ўжо не існуе. На месцы іншых вёсак з’яўляюцца валуны, але чаму толькі цяпер? Чаму не сістэмна? Спн. Марушкевіч даводзіць, што дзецям у школах не кажуць пра праблему, ні ў Хойніках і Брагіне, ні ў іншых гарадах Беларусі – гэта агульная тэндэнцыя.
“Ведаеце, я важу з сабой “Чарнобыльскую малітву”, – працягвае жанчына, – чытаю дзецям першыя раздзелы, хоць гэта і не мой прадмет – я настаўніца матэматыкі. Дык адзін бацька прыйшоў лаяцца на гэты конт: “Чаго вы пужаеце дзяцей?” Вось што яму адказаць?.. А хлопчык адзін сказаў па-іншаму: “Гэта круцей, чым “Сталкер”. Мая мама, якая бачыла гэтую бяду знутры, пасля прачытання “Чарнобыльскай малітвы” сказала: “Цяпер я ведаю, што такое Чарнобыль”. Вельмі важна пісаць і ўвесь час нагадваць людзям пра гэтую катастрофу”.
Нагадаем, што раней ужо прэзентавалася беларускамоўная версія выдання. Нямецкая – больш поўная і аб’ёмная: калі ў беларускай было 354 старонкі, то ў нямецкай адных ілюстрацыяў больш за 300. На жаль, ні беларускі, ні нямецкі варыянт выдання купіць нельга – тыраж вельмі маленькі.
Алесь Кіркевіч
Фота: svaboda.org