Пра што пісалі ў дзённіках беларускія рэвалюцыянеркі? Падчас падзей 2020 года ўвесь свет захапляўся беларускімі жанчынамі. Аднак у жаночай рэвалюцыі на нашых землях глыбокія карані, пра якія вядома не так шмат. Мала хто назаве прозвішчы паплечніц Каліноўскага ці тых, хто стаяў поруч з братамі Луцкевічамі ў справе нацыянальнага адраджэння XX стагоддзя. Але некаторыя жанчыны, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях на беларускіх землях у розныя часы, пакінулі пасля сябе дзённікі. Праз іх мы можам пабачыць тыя падзеі іх вачыма, а таксама праліць святло на некаторыя цёмныя раней кавалачкі гісторыі.
Людвіка Ямант
Удзельніца паўстання 1863–1864 гадоў напрыканцы жыцця напісала ўспаміны пра падзеі тых часоў. Менавіта ў яе дзённіках сцвярджаецца, што ейная сястра Марыя была нявестай Кастуся Каліноўскага, з якім дзяўчаты былі асабіста знаёмыя. Людвіка ўваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні, удзельніцы якога займаліся распаўсюдам літаратуры і прэсы, рыхтавалі зброю і гатавалі ежу для паўстанцаў, клапаціліся пра зняволеных.
Яна пакінула пасля сябе некалькі сшыткаў рукапісаў на польскай мове, якія не перакладаліся на беларускую і захоўваюцца ў бібліятэцы ў Польшчы. У адным з іх яна распавядае, што за ўдзел у паўстанні была арыштаваная іх сям’я, і тады расійскія ўлады паставілі ўмову: брат Людвікі Юзаф не будзе пакараны смерцю, толькі калі дзве жанчыны з сям’і пагодзяцца «на паразу ў правах». Гэта прынялі на сябе маці Схаластыка і старэйшая сястра Марыя (тая самая нявеста Каліноўскага), бо «для мужчыны, які ўсё жыццё займаў адпаведную пасаду, гэта было б вынесці складаней, чым для жанчыны, якая не ведае межаў самаахвярнасці», — так яна пісала ў дзённіках. Так жанчыны сям’і выратавалі брата і сына ад смерці і былі пазбаўленыя часткі грамадзянскіх і палітычных правоў — сям’ю адправілі ў ссылку.
Дзённік Людвікі Ямант
Людвіка таксама дакладна апісала, як паліцмейстар Саранчаў, які ў той час служыў у Вільні, дапамагаў паўстанцам. Аднойчы — нават выратаваў жыццё Кастусю Каліноўскаму, калі наўмысна не заўважыў, дзе ён хаваўся. Ямант распавядала, што ваенныя атачылі дом, дзе Каліноўскі спыніўся ў Вільні, адразу пасля ягонага прыезду.
Дзённік Людвікі Ямант
Таксама Людвіка Ямант падрабязна апісвала, як жанчыны ўдзельнічалі ў паўстанні:
«...Пасля адной са стычак атрад Залескага, які хаваўся ў лясах, меў патрэбу, як звычайна ў такіх выпадках, у пастаўках наяўных грошай і папаўненні запасаў у лагеры. Такія пытанні звычайна вырашаліся намаганнямі аб’яднаных у групы жанчын, дзе кожная групка мела сваю кіраўніцу, звязаную, у залежнасці ад патрэбаў, з кім-небудзь з сябраў арганізацыі.
...Маючы абавязак пастаянна сачыць за патрэбамі зняволеных, мы даведаліся, што затрыманыя сяляне, якія знаходзіліся ў казармах так званага былога дома Зайкоўскага, пакутуюць праз адсутнасць чыстай бялізны і шмат якіх неабходных рэчаў. Мы з пані дамовіліся па чарзе дастаўляць туды ўсё, у чым яны маюць патрэбу. Каб мы пайшлі ўдзвюх, за намі служанка несла карзіну, якая была запоўненая бялізнай, цукрам, гарбатай, тытунем і г. д. разам са спісам змесціва карзіны. Брама казармы знаходзілася ў той час пры Антокальскай дарозе. Вязні ўбачылі з вакон, што мы іх выглядаем (пазней у такіх выпадках яны прысылалі падкупленага салдата, які забіраў карзіну, а пустую вяртаў нам)».
Магіла Людвікі Ямант на могілках Росы
Марыя Багушэвіч
Марыя Багушэвіч — публіцыстка і настаўніца, удзельніца польскага і беларускага рэвалюцыйнага руху супраць царскіх уладаў у канцы ХІХ стагоддзя. Яна нарадзілася ў Слуцкім павеце, а яе дзейнасць шчыльна звязаная з партыяй «Пралетарыят» — першай польскай рабочай партыяй, якая таксама мела ўплыў і на беларускія землі. Партыя мела на мэце пабудаваць сацыялізм.
