Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк узялі ўдзел у працы навукова-практычнай канферэнцыі настаўнікаў Дзяржынскага раёну 22 траўня. Канферэнцыя ладзілася ў памяшканні сярэдняй школы № 4 г. Дзяржынска.
Як зазначыў Эдуард Акулін, за апошні час паэты паспелі выступіць у пяці школах Койданаўскага краю. Сярод іх і Дзямідавіцкая этнашкола, саракагоддзе з дня ўтварэння якой якраз адзначалася падчас працы канферэнцыі. “Ды і адна з вызначаных тэмаў настаўніцкага форуму – “Выхаванне прыгажосцю. Шлях да духоўнай дасканаласці” – вельмі блізкая нам, як прадстаўнікам прыгожага беларускага пісьменства”, – паведаміў Эдуард Акулін.
“Сваімі выступамі перад настаўніцкай і вучнёўскай аўдыторыяй мы пастараліся давесці, што выхаванне ў нацыянальнай школе павінна грунтавацца ў першую чаргу на харастве беларускай мовы — нашага духоўнага скарбу, які пакінулі пасля сябе Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч…” – пракаментаваў падзею Эдуард Акулін.
Выступленне паэтаў у Дзяржынску адбылося пры падтрымцы культурніцкай акцыі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Дзяржынск