Жыццё не стаіць на месцы, Віцебск намагаецца змяняцца разам з ім. Паспрабаваўшы на сабе салодкасці і непрыемнасці сталічнага жыцця і прымерыўшы ролю культуролага, паспрабуем разабрацца ў мінскіх феноменах і вырашыць, чаго ж не хапае Віцебску, а чым мы нават лепей.
Курсы “Мова ці кава”, “Мова нанова”
Людзі, якія вывучаюць беларускую, ёсць і ў Маскве? Курсы, распачатыя там беларускай журналісткай Кацярынай Кібальчыч, набылі такую папулярнасць, што Мінску было ўжо проста сорамна заставацца ў баку. Курсы вывучэння роднай мовы, разбаўленыя кавай і сэндвічамі, паспяхова адыснавалі сезон. І аднавіліся літаральна некалькі дзён таму, нават у двух варыянтах: у галерэі “Ў”, а таксама ў “Цэху”.
Што прываблівае? Фармат звычыйнай сяброўскай размовы, цікавыя тэмы і лектары – літаратары, журналісты, грамадскія дзеячы.
Віцебскіх аналагаў такога фармату заняткаў пакуль што не назіраецца, але вельмі хочацца.
Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”
Хто не быў у галерэі “Ў”, той не быў у Мінску сапраўднага беларуса. Творчая прастора, стала культавым месцам. Тут у кнігарні праходзяць літаратурныя сустрэчы; тут жа ладзяцца самыя цікавыя выставы маладых беларускіх мастакоў; толькі тут – аблюбаваная дзяўчатамі крама дызайнерскіх рэчаў і адзінае месца, дзе можна выглядаць інтэлігентна з віном у 11 гадзін раніцы – Ў-бар.
Карацей, туды можна не проста наведвацца, а амаль што жыць: чытаць кнігі выдавецтва “Логвінаў”, разглядаць карціны, слухаць касмічную музыку і сілкавацца сэндвічамі.
Рок-бары (“TNT rock club”, “Крылы”, “Графіці”)
«Все мы немножко рок-н-ролльщики», — так і цягне мяне перарабіць Маякоўскага. Гэта да таго, што калі вы раптам пачулі патрэбу ў жывой музыцы, ці ў вас проста цудоўна-вольная пятніца, мінскія рок-клубы з задавальненнем адчыняць для вас свае дзверы са шматкамі гітар замест дзвярных ручак (як у TNT) і акунуць вас у свет маладых рок-гуртоў Беларусі. Паслухаць Паліну Рэспубліку, “Краму” ці навамодных Infracoraline можна амаль што кожны месяц, што, згадзіцеся, прыемна.
Усім віцебскім зразумела, дзе бавяць час сапраўдныя рок-н-рольшчыкі — Beatles-club «Чердачок». Лаяльная сістэма ўваходу, унікальная атмасфера і кола сталых наведвальнікаў, якія ведаюць адно аднога. Праблема толькі адна: кожны вечар туды не паходзіш. А мо, так і лепей? Здароўе не жалезнае, ды й прыемнага павінна быць трошкі.
Кава take-away
Каву, якую ў неверагоднай колькасці спажывае Мінск, тут можна набыць прыкладна праз кожныя дзвесце метраў твайго шляху. І гэта, ведаеце, ужо не напой, а просто філасофія і, у рэшце рэшт, вельмі зручная і неабходная зімой штука, да якой вельмі хутка абвыкаеш. А мінскія студэнты, галоўныя спонсары кававай прамысловасці, увогуле не маюць пытання пра тое, што ім рабіць падчас сумнай пары і куды ісці: сеткавыя кавярні працуюць ледзь не абсалютна пад кожнай ВНУ.
Крэатыўныя кластэры (“Арт-сядзіба”, “Цэх”, “La Mora”)
Крэатыўныя кластэры — агульная назва для розных месцаў і устаноў, дзе праводзяцца выставы, імпрэзы, кінапаказы і г.д. Прыемнасць і незвычайнасць заключана ў тым, што кіроўцам такога мерапрыемства ты можаш стаць сам: калі хочаш расказаць усім пра японскі жывапіс, ці правесці майстар-клас па выцінанцы. Карацей, месцы, адкрытыя для актывістаў.
Тут людзі займаюцца тым, што называюць “самаразвіццё”. Напрыклад, зусім нядаўна “Арт-сядзіба” распачала другі сезон “Школы арт-менеджараў”. Прыйсці можна звычайным Васем, а выйсці клёвым і карысным грамадству чалавекам.
Гарадскія часопісы (“Таймер”, “Большой”, citydog.by)
Мінск — горад з амаль двухмільённым насельніцтвам, ён не можа абысціся без біёграфаў. І гэта не толькі газеты тыпу «Вечерний Минск», але і сучасныя сапраўды цікавыя выданні, як папяровыя, так і электронныя. Без іх рэгулярнага чытання ніводзін модны мінчук не вырашыць, куды пайсці ўвечары ў суботу. Кожнае з іх мае свой стыль, тэматыку і стылістыку: пра людзей, горад, трэнды, культуру і цікавыя месцы.
Тэгі: Віцебск, Віцебшчына