Спачатку Багушэвіч узначальвала Таварыства Чырвонага Крыжа, якое дзейнічала пры партыі, а ў 1884 годзе, пасля масавых рэпрэсій і арыштаў сябраў «Пралетарыята», яна стала яе старшынёй. «У ліпені прайшлі тыя жудасныя масавыя арышты. Таму я вымушаная была ўзяць у свае рукі ўсё, што толькі было магчыма... Цяжкая праца, амаль ліхаманкавая», — пісала яна ў дзённіках.
Марыя выдавала партыйную газету, мела шчыльныя сувязі з цэнтрамі рэвалюцыі ў іншых гарадах. Дзякуючы яе намаганням, пасля моцнага ўдару расійскіх уладаў партыя аднавілася, перазапусціла дзейнасць большасці гурткоў на фабрыках Варшавы. У адрозненне ад большасці партыйцаў, Марыя Багушэвіч была супраць тэрору. Яна таксама распрацоўвала планы ўцёкаў сяброў партыі, якія трапілі за краты. Жанчына насіла ім у Варшаўскую цытадэль прадукты і бялізну, аднак хутка сама апынулася там: у ноч з 29 на 30 верасня 1885 года яе арыштавалі расійскія ўлады, і каля двух гадоў яна правяла ў зняволенні. Пасля гэтага была высланая ў Сібір, але захварэла і памерла ў Краснаярску ў 1887 годзе ў перасыльнай турме.
У апошняй дарозе яна паспела занатаваць свае ўспаміны ў «Дзённіку», адрасаваўшы яго свайму таварышу па партыі, які ішоў наступным этапам у Сібір. «Дзённік» быў выдадзены толькі на польскай мове. У ім Марыя распавядае пра настроі і погляды яе пакалення, традыцыі і звычкі часу, аднак у мэтах бяспекі амаль не называе імёнаў і падрабязнасцей. Спісаныя ўспамінамі лісты яна зашывала ў спадніцу. Наогул асцерагаючыся пераследу, Марыя і ейныя таварышы знішчалі любыя доказы сваёй дзейнасці — менавіта таму цяпер пра іх амаль нічога невядома.
У тым ліку ў дзённіках яна апісвала некаторыя сустрэчы гурткоў:
«Тым часам увесь гэты гурток, што складаўся з 30–35 чалавек, збіраўся штосуботу ў мяне. Кожны з іх па чарзе рыхтаваў нешта накшталт дакладу: нешта арыгінальнае, які рэферат пра што-небудзь. Шмат часу займалі ажыўленыя спрэчкі, а потым мы спявалі да позняй ночы. Я неяк трохі прахапілася, хоць часткова. Спачатку схапілася за працу, хацела забыцца пра сябе. Праводзіла лекцыі дома і ў горадзе, займалася гаспадаркай, чытала і г. д.»
Напрыканцы жыцця Марыя Багушэвіч таксама шмат разважала пра свае прынцыпы і матывацыю ўдзельнічаць у рэвалюцыі:
«Няўжо ж той, хто аднойчы адчуў вострую неабходнасць дзеяння дзеля дасягнення высокіх мэтаў, можа замкнуцца ў цеснай абалонцы індывідуалізму? Бачыш цяпер, што для мяне дарога, якой я іду, узнікла сама сабой. Інакш і быць не магло... Мяне горача заўпэўнівалі, што нават самая энергічная грамадская дзейнасць не можа замяніць усяго жыцця — я гэтаму не верыла і не веру».
Юліяна Менке (Вітан-Дубейкаўская)
Гэтая жанчына была нарачонай Івана Луцкевіча — аднаго з самых відных дзеячаў беларускага адраджэння ХХ стагоддзя. Аднак сказаць пра яе толькі гэта — значыла б не сказаць нічога.
Яна была немкай з купецкай сям’і, два пакаленні якой жылі ў Вільні, але моцна спрычынілася да беларускага руху. Яна ведала нямецкую мову, таму дапамагала стасавацца беларускім дзеячам з нямецкай уладай падчас акупацыі Вільні наконт прасоўвання права беларусаў на самавызначэнне і адукацыю. Напрыклад, Юліяна начамі апантана сядзела за перакладамі дакументаў. Яны дамагаліся таго, каб у горадзе былі распачатыя беларускія школы і гурткі, тэатр, выходзіла беларуская прэса. Акрамя гэтага, жанчына выкладала ў Віленскай Беларускай гімназіі нямецкую мову і педагогіку. Іван Луцкевіч памёр у яе на руках, пасля чаго яна працягнула беларускую справу. Праз пэўны час выйшла замуж за іншага беларускага дзеяча — Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Пасля смерці мужа Юліяна пераехала ў Германію, дзе напісала мемуары.
