Дзень роднай мовы ў Полацку

21 лютага ў гімназіі №1 Полацка адбылася творчая сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. У госці да гімназістаў і настаўнікаў завіталі паэты Антаніна Хатэнка, Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава.

Гаворка пра мову і гісторыю, пра слынных сыноў Полаччыны і светлыя шляхі Краю распачалася з песняў у выкананні Т. Матафонавай: “О Беларусь, мая шыпшына”, “Спадчына”, паланез “Развітанне з Радзімай”. А затым вучні пятых-шостых класаў разгадвалі дасціпныя загадкі ад М. Скоблы, хоць і нясмела, але падхоплівалі ўслед за паэтам знаёмыя радкі папулярных песень. І гучалі ў зале мелодыі на словы Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, сагрэтыя вуснамі юных палачан. Зацікаўлена гулялі дзеці і ў казку з А. Хатэнкай: сілай любові да сваёй зямлі грамадою ўдалося вярнуць на ганаровае месца пахаваныя нячысцікамі скарбы – мову, памяць і годнасць. І тады ў вызваленай ад зламыснікаў прасторы лёгка і ўдзячна называліся імёны адважных абаронцаў, таленавітых вучоных і пісьменнікаў, святых ахоўнікаў Полацка і Краіны – Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Сімяона Полацкага, Еўфрасінні Полацкай. І, вядома ж, ушанавалі выступоўцы знакамітага палачаніна, імя якога якраз і нададзена гімназіі, – Францішка Скарыны.

Завяршылася ж казачнае падарожжа ў гісторыю Айчыны традыцыйна, як і кожная гасціна беларусаў, – спевамі. Развітальна прагучаў “Школьны званок” –  і гімназісты радасна і неяк прасветлена дзякавалі сталічным гасцям і радаваліся падарункам ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

 

 

Тэгі: