Ці здараліся з вамі сітуацыі, калі ад злосці аж мову занімала альбо «калаціла»? Чамусьці ў нашым грамадстве не прынята праяўляць свае негатыўныя эмоцыі. Асабліва, калі гэта публічнае месца ці малазнаёмая кампанія.
Але ж мы ўсе жывыя людзі і рэдка можам кантраляваць свае эмоцыі. Вось і атрымліваецца — эмоцыя злосці з’явілася, але мы яе «прыхоўваем», каб чаго пра нас не сказалі ці не падумалі. А эмоцыя нікуды не падзелася — яна асела ў нас. А пасля выплыве ў выглядзе хваробы, знікнення энергіі, дэпрэсіўнага стану. Альбо натуральнай істэрыкі «на роўным месцы».
У гэтым артыкуле сабралі для вас парады, як пражываць эмоцыі злосці без шкодных наступстваў для свайго здароўя і рэпутацыі.
1. Дазвольце сабе злавацца
Злавацца ў пэўных сітуацыях — гэта нармальна. Вы маеце права злавацца. Толькі рабіць гэта трэба свядома і экалагічна. Калі адчуваеце, што ў вас падымаецца хваля злосці, не гасіце яе, не намагайцеся прыхаваць, сцяўшы вусны і сціснуўшы кулакі. Проста скажыце сабе: «Я злуюся. Я маю на гэта права. Я злуюся таму, што...».
Фота 5sfer.com
Па-першае, усвядомленая эмоцыя губляе палову сваёй моцы і ўплыву на вашыя далейшыя дзеянні. Па-другое, дазволіўшы сабе пазлавацца з дакладным абазначэннем прычыны, вы здымаеце пачуццё віны, якое часта суправаджае негатыўныя эмоцыі. Часта мы злуемся і вінавацім сябе ў гэтым — бо «харошы» чалавек ніколі не злуецца.
Яшчэ прагаворванне сваіх эмоцый і дазвол на іх падкажа вам, што з імі рабіць далей. На кожны негатыў вы можаце скласці індывідуальныя алгарытмы. Напрыклад, калі я сумую — я п’ю гарбату з пірожным ці шакаладкай. Бо салодкае ўзбадзёрвае і дапамагае арганізму выпрацоўваць гармоны радасці. Калі я баюся — я бегаю, каб спаліць залішні адрэналін і г.д. Паэксперыментуйце і абярыце для сябе персанальныя «нейтралізатары» негатыўных эмоцый.
2. Тупайце нагамі
Вы бачылі, як праяўляюць злосць маленькія дзеці? Яны яшчэ непасрэдныя і не ведаюць, што злавацца — гэта дрэнна і непрыгожа. Таму яны інтуітыўна робяць тое, што патрэбна, каб эмоцыі не прычынілі шкоды здароўю.
На пятках размешчана вельмі шмат нервовых аканчанняў і важных кропак. Стымулючы іх, вы пазбаўляецеся ад празмернага напружання і заціснутасці, якімі часта арганізм рэагуе на эмоцыі злосці.
Няма ні на што сіл. 5 падказак, дзе іх знайсці
Канешне, прафесійны масаж ног тут будзе вельмі дарэчы. Але часцей за ўсё, злосць узнікае стыхійна і дамовіцца загадзя на сеанс масажу наўрад ці атрымаецца. А патупаць нагамі можна амаль паўсюль. Хіба што, калі вы едзеце ў ліфце, лепш дачакацца патрэбнага вам паверха. Альбо выходзьце на першым жа прыпынку і тупаціце нагамі ад душы па лесвіцы.
Дарэчы, бацькам варта ўлічваць гэтую параду. І, калі дзіцё злуецца, не замінаць яму выплёскваць негатыў. Наадварот, калі вы бачыце, што нешта не так з вашым малечай, прапануйце яму патупацець і паскакаць. Падтрымайце ўласным прыкладам. І вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.
