Этна-трыё «Троіца» сыграла на фэсьце Womad ў Чылі (відэа)

16.02.2016 Музыка

Гурт Івана Кірчука ўпершыню выступіў у Паўднёвай Амэрыцы.

Беларускі гурт на запрашэньне арганізатараў Womad Chili адыграў гадзінны сэт у заключны трэці дзень фэсту ў Сант’яга 14 лютага. На яго выступе на адной з галоўных сцэнаў прысутнічала каля 600 чалавек. «Нас вельмі добра прынялі, але мы ўсьведамлялі, што для слухачоў наш гурт – поўная экзотыка, – распавёў для Tuzin.fm удзельнік каманды Юры Паўлоўскі. – На сцэну выходзілі пераважна афрыканскія і лацінаамэрыканскія музыкі, была яшчэ група з Польшчы, але мы іх не пабачылі, занадта было мала часу і шмат працы».

Фэстываль Womad (фактычна гэта скарачэньне ад «World of Music, Arts and Dance») быў заснаваны 26 год таму Пітэрам Гэбрыэлам. Сьпярша ён праводзіўся ў Вялікабрытаніі, а потым распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце (Арабскія Эміраты, ЗША, Аўстралія, Чылі ды іншыя краіны). У 2001 Womad быў занесены ў  кнігу рэкордаў Гінэса, як найбуйнейшы музычны фэст плянэты.

Бліжэйшы выступ этна-трыё «Троіца» у Менску пройдзе 8 красавіка ў Тэатры эстрады.

 

 

Tuzin.fm, відэа Womad Chili