На канцэрт чакаюць усіх жадаючых у гродзенскай кірсе 6 снежня ў 14.00. Мюзікл “Гадкае качаня”, напоўнены надзеяй і барацьбой, раскажа пра тое, як дзіця з цяжкай хваробай хоча быць прынятым людзьмі і ператварыцца з брыдкага качаняці ў прыгожую лебедзь. Гледачоў чакаюць яркая пастаноўка з вакалам і цудоўнымі касцюмамі. Усе маленькія артысты – падапечныя Гродзенскага дзіцячага хоспіса.
Аўтар карціны Кошалеў У.І.
Знакамітую казку Андэрсана перапрацавалі і паклалі на музыку валанцёры. Яны ж займаліся спевам і тэатральным майстэрствам са сваімі падапечнымі. Касцюмы дзецям шылі бацькі. А самі артысты рыхтаваліся да прадстаўлення больш за паўгады.
Галоўную гераіню, якую ўжо ахрысцілі гродзенскай Ларай Фабіян з-за незвычайна прыгожага голасу, сыграе гарадзенская школьніца Анастасія, прыкаваная да інваліднай каляскі. Як патлумачыла дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга, тэматыка тэатральнай пастаноўкі абраная невыпадкова: успрымаць дзяцей з інваліднасцю трэба без стэрэатыпаў, каб даць ім магчымасць раскрываць свае таленты.
На час прадстаўлення ў кірсе адкрыецца кірмаш-продаж сувеніраў і навагодніх вырабаў, зробленых рукамі дзяцей з інваліднасцю. У якасці падзякі за канцэрт жадаючыя могуць прынесці артыстам цацкі і канцылярскія тавары.
Сёння ў гродзенскі хоспіс уваходзіць каля 50 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі формамі захворванняў. Грамадскае аб’яднанне аказвае медыцынскае і псіхалагічнае суправаджэнне, а таксама валанцёрскую дапамогу ў хатніх справах. Пры арганізацыі працуе творчы гурток для выхаванцаў і моўныя курсы для бацькоў.
Тэгі: Гродна