3. Вада вам у дапамогу
Вада — сапраўдны скарб гэтага свету! Шклянка чыстай цёплай вады дапаможа бадай у любой сітуацыі. Калі вас калоціць ад злосці, пейце павольна, можна нават лічыць кожны глыток. Гэты занятак дапаможа суцішыць ураган эмоцый, а цёплая вада здыме спазм горла, які звычайна ўзнікае, калі чалавек злуецца. Да таго ж, за той час, што вы п’яце, можна прыдумаць, як зрэагаваць на дадзеную сітуацыю з найбольшымі выгодамі для вас.
Фото: Pexels.com
Таксама дапаможа прахладнае ўмыванне альбо (у цяжкіх выпадках) кантрасны душ. Зноў-такі, кантактуем з вадой свядома. Засяроджваемся на самім працэсе, уяўляем, што разам са струменьчыкамі вады змываецца і ўвесь негатыў. Канешне, ідэальна будзе, калі бліжэйшым часам знойдзецца магчымасць паплаваць альбо хаця б паглядзець на бягучую ваду хвілін 10-20.
Калі ж увогуле няма доступу да вады, можна ўявіць сябе пад струменьчыкамі чыстага халоднага вадаспада, якія змываюць усё дрэннае.
4. Напішыце ліст
Вядома, наймацнейшыя эмоцыі (на жаль, і негатыўныя таксама) у нас выклікаюць нашыя самыя блізкія людзі. І тут вельмі важна пражыць гэтыя негатыўныя эмоцыі тут і цяпер, не даць ім ператварыцца ў крыўду, якая будзе псаваць вашыя стасункі яшчэ доўгі час.
Калі склалася такая сітуацыя, вам дапамогуць звычайная асадка і 2 аркушы паперы. На першым пішам «оду» сваёй злосці. Не стрымліваем сябе, не карэктуем і не цэнзурым — пішам усё, што на душы. І чаму вы раззлаваліся, і наколькі моцна, і куды б хацелі зараз паслаць свайго «крыўдзіцеля»... Калі адчуеце, што ўсё, больш няма словаў, спаліце гэты ліст (парвіце на маленькія шматочкі, закіньце ў шрэдар).
На другім напішыце не менш за 10 (а лепш 20) падзяк вашаму апаненту за нешта дакладнае, што ён/яна для вас зрабілі. І, самае складанае, гэты спіс трэба агучыць таму, каму ён адрасаваны. Так у гэтага часовага непаразумення не застанецца ні ценю шанца сапсаваць вашыя адносіны.
5. Атрымлівайце карысць
Напэўна, вы не раз чулі, што «са злосці» ён/яна штосьці перамаглі, здолелі зрабіць. Так, злосць — гэта не толькі вар’яцтва і разбурэнне. Злосць — гэта рэсурс. Ваш уласны рэсурс. Калі мы злуемся, павышаецца выпрацоўка норадрэналіну. Ён выклікае моцны прыток крыві да мышцаў, што павышае нашу фізічную актыўнасць, пашырае бронхі, і гэта дапамагае дыхаць з большым эфектам.
Як даводзіць справы да завяршэння: практычныя парады
Такім чынам, злосць нясе ў сабе энергію. Выкарыстоўвайце яе на сваю карысць! Можна проста тупаць нагамі, біць посуд ці рваць паперкі. А можна прыкласці гэтую энергію на тое, на што ў вас звычайна не хапае сілаў, часу, жадання. Можна прыбрацца ў хаце, прабегчы рэкордную (для сябе) дыстанцыю, нарубіць дроваў, выйграць футбольны мач, правесці эфетыўную трэніроўку, ператанцаваць сваіх куміраў — усё, што падкажа ваша фантазія.
Памятайце — негатыўныя эмоцыі не трэба хаваць. Іх трэба пражываць тут і цяпер. Але пражываць так, каб гэта не нанесла шкоды вам і вашаму атачэнню. А яшчэ лепш — так, каб вы атрымалі ад гэтага яшчэ і карысць!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by