Кніжка «Мае ўспаміны» перакладзена на беларускую мову і дасяжная ў электронным варыянце. У ёй Вітан-Дубейкаўская апісвае падзеі, звязаныя з нацыянальным адраджэннем ХХ стагоддзя, сваю сям’ю і побыт таго часу, але большасцю яны звязаныя з Іванам Луцкевічам. Яна распавядае, як Іван шкадаваў выдаткоўваць грошы на сябе і хутчэй набыў бы новы экспанат у Музей, чым ежу, пра вячэры ў доме яе бацькоў, пра шпацыры з Іванам па вулках Вільні, пра пастановы п’есаў Францішка Аляхновіча, пра апошнія дні Луцкевіча. Адам Мальдзіс адзначаў, што з дзённікаў «можна даведацца мноства каштоўных звестак аб беларускім літаратурным жыцці пачатку ХХ стагоддзя».
У кнізе ёсць шмат апісанняў асобы Івана Луцкевіча, а таксама іх узаемаадносінаў з Юліянай:
«Гэтак і Іван. Яго беларуская справа — усё, потым ягоны шляхоцкі гонар, а затым ужо асабістае жыцьцё і шчасьце, гэта значыць і я. Ну так, ён чалавек ідэі, і як гэткага ж я яго й пакахала; ён ня ставіць сваё асабістае шчасьце на першым месцы, як я. Але лепш не чапаць гэтага балючага пытаньня, я ж яго не пераканаю й ня хочу быць непажаданай жонкай. Але ж мы кахаемся, дык наша любоў мусіць ператрываць усе няўзгоды часу, супакоіла я сама сябе».
Рушнік, які Юльяна Менке вышывала Івану Луцкевічу. Фота зробленае на выставе «Утканае» ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры
Юльяна не шмат піша пра сваю працу — магчыма, праз сціпласць. Але ў дзённіку ёсць апісанне часткі яе спраў у Беларускай гімназіі:
«У гімназіі праца шла б зусім добра, каб нас не данімаў бальшавіцкі камісарыят сваймі рэформамі ды зменамі ў праграмах. Як прадстаўнікі гімназіі ў Камісарыят асветы былі выбраныя тры асобы, у ліку якіх была і я. І вось мы мелі прыемнасць раз на тыдзень бываць у камісара асветы, таварыша Бярэзіна, мусіць раней нейкага Бэркэ із бундаўцаў, які як нэафіт-камуністы хацеў паказаць сваю камуністычную прававернасць і нас за кожным разам усё больш лаяў, як белагвардзейскую рэакцыйную банду, якая засела ў Беларускай Гімназіі, гразіў між нас зрабіць чыстку, даваў свае інструкцыі, якія ў той час былі невыканальныя. Да мяне ён меў асаблівую антыпатыю, таму што я бараніла інтарэсы вучыцеляў і навуковую праграму гімназіі й не пела хвалу камунізму. У гімназіі я прасіла звольніць мяне нарэшце ад гэтага прадстаўніцтва, казала, што нэрвы мае не вытрымоўваюць і яшчэ добра зрэжуся з Бярэзіным, але не знаходзіліся ахвотнікі мяне замяніць, і дырэктар казаў мне:
— Вы ўмееце бараніць нашыя справы, да вас як да жанчыны, затым немкі, ня так прычэпяцца».
Як сведка тых падзей Юльяна апісвае сустрэчы і працу беларусаў у тыя часы:
«...Нашы ўкраінскія госьці, таксама Антон і Іван казалі прамовы палітычнага зместу: што вялікае змаганне на франтох прывядзе да развалу старога парадку і што ўсе сілы паняволеных народаў мусяць быць напружаныя, каб стварыць новы, лепшы лад, дзе кожны народ куе сваё самастойнае жыцьцё й жыве ў братняй згодзе з суседзямі, і падкрэсьлілі дружбу ўкраінскага народу з беларускім.
...Магу сказаць з спакойным сумленьнем, што ўсе злосныя гутаркі людзей, непрыязных братом Луцкевічам, што быццам яны за працу ў газэце „Гоман“ атрымлівалі грошы, або наагул бралі грашовыя дапамогі ад нямецкіх акупацыйных уладаў ¬— пустая брахня. Дай Божа, каб усе грамадзкія дзеячы мелі гэтак чыстыя рукі, як тады браты Луцкевічы.
За нямецкую акупацыю 1915–1919 гадоў Іван Луцкевіч нямала страціў здароўя сваймі пошукамі антыкаў і продажай іх — гэта быў адзіны даход Луцкевічаў, якія жылі вельмі скромна».
Вядома, гэта не ўсе дзённікі, у якіх беларускі апісваюць свой удзел у нацыянальна-вызваленчым руху і прагу да волі. Нам у спадчыну засталіся ўспаміны Ларысы Геніюш, Зоські Верас, Камілы Марцінкевіч, Паўліны Мядзёлкі, Алаізы Пашкевіч і Палуты Бадуновай. Чытаючы іх, можна не толькі больш зразумець сваю гісторыю, але і знаходзіць шмат паралеляў з сучаснасцю. І часам усведамлення глыбокіх каранёў нашай рэчаіснасці дастаткова, каб знайсці ў гэтым падтрымку і сваімі дзеяннямі напісаць новыя дзённікі беларускага жаночага супраціву.
Надзея Юр’ева, budzma.org