Экскурсія па самых значных помніках архітэктуры Гародні пройдзе 18 красавіка.
Маршрут экскурсii:
Экскурсія пачнецца з Замкавай гары, дзе размясціўся Стары замак. Мы пазнаёмімся з левым берагам Нёмана, Занёманскім фарштатам. Затым па масту пройдзем да каралеўскага палаца – Новага замку.
На вуліцы Замкавай пазнаемімся з пажарнай вежай, сінагогай, палацамі Храбтовічаў і Масальскіх.
На былым Рынку (плошча Савецкая) даведаемся пра гісторыю Езуіцкага і Бернардынскага кляштараў, палацаў Сангушкаў, Мураўёва і іншых старадаўніх пабудоваў. Узгадаем гісторыю страчанай спадчыны Рынку (Фара Вітаўта, Ратуша, палац Радівілаў).
Па былой Дамініканскай вуліцы (цяпер Савецкая) пройдземся да слаўнай Гарадніцы, дзе пабачым помнікі архітэктуры XVIII ст. і пачатку XX ст. (Лютэранская кірха, былое рамеснае вучылішча).
На вуліцы Элізы Ажэшкі дазнаемся гісторыю Пакроўскага сабору, жаночай гімназіі, доміка рамесніка, і абавязкова дома самой пісьменніцы Элізы Ажэшкі.
Па-беларуску экскурсію будзе праводзіць Таццяна Казак. Экскурсія бясплатная.
Пачатак экскурсіі: 18 красавіка ў 12.00
Працягласць: 2 – 2,5 гадзіны
Месца і час збору: статуя Вітаўта паміж Старым і Новым замкамі а 11.50.
Тэгі: Падляшша