• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
21.06.2017 | Літаратура

Дзённікі «Экслібрыса»: Ганна Янкута пра планы, цяжкасці і самы сур’ёзны выклік у перакладчыцкай дзейнасці

Сёлета тэма конкурсу «Экслібрыс» — мастацкі пераклад на беларускую мову. Усім, хто жадае прыняць удзел, трэба паспяшацца, бо працы прымаюцца да 15 ліпеня. А пакуль ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прапануе пазнаёміцца бліжэй з яшчэ адным сябрам журы — перакладчыцай Ганнай Янкута.

Ганна Янкута. Фота Алены Казловай

Што для вас перакладчыцкая дзейнасць?

Калі я вучылася на пятым курсе, мне трапіўся рускі пераклад верша Баляслава Лесьмяна “Дон Кіхот”, зроблены Анатолем Гелескулам. Верш так мяне зачараваў, што я спачатку знайшла арыгінал, а пасля вырашыла і сама паспрабаваць перакласці яго на беларускую. У выніку пераклад паэзіі мяне зацягнуў: падлік складоў, падбор слоў з націскам на патрэбным складзе, выбар рыфмы — усё гэта нагадвала матэматычную задачу, якая абавязкова мае рашэнне. Доўгі час мяне цікавілі менавіта складаныя з тэхнічнага гледзішча вершы. Таксама было захапляльна працаваць з рознымі стылямі, мовай розных эпох, і шукаць усяму гэтаму адпаведнікі ў беларускай, уяўляць, як мог бы пісаць той ці іншы аўтар, калі б ён быў беларусам. А потым, калі я ўвайшла ў раду інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” і мы пачалі рабіць сваю перакладную серыю “PostScriptum”, мне ўжо стала цікава працаваць на вынік: разам з іншымі сябрамі рады ствараць канцэпцыю нумару, выбіраць творы для перакладу, укладаць зборнікі – рабіць усё, каб тым, хто захоча пачытаць нешта па-беларуску, было з чаго выбраць.

З якіх моў вам давялося перакладаць?

Я ведаю дзве замежныя мовы, ангельскую і польскую, і перакладаю пераважна з іх. У розныя часы вучыла таксама нідэрландскую, афрыкаанс і шведскую, таму ёсць пераклады і з гэтых моў, але я не магу сказаць, што добра іх ведаю, хоць дагэтуль магу нешта прачытаць са слоўнікам.  Трошкі спрабавала разбіраць вершы на нямецкай, ісландскай і ідышы (ёсць па некалькі перакладаў з кожнай з іх), пару разоў перакладала вершы з рускай. Па падрадкоўніках пераклала адзін верш з грэцкай і некалькі вершаў з партугальскай, французскай і чэшскай, а таксама дзве паўднёвасляванскія балады.

 УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

Распавядзіце, калі ласка, пра адзін з апошніх актуальных і істотных для вас перакладаў.

Адзін з самых важных для мяне аўтараў – польскі паэт Баляслаў Лесьмян. Ён выкарыстоўваў безліч неалагізмаў (такіх арыгінальных, што ў польскім літаратуразнаўстве іх так і называюць – “лесьмянізмы”), рэдкія дыялектныя словы, і яго вершы з тэхнічнага гледзішча настолькі дасканалыя, што пераклад іх – самы сур’ёзны выклік, з якім я сутыкалася. Напрыклад, ён шукае словы, да якіх у польскай мовы рыфмаў няма – і выдумляе гэтыя рыфмы. Мае пераклады з Лесьмяна друкаваліся ў “Дзеяслове”, “Літаратурнай Беларусі”, “ПрайдзіСвеце”, дзве казкі выйшлі ў зборніку містычнага апавядання “Вусцішны пакой”.


Як вы лічыце, якія пераклады зараз патрэбныя беларускаму чытачу?

Для таго, каб даць дакладны адказ на гэтае пытанне, напэўна, трэба праводзіць сацыялагічнае апытанне. Я ж магу сказаць, як прадаюцца нашы перакладныя кнігі з серыі “PostScriptum” — відаць, гэта адзінае даступнае мне вымярэнне патрэб беларускага чытача. Першая кніга Дойла пра Шэрлака Холмса, “Прыгоды Шэрлака Холмса”, разляцелася вельмі хутка, і мяне дагэтуль часта пытаюць, ці плануецца перавыданне. З другой кнігай, “Нататкамі пра Шэрлака Холмса”, усё чамусьці было горш — кніга яшчэ часам сустракаецца ў кнігарнях, хоць прайшло ўжо больш за паўтара года з яе выдання. Нядаўнюю кнігу, “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” Бюргера і Распэ (пераклад поўнай, “недзіцячай” версіі кнігі), “Кнігазбор” выдаў невялікім накладам, 250 асобнікаў, бо мы баяліся, што кніга не будзе запатрабаваная, аднак у выдавецтве сказалі, што наклад ідзе вельмі добра. Нядаўна выдавец Андрэй Янушкевіч выдаў яшчэ адну з нашых кніг — зборнік твораў Лаўкрафта “Кліч Ктулху”, і ў адным з інтэрв’ю сказаў, што за месяц продажаў з 400 асобнікаў засталося ўсяго каля 100. Напэўна, гэта значыць, што кніга патрэбная — у маштабах рынку беларускамоўных кніг.

Ганна Янкута. Фота з асабістага архіву перакладчыцы

Творы якога аўтара вы б хацелі абавязкова перакласці на беларускую?

Калі мы з сябрамі-перакладчыкамі пачыналі рабіць часопіс “ПрайдзіСвет”, мне хацелася перакласці на беларускую мову літаральна ўсё. Зараз мае жаданні нашмат больш сціплыя: я хачу, каб урэшце пабачылі свет усе тыя кнігі, якія мы пераклалі за гэтыя гады і якія дагэтуль не надрукаваныя: дзве аповесці Дойла пра Шэрлака Холмса, зробленыя мной і Кацярынай Маціеўскай, “Пітэр Пэн” Бары, перакладзены Уладзем Лянкевічам, “Чараўнік краіны Оз” Баўма, падрыхтаваны Сержуком Мядзведзевым, зборнік апавяданняў Гуліка пра старажытнакітайскага дэтэктыва, суддзю Дзі, і два зборнікі казак сучаснага нідэрландскага пісьменніка Тэлегена, перакладзеныя мой, і г.д. Хочацца падрыхтаваць і выдаць вялікія зборнікі твораў Гіёма Апалінэра і Генрыха Гайнэ (невялікія зборнікі абодвух паэтаў выйшлі нядаўна ў серыі “Паэты планеты”, але матэрыялу ёсць нашмат больш). Урэшце хочацца даперакладаць і выдаць раман Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Калі ўсё гэта будзе зроблена, можна будзе думаць далей, што яшчэ абавязкова трэба перакласці на беларускую.

Якія парады вы далі б перакладчыкам-пачаткоўцам?

Пераклад – гэта тое, чаму варта вучыцца, таму ўсіх перакладчыкаў-пачаткоўцаў я заахвочваю прыходзіць на Перакладчыцкую майстэрню Андрэя Хадановіча, куды можна прынесці на разбор сваю працу і паўдзельнічаць у разборы чужых. Таму што цяжкасці ў перакладзе паэзіі будуць адны, у перакладзе прозы – іншыя, свае асаблівасці ў перакладзе з польскай і свае – у перакладзе з ангельскай. Тут самае важнае – гэта практыка.

Ці можаце ўспомніць цікавую гісторыю, звязаную з вашай дзейнасцю як перакладчыка?

Перакладчыцкай дзейнасць — сама па сабе цікавая гісторыя, бо, перакладаючы твор, можна шмат дазнацца і пра твор, і пра аўтара, і пра мову, і пра эпоху, у якую твор быў напісаны. Часам для таго, каб адэкватна перакласці заблытанае месца, даводзіцца праводзіць сапраўдныя навуковыя росшукі. Напрыклад, у зборніку Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці” ёсць перакладзенае мной апавяданне “Берэніка”, якое пачынаецца эпіграфам з Ібн-Заята “Казалі мне сябры, што калі наведаю я магілу каханай, то атрымаю палёгку”. Мы з іншай перакладчыцай гэтага зборніка, Кацярынай Маціеўскай, патрацілі прыкладна паўдня, каб разабрацца з тым, хто такі гэты Ібн-Заят.

Для гэтага нам давялося прагледзець на Google Books некалькі старых каментаваных амерыканскіх зборнікаў По і пагартаць кепска адсканаванае выданне французскай “Усходняй энцыклапедыі” 1697 года, якое нам удалося знайсці ў адной электроннай бібліятэцы, у выніку чаго цяпер у беларускай кнізе “Маска Чырвонае Смерці” можна знайсці такі каментар: “Ібн-Заят Абу Джафар Махамед ібн Абд аль-Малек ібн Абан (памёр каля 830 г.) – арабскі паэт і палітычны дзеяч (візір пры халіфе аль-Мутасіме Абасідзе); звесткі пра яго падаюцца ў энцыклапедыі Бартэльмі д’Эрбло Маленвіля «Усходняя бібліятэка» (Bibliothèque Orientale, 1697), дзе сярод іншага паведамляецца, што Ібн-Заят быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу, і даецца кароткі пераказ элегіі, урывак з лацінскага перакладу якой прыводзіць Э. По і ў якой аўтар расказвае пра сваё каханне да рабыні. На параду сяброў наведаць магілу каханай, каб атрымаць палёгку, лірычны герой адказвае: “Ці ёсць у яе іншая магіла, апроч майго сэрца?” (паводле французскага перакладу арабскага тэксту)”.

Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Не толькі ў раманах сем’і распадаюцца «праз палітыку», а сяброў робяць ворагамі адрозныя жыццёвыя прынцыпы. Можа...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры

Любая краіна так або іначай адлюстраваная ў літаратуры. І звычайна гэтае адлюстраванне стварае або наўпрост звязанае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Пара перастаць называць польскім, літоўскім, рускім тое, што належыць беларусам

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і экс-дыпламат Павел Мацукевіч піша ў выданні "Новы час" пра рэпатрыяцыю нацыянальных...

valiancina_shauchenka
Гісторыя Асоба

Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага

31 траўня 1640 году на сьвет нарадзіўся хлопчык, якому наканавана было стаць на чале Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Як размаўляць з тымі, хто думае інакш
    Літаратура
    Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры
    Грамадства
    Пара перастаць называць польскім, літоўскім, рускім тое, што належыць беларусам
    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду
    Культура Літаратура
    Стартавала выдавецкая ініцыятва «33 кнігі для іншай Беларусі»
    Адукацыя
    Чытанкі, аўдыякнігі, размалёўкі, відэаспектаклі. Падборка карыснага кантэнту ад «Будзьма» для дзяцей і бацькоў
    Культура Рэлігія Паганства
    Ульяны, Куста, Рызыгры, Купалле. Што і як беларусы святкавалі ў чэрвені

Афіша

  • 03.06 — 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 03.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 03.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 03.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 03.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 03.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип