Акулін і Законнікаў у Оршы

Тры творчыя сустрэчы, прымеркаваныя да Тыдня беларускай мовы, правялі ў Оршы паэты Сяргей Законнікаў і Эдуард Акулін 3 верасня.
Вось што апавёў пасля паездкі на радзіму Уладзіміра Караткевіча Эдуард Акулін: “Сустрэчы, якія прайшлі ў гімназіі № 1, СШ № 20 і музеі Уладзіміра Караткевіча, можна смела залічваць на рахунак нашай творчай удачы. Дзякуючы цудоўнай арганізацыі з боку старшыні Аршанскага ТБМ Юрыя Нагорнага кожная імпрэза была распісаная як па нотах… А такому цёпламу і шчыраму прыёму, які падрыхтавалі нам землякі Уладзіміра Сямёнавіча, трэба яшчэ шмат каму павучыцца. Знайшлася ў нас хвілінка, каб ускласці кветкі да помніка нашага беларускага Ікара, бо хто яшчэ, акрамя У. Караткевіча, здалеў убачыць хараство нашай Бацькаўшчыны з вышыні птушынага палёту? Я маю на ўвазе яго бліскучае эсэ “Зямля пад белымі крыламі”. Вось чаму асноўны акцэнт у сваіх выступленнях мы рабілі на асобу Караткевіча. Варта дадаць, што ўсе тры сустрэчы прайшлі пры поўным аншлагу і далучыцца да хараства роднага Слова здалела каля пяцісот аршаўчан”.

Сустрэчы ў Оршы адбыліся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: